БУДУЦЬ СУДЗІЦЬ ЗА КРЫЖ

Старадароскі РАУС выдаў пастанову аб прымусовым прыводзе ў суд сьвятара Леаніда Акаловіча. Сьвятара абвінавачваюць у тым, што 19 красавіка ён удзельнічаў у несанкцыянаваным сходзе ў вёсцы Дражна. Тады ў вёсцы быў усталяваны шасьціканцовы крыж у памяць пра 25 мірных жыхароў, забітых партызанамі 2-й Менскай партызанскай брыгады 15 красавіка 1943 году. Празь некалькі дзён пасьля ўсталяваньня мясцовыя ўлады дэмантавалі крыж.

З ранейшага:

“Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я хачу расказаць праўду пра партызанаў. Нябожчыца маці казала, што днём жыхары вёскі Залужжа немцаў баяліся, а ноччу баяліся партызанаў. А яшчэ яна казала нам, дзецям, што Дражна спалілі партызаны.”

“Спадар Курневіч, Барысаў: “Пра трагедыю ў вёсцы Дражна. Мае бацькі і радня па Барысаўшчыне болей баяліся партызанаў, чым немцаў. Партызаны чысьцілі ўсё: і валёнкі, і кажухі, асабліва шукалі самагонку. Калі не было чым пажывіцца, ад злосьці палілі хлеў. Калі я працаваў у райвыканкаме, па заданьні разглядаў заявы. Заяўнікі хацелі быць сем'ямі бацькоў загінуўшых ад рук немцаў. Пры допыце сьведак высьветлілася, што жыхары вёскі Грымін самі прасілі нямецкую ўладу абараніць іх ад рабаўніцтва і разгулу партызанаў.”

“Сьведка трагедыі Віктар Колас: “У хату забег камісарчык у чорнай скуранцы й бацьку першага забіў. Я засланіў сабою старэйшага брата, але мяне Бог сьцярог”

1 “Мікалаю Пятроўскаму на той страшны Вялікдзень было 13 гадоў. На яго вачах забілі ўсю сям'ю. Пра той дзень ён гаворыць перамагаючы спазмы, што сьціскаюць горла.

Мікалай: “Яна карову хацела выпусьціць, гарэла ўсё. Яна не дабегла да гэтай адрыны, яе звалілі. Калі гарэла ўсё, я лёг на прысядзібным участку сваім. Зь сястрой. Сястра са мною побач ляжала. Я кажу: “Каця, а дзе мама?” — “Ня ведаю”. Я павярнуўся. Гляджу. Акрываўленая ўся. І рэзалі. Зьдзекаваліся проста. Зьдзекаваліся жудасна”.

Мікалай: “Калі сказаў сястры: “Маму паглядзі”. Яна павярнулася, галаву ўзьняла. А ў гэты час, я лічу, што гэта быў камандзір брыгады, ён нацэліўся прама на мяне і на сястру. І калі яна ўзьняла галаву... Стрэлаў ня чутна. Ён ёй у сэрца. Кроў пачала прасочвацца... Я паспрабаваў яе прыўзьняць. Аказалася, проста ў сэрца ёй страляў. А брата ў канаве знайшлі. Разрыўной куляй у скронь. Кінулі ў канаву труп. Пасьля ўжо знайшлі. А побач суседка. Я бачу, што сястра мёртвая, маці мёртвая. Я пачаў паўзьці. А побач дагараў дом суседкі. Яны злавілі гэту суседку. Яна трымала дзяўчынку. Схапілі. Яна не адпускала ад сябе дзіця. І яны разам зь дзіцем у палаючы дом кінулі. Маме было 43 гады, сястры 21, а брату 16”.

Мікалай: “Што характэрна. Я чытаў данясеньні, падпісаныя камбрыгам Івановым. “Зьнішчана 217 свалачэй”. А па сутнасьці, ніводнага паліцая. Адзін паліцай выпадкова. А ў паліцыі было 79 чалавек. “Гарнізон разгромлены”, пішуць. А гэты гарнізон праіснаваў да канца вайны”.

А зараз слова краязнаўцу Віктару Хурсіку, які ў архівах здабываў усю інфармацыю пра трагедыю і які ў дзень усталяваньня крыжа таксама быў тут.

Хурсік: “Брыгаду ўзначальваў абсалютна малады камандзір. Якога нішто не зьвязвала зь Беларусьсю. Гэты чалавек быў з Расеі. Малады хлопец. Ён атрымаў адразу пасьля лейтэнанта падпалкоўніка ў штабе партызанскага руху. І прыехаў тут арганізоўваць. ...

Білі штыкамі, нажамі калолі. Кідалі дзяцей у агонь. Гэта ўсё засьведчана. Пасьля гэтага быў выдадзены ў самой партызанскай брыгадзе загад “Сьмерць балбатунам”. Тых, хто ад афіцыйнай вэрсіі падзей адмовіцца, чакала суровая кара”.

(Паводле радыё Свабода)