“ІГУМЕНСКІ ШЛЯХ” — ДАРОГА ПАМЯЦІ
Сёлетнія мэмарыяльныя мерапрыемствы распачалася сьпяваньнем духоўнага гімну “Магутны Божа”. Выступілі намесьнік старшыні Фронту і Партыі сп. Сяргей Папкоў, сакратары Управы Фронту і Партыі сп. Віктар Рабушка і Валеры Буйвал, сябра Сойму Фронту і Партыі сп. Пятро Шашкель, прадстаўнікі дэлегацыі з Летувы. Выступоўцы казалі пра народную памяць аб ахвярах расейскай акупацыі. Ігумен — не адзінае месца на Беларусі, дзе ў першыя дні нямецкай інвазіі расейскія каты НКВД забівалі тысячы людзей. Наперадзе адкрыцьцё праўды аб іншых злачынствах акупацыйнага маскоўскага рэжыму. У адрозьненьне ад нямецкага фашызму чырвоны расейскі фашызм ня быў ліквідаваны і забаронены ў выніку той вайны. Ён працягвае сваё драпежнае існаваньне ў сёньняшнім маскоўскім імпэрыялізме. Не выпадкова, што вялікадзяржаўныя цемрашалы імкнуцца перапісаць гісторыю і ў чарговы раз падмануць людзей: услаўляюць Сталіна і “славные органы” НКВД-КГБ, хаваюць сьляды сваіх злачынстваў на нашай зямлі. Яны імкнуцца вярнуць у нашае жыцьцё увесь крывавы антычалавечы жах, які яны тварылі на Беларусі і ў іншых акупаваных краінах у 1930-40-я гады. Яны — спадчыньнікі злачынцаў НКВД-КГБ. Іхная задача — аднаўленьне маскоўскай імпэрыі ў былых межах, зьнішчэньне незалежных дзяржаваў, вызваленых ад каляніялізму народаў. Іхныя лабавыя атакі на нашую незалежнасьць былі правалены ў 1996 годзе ў выніку магутнага супраціву беларускіх патрыётаў. Цяпер Масква рукамі сваіх марыянэтак спрабуе ў каторы раз падмануць наш народ і паняволіць Беларусь шляхам іншых мэтадаў і фальшывых “выбараў”. Адзінае выйсьце з гэтага тупіка — усенародны няўдзел у выбарчых гульнях дыктатуры. Няхай рэжым гуляецца сам з сабой. Масква павінна зразумець, што ў выпадку нашэсьця на нашую дзяржаву Беларускі народ будзе абараняць сваю незалежнасьць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, у адпаведнасьці з нашай нацыянальнай традыцыяй і прыродным правам. Імпэрскі фашызм ня пройдзе! Так гаварылі выступоўцы. Потым да манумэнтальных крыжоў на магілах ахвяраў усклалі вянкі і кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічкі.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
29 чэрвеня 2008 г.