90-ГОДДЗЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ. ПАДЗЕІ Ў МЕНСКУ

Сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 24 сакавіка а 17:30 сабраліся ў цэнтры беларускай сталіцы, каб урачыста адзначыць вялікае нацыянальнае сьвята — 90-я ўгодкі незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Да помніка вялікаму песьняру Янку Купалу прышлі больш за пяцьдзесят чалавек: старэйшыя ўзростам і маладыя. Яны прышлі з кветкамі, несьлі Бел-Чырвона-Белыя сьцяжкі і стужкі. Патрыётаў сустрэла шматлікае прадстаўніцтва ўлады цемры. За будынкам Літаратурнага музэя Янкі Купалы стаялі аўтобусы з зацемненымі шыбамі, поўныя амонаў. Перад помнікам песьняру рассыпаліся міліцэйскія і гэбоўскія патрулі. Яны лезьлі да беларусаў, спрабавалі выгнаць людзей з пляцоўкі. Помнік быў аточаны штакетнікам-загароджай. Але людзі не зважалі на паліцэйшчыну і “ціхуноў”. Вялікай грамадой яны прайшлі да помніка Купалу і ўсклалі да яго кветкі. Засьпявалі беларускі гімн “Магутны Божа”. Гучаў покліч: “Жыве Беларуская Народная Рэспубліка! Жыве Беларусь!”

Раніцай таго ж дня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ адрэстаўравалі пяць крыжоў на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах. Вандалы вярнуліся на сьвятое месца ў ноч на каталіцкі Вялікдзень, каб тварыць сваю сатанінскую справу. У гэтую ноч і ўвесь час набліжэньня 90-х угодкаў БНР — Дня Волі рэжым калоціцца ад страху перад беларусамі, якія сьвяткуюць найвялікшае нацыянальнае сьвята. Сталіца поўная паліцэйшчыны ў мундзірах і цывільным. Задача паслугачоў рэжыму не дапусьціць, каб над нашай зямлёй залуналі Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі — напамін пра Волю і Незалежнасьць. Беларускія патрыёты адзначаюць чарговы Дзень Волі пад антыбеларускай акупацыяй. Але вечна так ня будзе. Мы на сваёй зямлі і мы пераможам!

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

24 сакавіка 2008 г.