НЯ ЎДАСЦА ПРАЖЫЦЬ, ШУКАЮЧЫ ШЧЫЛІНЫ

У сярэдзіне траўня рэжым ашчасьлівіў насельніцтва яшчэ адным “царскім указам”. Цяпер праз межы краіны забаронена правозіць больш за адну адзінку любых прадметаў. Гэта значыць, што калі чалавек вязе з падарожжа дзьве пары шкарпэтак або два капелюшы, то “лішняе” забяруць мытнікі. Ды яшчэ ўлупяць штрафу. Усё гэта нягледзячы на абсурднасьць зусім ня сьмешна. Пасьля таго, як зачыніліся межы суседняй Польшчы, многія прадпрымальныя людзі пачалі езьдзіць на Украіну. Вядома, што на знакамітым гуртоўным рынку ў Хмяльніцку можна было купіць адзеньне ў тры-чатыры разы таньней, чым у Беларусі. Людзі куплялі для сваёй сям'і і рабілі маленькі бізнэс, каб пракарміцца (тым самым забясьпечвалі такіх жа небагатых людзей дробным таварам). Цяпер зачыняецца і гэтая шчыліна ў плоце рэжымнага маразму. Па БТ паказалі выступ афіцэра мытні РБ. Гладкая, халодная фізіяномія патлумачыла на мове акупантаў: “Всё сделано для того, чтобы не обогащались. А то ездят и обогащаются...” Беларусы павінны зразумець, што ня ўдасца пражыць, шукаючы новыя шчыліны ў антыбеларускім рэжыме. Ворагі-акупанты пазбавяць усяго, забяруць апошняе. І будуць сьмяяцца ў твар маўклівым людзям.

Янка Базыль