МАФІЙНЫЯ ПЛЯНЫ РАСЕІ

Рэжым доўга насіўся з адным сваім каронным лёзунгам пра “Нашу стабільность”. І вось на бліжэйшыя два-тры гады рэжым абяцае зрабіць жыцьцё ў нашай сталіцы яшчэ весялей. Ужо пачалося зьнішчэньне жылых кварталаў у цэнтры Менску. Пра тое, што там і ў шэрагу іншых раёнаў будзе, паведамляе газэта “Советская Белоруссия” пад рубрыкай “Союз” 31 ліпеня сёлета (раім усім уважліва чытаць гэтую рубрыку): “Через несколько лет белорусскую столицу будет не узнать. Новые микрорайоны, современные бизнес-центры, шикарные гостиницы, элегантные небоскрёбы... Серьёзную роль в обновлении Минска сыграют российскіе инвесторы. Изюминкой комплекса станет первый “настоящий” минский небоскрёб — башня в 80 этажей. Под свой личный контроль ход реализации проекта взял Президент Беларуси. Деньги в строительство намерен вложить российский холдинг. Председателем наблюдательного совета компании СООО “Минск-Сити” стал первый заместитель мэра в правительстве Москвы Владимир Ресин”.

Далей распавядаецца пра разгортваньне пабудовы забаўляльных комплексаў, казіно і гіпер-маркетаў. Чаму так узяліся за нашую сталіцу расейскія інвэстары і кіруючыя асобы з маскоўскай лужкоўскай мафіі? Ім няма дзе разгарнуцца ў пьянай і адсталай Расеі. Яны ўкладаюць сваю крымінальныя крывавыя капіталы ў Беларусі, дзе (як яны мяркуюць) прамаскоўскі рэжым наладзіў для іх стабільнасьць, прыдушыўшы беларускі народ і разграміўшы беларускі бізнэс. Гэта — сапраўдная агрэсія тысячаў маскоўскіх гангстэраў і іхных лубянскіх лялькаводаў. Яны прыходзяць да нас з сваімі бандыцкімі замашкамі, аточаныя аховай, гатовай страляць па нашых людзях. Яны прывязуць з сабой сваіх прастытутак і пачнуць мабілізаваць у прастытуцыю нашых жанчын. Яны мяркуюць атабарыцца на нашй зямлі “на века”. Вакол іхных казіно будзе створана дзікая атмасфэра крыміналу і драпежнага азарту. На месцы ліквідаваных крамаў і прадпрыемстваў, якія належалі беларускім прадпрымальнікам, будуць узбагачацца расейскія капіталісты. Паводле плянаў расейскіх акупантаў, Беларусь павінна апусьціцца да мізэрнага ўзроўню якіх-небудзь Гаіці і Кубы.

Беларускі народ павінен будзе абслугоўваць усю гэтую шматтысячную маскоўскую банду (якую люта ненавідзіць сам расейскі народ). Бандыты разьлічваюць на поўную пасіўнасьць і паслухмянасьць беларускіх людзей. А казалі беларускія патрыёты яшчэ ў 1994-95 гг., што калі рэжым ліквідуе беларускае школьніцтва і растопча беларускую мову, то пасьля зьнішчэньня духоўнага беларускага жыцьця адразу возьмецца за зьнішчэньне нашага жыцьця матэрыяльнага. Як кажа Юры Беленькі: “Калі аддадзім мову, то прыйдзецца аддаваць маёмасьць”. Маскоўскія гангстэры сьмяюцца, прыступаюць да разбурэньня нашай сталіцы, маючы ў пляне зьнішчэньне ўсёй нашай краіны. Мы, беларусы, павінны яднацца супраць агрэсіі.

Янка Базыль