АБСЭ КАНФУЗІЦЦА

2 кастрычніка 2008 г. Іспанская газэта “АВС” пісала пра вынікі выбараў на Беларусі. Цытуе кіраўнічку місіі па назіраньні ад АБСЭ бэльгійку А.-М. Лізін: “Гэтым разам назіраліся паляпшэньні ў электаральным працэсе”. Толькі іспанскі назіральнік Хэсус Лопэс-Мэдэл спадобіўся сказаць журналістам: “Заяўленая колькасьць тых, хто прагаласаваў, відавочна не адпавядала колькасьці выбарцаў, што прыйшлі на выбарчыя ўчасткі”.

Наш камэнтар: Можна спытацца эмацыйна: “Яны што, ня ўбачылі выбарчых участкаў, дзе зьвінела пустата? Яны што, асьлеплі, ня ўбачылі вынік байкоту выбарчага шоў?” А калі без эмоцыяў, то спэцам з АБСЭ можна паспачуваць. Яны не сьляпыя, яны ўбачылі, што беларускае грамадзтва адвярнулася ад рэжыма і прысьцебнутай да яго псэўдаапазыцыі. Яны безумоўна будуць распавядаць пра гэта ў Брусэлі і сваіх сталіцах. Але прызнацца ў гэтым публічна яны не маглі, бо зь іх усе сьмяяліся б. Перад 28 верасьня з сакратарыята прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску настойліва тэлефанавалі кіраўніцтву Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, усё запрашалі на канфэрэнцыю ў свой офіс пасьля выбараў. Але калі праваліліся выбары, сорамна было запрашаць прадстаўнікоў Партыі, якая арганізоўвала байкот. Пабаяліся эўрачыноўнікі, што патрыёты публічна тыцнуць іх носам у іхную дэмагагічную хлусьню, што выставяць на паказ іхную палітыку падвойных стандартаў.

Алесь Хадасевіч