БАЙКОТ АДБЫЎСЯ. БЕЛАРУСЫ НЕ ПАЙШЛІ НА ВЫБАРЧЫЯ ЎЧАСТКІ.

Паводле яшчэ савецкай традыцыі, вакол выбарчых участкаў рэжым разгарнуў шматжанравую гастранамічна-танцавальную праграму. Буфэты з бананамі, шампанскім, цукеркамі, аб'явы пра канцэртныя праграмы і дыскатэкі “в честь выборов”. Але большасьць грамадзянаў не прывабілася на гэтыя бразготкі і актыўна праігнаравала рэжымныя выбары.

З Менску і з усіх рэгіёнаў краіны кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ атрымлівае інфармацыю ад назіральнікаў, якія знаходзіліся на выбарчых участках. Найбольш распаўсюджаным і тыповым парушэньнем зьяўляюцца падтасоўкі колькасьці выбарцаў. У сьпісы ня ўнесены часам насельнікі цэлых дамоў. Гэта зроблена рэжымам для таго, каб штучна занізіць агульную колькасьць выбарцаў. Калі на выбарчых участках зьяўляліся выбарцы, то яны маглі галасаваць за шэраг асобаў. Але трэба падкрэсьліць, што такія візыты выбарцаў былі вельмі рэдкімі. Па ўсёй краіне выбарчыя ўчасткі былі пустымі. Выбарчыя камісіі, міліцэйская ахова і назіральнікі сумавалі за сваімі сталамі, на іх шкада было глядзець.

Рэжымныя СМІ пасьпяшаліся паведаміць пра “высокую яўку” і пра тое, што “выбары адбыліся”. Але кожны грамадзянін Беларусі мог нават з вакна сваёй кватэры ўбачыць і пераканацца ў тым, што гэта ёсьць грубая і цынічная хлусьня арганізатараў выбарчага фарсу. Унутры і вакол памяшканьняў, дзе разьмяшчаюцца выбарчыя ўчасткі, была суцэльная пустата.

Цяпер вельмі важна, каб назіральнікі падсумавалі інфармацыю аб парушэньнях выбарчага заканадаўства і аб правале галасаваньня. Неабходна давесьці гэтую інфармацыю да беларускага і міжнароднага грамадзтва.

Правальныя вынікі выбарчага фарса павінны быць адэкватна ацэнены беларусамі і краінамі дэмакратычнага сьвету. Ня можа быць ніякога прызнаньня псэўдапарляманту антыбеларускай дыктатуры.

28.09.2008. 20.15

Валеры Буйвал