БЛАЗНЫ

2 красавіка (“день едіненія Россіі і Белоруссіі”) сваю чарговую акцыю праводзіла прамаскоўская псэўдаапазыцыя. Арэнай клаўнады паслужыў вядомы сабачнік на бангалорскім балоце. Тамака сабралася асобаў сорак (улічваючы “ціхуноў” у цывільным) пад камандай непараўнальных майстроў палітычнага цырку расейскага генэрала В. Фралова і палатачніка С. Скрабца. Фралоў і яшчэ парачка адстаўных маразматыкаў савецкай арміі гукалі за “воссоедініе с Россіей, без которой нам нікак не прожіть”. Камуністы-калякінцы (паводле Радыё Свабода і іншых — “апазыцыя Лукашэнку”) вяла махалі чырвонымі сьцягамі, побач зь імі тапталіся “барцы” з АГП пад сваімі сьцягамі.

У чарговы раз беларуская публіка высьмеяла клоўнаў. Але падобна, што яны на самай справе вельмі задаволены адведзенай ім рольлю. Паўстае, аднак, адно пытаньне. Чаму над Скрабцом з цібэцкім сьцягам (?), і над Фраловым усе сьмяюцца, а мілінкевічы-вінцучкі-лебедько (якія робяць той жа самы цырк) успрымаюцца многімі людзьмі як нешта сур'ёзнае. У тых і ў другіх адна цыркавая арэна — Бангалор, падобны эклектычны стыль (сумесь несумяшчальнай сымволікі), адна фальш і адны лялькаводы. Яны, безумоўна, хацелі б быць вальяжнымі і шанаванымі асобамі “палітычнай гульні”. Але (асабліва ў апошнія гады) ім, відаць, загадана выглядаць сьмешна і паскудна, ісьці на іхных маршах побач з паўаголенымі паненкамі, хадзіць на сабачнік і г.д.

Задача лубянскай гэбельсаўшчыны, якая рухае гэтымі спэктаклямі, вельмі зразумелая. Ім трэба, каб у вачах беларускіх людзей само слова “апазыцыя” было зьвязана з цыркавымі выступамі, клаўнадай, ідыёцкімі і пацешнымі эпізодамі... Чаго вартыя, напрыклад, апошнія публікацыі ў “Нар. Волі”, прысьвечаныя рэкляме “лепшага жаніха Беларусі Франака Вячоркі”, “найбольш пэрспэктыўнага палітыка нашай краіны”? “Жаніх-палітык” (маладзён у 20 гадоў) распавядае, што ў жаночых прыбіральнях БДУ вісяць ягоныя фотапартрэты, і які ён папулярны ў жаночай палове чалавецтва. У нашай краіне сітуацыя ненармальная, таму знаходзяцца людзі, згодныя выступаць перад публікай у блазенскім каўпаку са званочкамі і ў яркім грыме. Вось яны і ламаюць сваю камэдыю. Наперадзе чарговыя мізансцэны з удзелам гэтай публічкі. Клоўн Скрабец ужо заявіў, што высоўваецца ад палатнікаў на прэзыдэнцкія выбары (якія праз тры гады). На чарзе выбарчае гуканьне астатніх дзеячыкаў. Раім дарослым людзям, сур'ёзным беларусам трымацца далей ад гэтых блазнаў.

Янка Базыль