РАСЕЙСКІ ОХЛАС ХОЧА ВАЙНЫ.

Чарговыя ўгодкі злачыннай змовы фашыстоўскай гітлерскай Нямеччыны і фашыстоўскага сталінскага СССР, заключанай у Маскве 23 жніўня 1939 г. (больш вядомага ў гісторыі як Пакт Молатава-Рыбэнтропа). 69-я ўгодкі Пакта прыгадалі нават расейскія СМІ, не забыліся сказаць пару словаў нават пра сакрэтны пратакол-дадатак да апублікаванага тэксту Пакту. Нават згадалі, што гэта быў пратакол “па падзелу Эўропы паміж Нямеччынай і СССР”. Тон паведамленьня быў даволі нэўтральны і дзелавы. Сёньняшняя крамлёўская гэбельсаўшчына нават не пакарысталася даўно вядомым фальшывым аргумантам, што маўляў “пакт даў час на пераўзбраеньне Чырвонай арміі і адсунуў вайну”. Усім ужо зразумела, што якраз гэтая змова азначала зялёнае сьвятло з Масквы для Гітлера, які роўна праз тыдзень напаў на Польшчу і разьвязаў Другую сусьветную вайну.

Амэрыканскія гісторыкі Энтані Рыд і Дэвід Фішэр у сваёй кнізе “Падзеньне Берліну” паведамляюць цікавыя факты з часоў Пакту. Пасьля пераможных авантураў Гітлера, у выніку якіх без адзінага стрэлу былі захоплены Чэхаславаччына і Аўстрыя (1938 г.), нямецкае насельніцтва з трывогай назірала за падрыхтоўкай Райха да маштабнай вайны. Большасьці немцаў не хацелася ваяваць. Калі стала вядома пра падпісаньне ў Маскве Пакту, берлінцаў і жыхароў іншых гарадоў ахапіла эйфарыя. Паўсюль гучэла музыка (у адной півярне нават ігралі “Інтэрнацыянал”, і публіка ўставала, вітаючы тадышні савецкі гімн), рэстараны былі поўныя кліентаў, немцы крычалі “Хайль Сталін! Хайль Москаў!”, а калі сустракалі на вуліцы савецкіх прадстаўнікоў, то актыўна браталіся зь імі. Ілюзія міру настолькі засьціла вочы гэтаму, здавалася б, рацыянальнаму народу, што большасьць немцаў не заўважала актыўнай падрыхтоўкі да вайны. Над сталіцай і іншымі гарадамі праляталі хмары самалётаў, вайсковыя эшалёны перавозілі жаўнераў і тэхніку — на Усход, да мяжы з Польшчай. Калі праз тыдзень, 1 верасьня 1939 г. пачалася інвазія супраць Польшчы, немцы былі агаломшаны. У адрозьненьні ад 1870 і 1914 гг., калёны вэрмахта, якія маршыравалі на фронт, сустракалі пустыя вуліцы, а не эйфарычныя натоўпы.

У сёньняшніх маскоўскіх фашыстаў не атрымалася захапіць без боя маленькую Грузію і наладзіць аншлюс у аўстрыйскім стылі. Грузінскі народ з дапамогай ЗША выстаяў і спыніў агрэсара. Маскоўская прапаганда вымушана была распрацаваць цэлую праграму па прамыўцы мазгоў насельніцтву Расеі, пераконваючы “самый чітаюшчій народ в міре”, што “наша армія одержала блестяшчую победу”. Што праўда, не атрымоўваецца ў Масквы заключыць ані з кім рэклямнага пакту, які разьвязаў бы Крамлю рукі. Увесь сьвет асуджае расейскую агрэсію (падтрымка, выказаная бананавай Кубай і экзатычным Хамасам, стала прадметам фэльетонаў і кпінаў). Але трэба прызнаць, што гэбельсаўская прамыўка мазгоў насельніцтву ў цэлым мела посьпех (нават на Беларусі, дзе многія яшчэ вераць расейскім газэтам і тэлеканалам і нават БТ). Асабліва эйфарычна паводзяць сабе расейцы, што атабарыліся ў Беларусі: “Как наши-то дали этим грузинам! И все американские базы-то разбомбили, ха-ха-ха...” У адрозьненьні ад берлінцаў 1939-га года большасьць сёньняшніх расейцаў радуюцца так, нібыта расейская імпэрыя ўжо аднавілася ў рамках СССР альбо прынамсі Тбілісі захапіла. Охлас жадае рэваншу (хаця сам ня ведае, за што), паўтарае крамлёўскі дэвіз пра “супердзяржаву”. Расейскі охлас хоча вайны. Чалавецтва павінна б адэкватна адрэагаваць на расейскую пагрозу.

Янка Базыль