“А ЗАЧЭМ?”

Стала вядома, што 28 студзеня крамлёўскі кандыдат Медведев адмовіўся ад удзелу ў перадвыбарчых публічных дэбатах. Як кажуць у Крамлі — “а зачем?” Сапраўды, навошта фэхтаваць з некім на арэне, калі “Медведева і без того народ любіт і за него проголосует”. Успамінаецца прэзыдэнцкая кампанія на Беларусі ў 1994 годзе. Кандыдат Лукашэнка некалькі разоў “дэбатаваў на роўных” з кандыдатам Кебічам. Аднойчы, аднак, атрымалася, што ў Горках на Магілеўшчыне апынуліся дзьве выбарчыя каманды — фронтаўцы з кандыдатам Зянонам Пазьняком і лукашысты (Лебедько, Кучынскі, Ганчар і інш.) з Лукашэнкам. Сустракаліся кандыдаты з выбарцамі ў розных залях. Але група З. Пазьняка запрапанавала публічныя дэбаты з Лукашэнкам. Лукашысты замахалі рукамі і адмовіліся. Напалохаліся лукашысты. Страх дыктуе перадвыбарчыя паводзіны і ў Маскве. Здаецца, зачыстка электаральнай тэрыторыі завяршылася поўнай перамогай. З дарогі выкінулі нават М. Касьянава. Але баяцца пуціністы са сваім Медведевым. Баяцца нават бальшавіка Зюганава. Баяцца любой “нестандартнай сітуацыі”. А галоўнае — “зачем?”, калі і так з Крамля ўсяму сьвету заяўлена, што “Медведев будзе прэзыдэнтам”.

Алесь Хадасевіч