ЖНІВЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

10 жніўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Агрэсія Расеі супраць сувэрэннай Грузіі дэманструе нам, што імпэрыя любымі злачыннымі мэтадамі імкнецца аднавіць сваё панаваньне над народамі, якія былі вырваліся на волю ў 1991 г. На Беларусі расейская імпэрыя дзейнічае пакуль што мэтадамі эканамічнай, інфармацыйнай і псыхалягічнай вайны супраць беларускага народу. На працягу апошніх месяцаў дзейнасьць імпэрцаў значна актывізавалася. Рэжымныя псэўдавыбары сёлетняй восеньню разглядаюцца Масквой як вырашальны этап разбурэньня Беларускай Дзяржавы і наступнага паняволеньня нашага народу. Падстаўная апазыцыя дзейнічае, фактычна, ва ўнісон з рэжымам, заклікаючы людзей ісьці на падманныя выбары. Вядома, што паслугі гэтых людзей аплочваюцца з касы “сумніўных дабрадзеяў” (і проста непрыяцеляў) Беларусі. Але настане час, калі ўсё высьветліцца. Неабходна тлумачыць нашым людзям, чаму нельга ісьці на падманныя “выбары” ўсьлед за дэмагогамі і карупцыянерамі, якія прыкрываюцца шыльдай апазыцыі.

Трэба адзначыць, што на час “перадвыбарчай кампаніі” рэжымная прапаганда спыніла інфармаваньне пра шэраг злачынных антыбеларускіх праектаў: напрыклад, пра будаўніцтва расейцамі непадалёк ад Менску атрутнага хімічнага прадпрыемства, якое стварае сьмяротную небясьпеку для мільёнаў людзей. Некаторыя нават падумалі, што гэтае будаўніцтва спынена. Але трэба разумець, што гэта толькі падманны манеўр рэжыму. Пасьля выбарчага шоў злачыннае будаўніцтва і шэраг іншых падобных антыбеларускіх праектаў будуць працягнуты. Толькі салідарны супраціў народу праваліць пляны расейскай агрэсіі. На дадзеным этапе самым важным ёсьць усеагульны байкот псэўдавыбараў, няўдзел ў галасаваньні.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі, што большасьць насельніцтва ня хача ісьці на выбарчае шоў рэжыма. Тым больш увіхаецца над “выбарамі” мясцовая псэўдаапазыцыйная публіка. Стала вядома, што гэтак званыя “кандыдаты ад апазыцыі” атрымалі “ганарары” за свой удзел у фактычным падмане выбаршчыкаў.

Сойм прыняў дзьве заявы: “Аб недэмакратычных выбарах у Беларусі” і “Аб ваеннай правакацыі Расеі і вайне супраць Грузіі” (публікуюцца).

Сойм абмеркаваў пытаньні працы з насельніцтвам па арганізацыі байкоту антыдэмакратычнчх выбараў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 жніўня 2008 г.