ТРАВЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

11 травеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазьняк прадставіў для абмеркаваньня аналітычны матэрыял па сучаснай палітыцы: “Некалькі тэзісаў пра агульныя справы” (публікуецца).

З дакладам аб становішчы ў краіне выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Адбыўся грунтоўны і дэтальны аналіз палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Сябры Сойму пацьвердзілі папярэдняе рашэньне Сойму аб разгортваньні інфармацыйнай працы сярод беларускага грамадзтва па ізаляцыі рэжыму. У першую чаргу беларусы павінны не дапусьціць легітымізацыі незаконнага псэўдапарляманту рэжыма — “палатак”. Да грамадзтва мусіць быць даведзеная інфармацыя аб небяспецы ўдзелу ў плянуемых на сёлетнюю восень “выбарах”. Толькі актыўны няўдзел ў выбарчым фарсе дасьць магчымасьць зламаць расейска-прамаскоўскі праект па так званай “інтэграцыі” Беларусі ў склад Расеі.

Выступоўцы зьвярнулі ўвагу на дзейнасьць групоўкі Калякіна-Мілінкевіча-Вячоркі-Лябедзькі ў справе легітымізацыі рэжымнай палаты. Гэтыя дзеячы заклікаюць людзей да ўдзелу ў выбарах нягледзячы на тое, што рэжым узмацняе рэпрэсіі супраць беларусаў. Пасьля расправы над прадпрымальнікамі, брутальнага зьбіцьця і арыштаў моладзі 25 сакавіка сёлета, нападу на журналістаў і разрабаваньня іх кампутарнай тэхнікі, брутальнага парушэньня міжнародных нормаў у адносінах да амбасады ЗША — пасьля гэтага ўдзел у рэжымных “выбарах” ёсьць непасрэднай падтрымкай прамаскоўскай дыктатуры. Недапушчальнай зьяўляецца агітацыя за ўдзел у гэтых антыбеларускіх выбарах. Той, хто агітуе за ўдзел у рэжымных “выбарах” (так званыя “кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыі” і іхныя памагатыя), становіцца часткай антыбеларускага прамаскоўскага рэжыму.

Абмеркавана далейшая праца па стварэньні Народнага Мэмарыялу “Курапаты”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 траўня 2008 г.