ШУКАЮЦЬ АХВОТНЫХ ПАДЗАРАБІЦЬ НА ПРОДАЖЫ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

(Чэрвеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

8 чэрвеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (публікуецца). Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Падстаўная апазыцыя пачала актыўна рабіць заявы пра нееабходнасьць “актыўнага ўдзелу ў маючых адбыцца сёлета выбарах”. Гэтым разам гэтыя дзеячы не насьмеліліся заклікаць людзей “ісьці і сказаць сваё НЕ рэжыму”. Яны не рашыліся паўтараць яшчэ раз ужо паўтораны падман. Цяпер яны высунулі дэмагагічны і пусты лёзунг аб “неабходнасьці народнага кантролю за выбарамі”. Згаданы “кантроль” — гэта той жа самы заклік да людзей ісьці на выбарчыя ўчасткі дыктатуры і ўдзельнічаць у фальшывым шоў, дзе ўсё ўжо вызначана заранёў. Трэба прызнаць, што гэтым разам адчуваецца няўпэўненасьць псэўдаапазыцыі. Яе дзеячы хвалююцца, бо ведаюць, што гэта можа быць апошняй іхняй магчымасьцю зарабіць грошы на падмане беларусаў. Пасьля выбарчага шоў гаспадары-спонсары проста могуць выкінуць іх на палітычны сьметнік як адпрацаваны матэр'ял. Не выпадкова слова “байкот” раптам выкарысталі некаторыя з засьведчаных актывістаў псэўдаапазыцыі: напрыклад, сумнавядомая “Хартыя-97”. Іхняя задача, як выглядае, — яшчэ больш заблытаць і дэзарганізаваць людзей. Непасрэдна перад пачаткам выбарчага шоў яны, безумоўна, патлумачаць, што значыць па-іхнаму “байкот” — “трэба пайсьці на выбарчыя ўчасткі і зарэгістравацца...” Сумленным людзям неабходна раскрываць сапраўдныя пляны і сутнасьць дзейнасьці гэтай публікі.

На цяперашнім этапе вельмі актывізавалася так званая “прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў”. На самай справе да прыватызацыі гэтыя падзеі беларускага эканамічнага жыцьця ня маюць ніякага дачыненьня. Тое, што адбываецца, — гэта бандыцкае разрабаваньне маёмасьці, якая належыць беларускаму народу, кожнаму грамадзяніну Беларусі. Акцыі скупляюцца мафійнымі структурамі з суседняй Расеі. У палітычным напрамку працягваецца далейшая распрацоўка канчатковай “інтэграцыі” (на самай справе — “акупацыі”) Беларусі імпэрыялістычнай Расеяй. Пры чым, цяпер гэта робіцца схавана, сакрэтна, паводле злачынных правілаў сакрэтнай антынароднай дыпляматыі. На міжнароднай арэне і на хвалях афіцыйнай прапаганды Масква і падпарадкаваны ёй рэжым РБ заяўляюць, што яны “занятыя цяпер больш важнымі справамі і не сьпяшаюцца з завяршэньнем інтэграцыі”. Гэта ёсьць падступная імпэрская палітыка, знаёмыя прыёмы, якімі шырака карысталіся Гітлер і Сталін. Наш народ павінен быць гатовым да абароны незалежнасьці Беларусі. Трэба даносіць праўду пра гэтыя працэсы да грамадзтваў і кіраўніцтва дэмакратычных краінаў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны паведамілі пра актывізацыю псэўдаапазыцыйных дзеячаў па ўсёй краіне. Падстаўныя ліхаманкава ствараюць структуры для правядзеньня падманных псэўдавыбараў. На гэтую кампанію ім, па усім відаць, абяцаныя чарговыя фінансавыя ўліваньні з Масквы і Брусэля.

Стала вядома, што дзеячыкі (найперш камуністы) абяцаюць заплаціць даляры таму, хто зьбярэ для “выбарчай кампаніі” групку з дзесяці асобаў і будзе выконваць загады палітычных бізнэсоўцаў. Грошы яшчэ не раздаюць, толькі абяцаюць. Але ўжо знаходзяцца ахвотныя падзарабіць на продажы Бацькаўшчыны. Нягледзячы на тое, што падчас мінулых выбарчых шоў кіраўніцтва псэўдаапазыцыі шмат каму са сваіх кліентаў на раёнах не заплаціла абяцаныя грошы. Потым у шэрагу месцаў сталічных ваяжораў-“грантадаўцаў” мясцовыя дзеячы сустракалі пытаньнямі “Дзе нашыя грошы?!” Фарс паўтараецца ў каторы раз. Неабходна, каб сумленныя людзі Беларусі рэгістравалі гэтыя ганебныя выпадкі палітычнага подкупу, складалі грамадзкія пратаколы на такія выпадкі і папярэджвалі мясцовых людзей, каб не заплямліваліся супрацоўніцтвам з гэтымі структурамі, якія, прыкрываючыся шапкай “апазыцыі”, фактычна спрыялі антынароднаму рэжыму ў ягоных “элегантных перамогах” на выбарчых шоў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 чэрвеня 2008 г.