КРАСАВІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

13 красавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Сакавік-2008” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

У апошні пэрыяд на тэрыторыі Беларусі назіраецца павышаная актыўнасьць акупацыйнай расейшчыны ў эканамічнай і гаспадарчай сфэрах. Расейцы пачалі будаўніцтва атрутнага прадпрыемства (завод па вытворчасьці пэстыцыдаў) у Пухавіцкім раёне. Горад Рагачоў на Гомельшчыне ўжо называецца рэжымнай прапагандай “горадам энэргэтыкаў”, бо там расейцы зьбіраюцца будаваць атамную станцыю. У пасёлку Сокал на Меншчыне рыхтуецца пабудова вялікага комплексу катэджаў і забаўляльных установаў для расейскіх акупантаў. Плянуецца нават пабудова аэрадрому для прыватных самалётаў расейскіх багачоў, якія будуць прылятаць на Беларусь для забавы. Наш народ павінен будзе абслугоўваць маскоўскіх алігархаў-бандытаў і іхныя банды. У сувязі з гэтым трэба чакаць вялікага размаху прастытуцыі, забойстваў і крымінальнай злачыннасьці ў цэлым.

Спробы беларускага насельніцтва супрацьпаставіцца захопу нашай зямлі і маёмасьці расейскімі бандамі душыцца структурамі мясцовага прамаскоўскага рэжыму. Мабыць Масква вырашыла, што завяршылася перамогай кампанія русіфікацыі і зьнішчэньня беларускай школы, культуры і мовы, што наш народ ужо ня здольны на салідарны супраціў.

Але сустрэчы зь людзьмі па ўсёй краіне сьведчаць аб адваротным. Для большасьці беларусаў стала канчаткова зразумела, што палітычная пасіўнасьць і імкненьне прыстасавацца да антычалавечага рэжыму не дазваляюць ацалець і пражыць камфортна. Любы грамадзянін, ягоная сямья і ягоныя дзеці ў любы момант могуць стацца ахвярамі “жывога шчыта”, наладжанага паліцэйшчынай на нашых дарогах. Нашы людзі жывуць пад пагрозай страты працы ў прыгоннай сістэме кантрактаў, заробкаў не хапае, каб нармальна жыць пры шалёным росьце цэнаў. А тым часам антыбеларускі рэжым, адкінуўшы дэкаратыўнае прыкрыцьцё, здае беларускую нацыянальную маёмасьць расейскім прыбышам. Людзі пачынаюць разумець, што застаюцца парабкамі, губляючы маёмасьць на сваёй зямлі. Партыя павінна гуртаваць усіх беларусаў, абуджаць у людзях чалавечую і нацыянальную годнасьць і пашыраць інфармацыю аб дзеяньнях варожых сілаў у нашай краіне. Толькі агульнанародны супраціў здольны сарваць падступныя пляны акупантаў.

Важнай тэмай абмеркаваньня стала дзейнасьць прамаскоўскай псэўдаапазыцыі. Брутальныя рэпрэсіі рэжыму на сёлетні Дзень Незалежнасьці прадэманстравалі фальшывасьць прапагандысцкай шуміхі пра нібыта “лібэралізацыю рэжыму, які гатовы пайсьці на саступкі”. Дзеячы псэўдаапазыцыі таксама павінны несьці маральную і палітычную адказанасьць за рэпрэсіўныя падзеі 25 сакавіка сёлета. Яны заклікалі моладзь на масавую акцыю ў Менску, а за дзень да акцыі заявілі, што “здымаюць з сябе адказнасьць”, ды схаваліся ў кустах. У выніку патрыятычная моладзь апынулася без кіраўніцтва і без яснага пляну дзеяньняў. На сумленьні папоў-гапонаў ад псэўдаапазыцыі таксама ляжыць доля адказанасьці за арыштаваных і зьбітых паліцэйшчынай людзей. Сваімі паводзінамі яны ўжо робяцца небясьпечнымі для іншых. Выглядае, што дзеячы псэўдаапазыцыі ў чарговы раз дзейнічалі, фактычна, разам з антыбеларускім рэжымам.

Пакуль што большасьць зь іх маўчыць на тэму сёлетніх “выбараў”, якія рыхтуе рэжым. Але ніхто з прызначаных ад псэўдаапазыцыі 117 “кандыдатаў” не зьняў з сабе паўнамоцтвы. Яны маўчаць да пары, каб потым ізноў ў каторы раз пагнаць нашых людзей на фальшывае выбарчае шоў. Трэба дэзавуіраваць гэтую публіку, казаць пра іх праўду. Нельга дапусьціць, каб правакатары зноў і зноў заводзілі ў тупік нашае грамадзтва і забясьпечвалі рэжыму фальшывую “перамогу”. Адзіным спосабам супраціву выбарчаму маразму зьяўляецца ўсенародны байкот рэжымных “выбараў”.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Сярод іншага яны распавялі пра “сустрэчы А. Мілінкевіча” у Ляхавічах і Баранавічах. Радыё Свабода дала фальшывую інфармацыю пра гэтыя ваяжы Мілінкевіча. На самай справе не было ніякіх “цёплых сустрэчаў”, “даверных пытаньняў і адказаў”, як паведамляў пра гэта для Радыё Свабода паліткансультант Мілінкевіча Кавалец (гэты “прапаршчык” вядомай залкулісы доўгі час быў “кансультантам” у В. Вячоркі). У згаданых гарадах сабраліся 7–8 чалавек, якія крыху пастаялі каля Мілінкевіча і разышліся. Прапагандысцкае надзьмуваньне гэтай пустышкі дэманструе яшчэ раз стан дэмаралізацыі мясцовай журналістыкі, якая абслугоўвае псэўдаапазыцыйныя колы і ўводзіць у зман наш народ.

Беларускія людзі не павінны назіраць пасіўна за тым, як акупанты разрабоўваюць і захопліваюць нашу краіну, зьнішчаюць нашы сьвятыні і ізалююць Беларусь ад цывілізаванага сьвету. Барацьба за нашу будучыню павінна весьціся цяпер. На нашым баку Закон, мы абараняем сваё ад расейскага імпэрыяліста, ворага-чужынца.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

13 красавіка 2008 г.