ТРАВЕНЬ НА ПОСТСАВЕЦКАЙ ПРАСТОРЫ

Па Беларусі “шёл красный первомай”. У сталіцы паўсюль разьвесілі чырвоныя сьцягі. У парках на эстрадах спэцгрупы сьпявалі расейскія “честушкі” і тупалі нагамі. Іх зьмянялі школьніцы, якія ў касьцюмах мышэй танцавалі фінскую польку (даўні акупацыйны закон — “только нічего белорусского”). У якасьці лакальнага апафеоза на сцэну ў парку Горкага вывелі яшчэ адзін ансамбль падлеткаў. Усе яны былі апранутыя ў характэрныя расейскія “рубахі” з крыклівымі лубочнымі ўзорамі. Такі тып касьцюмаў маскоўцы традыцыйна называюць — “Іванушка-дурачок”, а цьверскае насельніцтва — “Ванька-дуранька” і г.д. Усю гэтую русьню, навязваньне бескультур'я і імпэрскага кічу мы бачылі 70 гадоў за саветамі.

***

1 траўня партызанская апэрацыя была праведзена ў самым цэнтры Масквы. Да сваіх гаспадароў прыехаў генэрал КГБ Зязікаў (па сумяшчальніцтву “презідент” Інгушэціі). Мабыць, выклікалі на Лубянку, а можа ў Крэмль. У 5-зоркавым гатэлі ён сустрэў на калідоры другога інгуша, бізнэсмэна Мусу Келігава (які нацярпеўся ад мафійных структураў, кіруемых у каўказкай рэспубліцы гэтым Зязікавым). Яны “поговорілі”. Праз некаторы час абслуга знайшла прамаскоўскага “презідента”, які ляжаў пабіты на падлозе ў калідоры. Пра гэта адразу ж паведамілі расейскія інтэрнэт-выданьні. Але праз пару гадзінаў па камандзе з-за кулісаў яны ж выдалі паведамленьні пад капірку: “Зязікава ніхто ня біў...” У Інгушэціі адбываецца масавы збор подпісаў за выдаленьне Зязікава і вяртаньне на прэзыдэнцкую пасаду папулярнага генэрала Аўшава.

***

3 траўня адзначаўся “день прессы”. У Менску каля галоўпаштамта псэўдаапазыцыя наладзіла з гэтай нагоды свой чарговы моб-шмоб. Калі раней на гэтыя клоўнскія “акцыі” высылалі выключна зялёную моладзь, то гэтым разам “мобілі-шмобілі” начальнікі з прагматычнага Фронту Л. Баршчэўскі, В. Івашкевіч. Яны публічна чыталі і паказвалі мінчанам газэты “Нар. Воля” і “Наша Ніва”. Іх публічна здымала на камэры даволі вялікая група гэбэшнікаў і паліцманаў. Усю гэтую камэдыю Радыё Свабода падавала на поўным сур'ёзе як геройскі і рызыкоўны акт. Цікава, камусьці выгадна паказаць гэтую публіку ў клоўнскай ролі. Каб людзі сьмяяліся і казалі, што “усе гэтыя фронтаўцы такія...” Паводле вясёлага настрою ўдзельнікаў моб-шмоба было зразумела, што іх не бянтэжыць гэтая роля.

***

На чэмпіянат па хакею ў Канадзе 3 траўня з Масквы ляцела вялікая грамада “заўзятараў”. Зразумела, што абы якія аматары спорту не маглі дазволіць сабе такія тысячныя выдаткі на паездку. Ляцелі туды звычайныя расейскія бандыты (“русскіе ребята”). У небе над акіянам яны напіліся і пачалі біцца. У бойку ўвязаліся дзясяткі пасажыраў эканом-клясы. Аднаго з “ребят” затапталі і задушылі на сьмерць. Калі самалёт падлятаў ў Таронта, яго ўжо чакалі паліцэйскія аддзелы. Расейцаў выводзілі і выносілі пад дуламі аўтаматаў. У ангары быў арганізаваны імправізаваны лягер інтэрнаваньня. Праз чатыры гадзіны большасьць падарожнікаў адпусьцілі, а 20 “ребят” пакінулі для далейшага разьбіральніцтва. Пра гэты жах паведаміў толькі інтэрнэт. Расейскія тэлеканалы ўжо даўно не даюць такіх сюжэтаў.

Янка Базыль