КУРАЖАЦЦА, УДАЮЦЬ ВЯЛІКУЮ ПЕРАМОГУ

18 жніўня 2008 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” таксама пісала пра расейскую акупацыю грузінскай тэрыторыі: “Хаця расейскі прэзыдэнт Медведев паабяцаў свайму французкаму калегу Сарказі вывесьці войскі з Грузіі да пятніцы, гэтага неяк ня бачна”. Газэта спасылаецца на журналістаў BBC, якія прабраліся ў Горы (расейцы не пускаюць туды большасьць замежных журналістаў) і ўбачылі там масу расейскіх войскаў і тэхнікі.

Наш камэнтар: Вядома, што Эўразьвяз і ЗША ўжо запатрабавалі ад Масквы неадкладнага выкананьня дамоўленасьцяў падпісанага з Грузіяй перамір'я. Але як кажуць, “Москву тоже можно понять”. На працягу апошніх месяцаў грузінская выведка паведамляла кіраўніцтву краіны пра канцэнтрацыю расейскіх войскаў на мяжы з Грузіяй і ў акупаваных “міротворцамі” грузінскіх правінцыях Паўднёвай Асэціі і Абхазіі. Грузінскія генэралы і палітыкі зразумелі, што рыхтуецца буйнамаштабная інвазія на два франты з мэтай хуткага захопу Тбілісі і ўсёй тэрыторыі Грузіі. 2 жніўня каля мяжы з Грузіяй адбыліся вялікія манэўры “Каўказ”, пад прыкрыцьцём якіх было арганізавана разгортваньне 100-тысячнага ваеннага кантынгенту расейскай арміі. У наступныя дні ўзмацніліся абстрэлы грузінскіх вёсак і быў арганізаваны вываз тысячаў асэцінскіх семьяў. Людзей вывозілі не з гуманітарных меркаваньняў, а ачышчалі ад іх тэрыторыю будучага напрамку атакі (тое самае Масква рабіла 14-15 чэрвеня 1941 г., вывозячы дзесяткі тысячаў людзей з Летувы і Беларусі, каб яны “ня блыталіся пад нагамі” падчас плянуемага ўдару па вэрмахту). Грузінскае кіраўніцтва зрабіла адэкватныя высновы з гэтай пагрозы і пачала апэрацыю па вызваленьню сваёй тэрыторыі, апярадзіўшы расейскую інвазію на некалькі дзён. Пляны расейскай ваеншыны адразу паламаліся, трыюмфальнага шэсьця не атрымалася. Калёны 58-й арміі, якія ўварваліся ў Грузію, апынуліся пад зьнішчальным агнём грузінскай арміі. Пад абстрэлам апынуўся стратэгічны тунэль, праз які меліся ўварвацца ў Грузію “освободітелі Грузіі от грузін”. Грузінскі спэцназ не даваў падняць галавы маскоўскім агрэсарам, зэнітчыкі адзін за адным зьбівалі расейскія самалёты. У першыя тры дні вайны расейскія генэралы падчас публічных выступаў не маглі схаваць свайго раздражненьня тактычнымі праваламі. На тав. Пуціна “тяжело было смотреть”. 18-тысячная грузінская армія здолела затрымаць ворага на некалькі дзён, і за гэты час эфэктыўна спрацавала грузінская дыпляматыя, якая вымусіла міжнародныя структуры спыняць агрэсара. Плян бліц-крыгу (як казаў у 1904 годзе цар Мікалай І, “маленькой победоносной войны”) праваліўся. Грузінская армія адышла на лінію абароны сталіцы, агрэсарам ня ўдалася яе зьнішчыць. Дзе ж у такіх умовах расейцам выконваць умовы перамір'я?! Трэба пакуражыцца, парабаваць, пазьнішчаць на захопленай тэрыторыі тое, што яшчэ ня зьнішчана. 18 жніўня ва Уладзікаўказе Медведев раздаваў крыжыкі і мэдалі расейскім вайскоўцам, якія “отличились в операции по принуждению к миру”. Усе прысутныя надзьмуваліся перад тэлекамэрамі і ўдавалі перамогу. Можа яны яшчэ “парад победы” перад маўзалеем на Краснай плошчы арганізуюць?..

Юрка Марозаў