КАНВУЛЬСІІ “ПРАВАСЛАЎНАЙ “ОРГАНІЗАЦІІ” Ў РАСЕІ

23-24 чэрвеня у Маскву сабралі ўсіх архібацюшак на “архіерэйскі сабор” РПЦ. Унутры “храма Лужкова-спасітеля” адбываліся звычайныя для такога рытуалу сцэны. Новым было толькі тое, што разам з бацюшкамі з чырвонаармейскай РПЦ сядзелі барадачы з белагвардзейскай (“зарубежной”) РПЦ. А вось звонку, як кажа маскоўскі люд, “было ліхо і весело...”: адбыўся прэм'ерны выступ публікі з харугвамі і транспарантамі. Расейскія тэлеканалы назвалі гэтую публіку “прыхільнікамі лідэра радыкальнай фундамэнталісцкай плыні РПЦ”. “Лідэрам” зьяўляецца нейкі Дзіамід, епіскап анадырскі і чукоцкі (хаця чукчаў сярод статыстаў не было заўважана). Гэты Дзіамід заклікае да “духовного очішченія” і яшчэ да нечага вельмі невыразнага. Цікава, якое можа быць “очішченіе” ушчэнт прагнілай і гэбоўскай структуры РПЦ? Магчымая, як кажуць сьвятары і вернікі катакомбнай (забароненай гэбоўскім рэжымам падпольнай) Праваслаўнай Царквы у Расеі, толькі канчатковая ліквідацыя гэтай нябоскай структуры. На чукоцкіх фундамэнталістаў напалі былі нацыянал-бальшавікі, але “чукчы” пабілі іх. Умяшаўся маскоўскі ОМОН, якому сумна без справы пасьля вяртаньня з Каўказа. Сам Дзіамід у Маскву не прыехаў — “захварэў”. Закруціўся, адным словам, сэнсацыйны сюжэт. Толькі вось афарбаваны ён нечым вельмі знаёмым нам, беларусам. Разгортваецца чарговая лубянская акцыя дэзынфармацыі і дэзарыентацыі грамадзтва. ФСБ і РПЦ маюць зьвесткі пра поўны правал на прасторах Расеі лубянскай “праваслаўнай “організаціі” (як некалі назваў РПЦ А. Лукашэнка). Мільёны людзей, перш за ўсё маладыя адчулі фальш, безбожнасьць і цынізм гэтай структуры. Баяцца герархі, што людзі пачнуць масава далучацца да катакомбнай Праваслаўнай Царквы, якая існуе ў Расеі і ніколі не прызнала бальшавіцкую ўладу. Вось і выпусьцілі на сцэну пацешных маскоўскіх майстроў імітацыі пратэсту і ўшчынальнікаў пустога вэрхалу.

Юрка Марозаў