“ОТЛІЧІВШІХСЯ” ЛІКВІДУЮЦЬ.

2 кастрычніка Расея падпісала з Эўразьвязам пагадненьне аб вывадзе расейскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Грузіі. А ўжо 3 кастрычніка ў Цхінвалі адбыўся магутны выбух. Выбухнуў аўтамабіль перад будынкам галоўнага штаба “расейскіх міратворчых сілаў”, загінулі 9 чалавек, шмат было паранена. Сярод загінуўшых апынуўся і камандуючы гэтым штабам генэрал Іван Петрык (чарговы беларус, які рабіў кар'еру ў расейскім войску ды так і не дарабіў). Зразумела, што Масква адразу ж абвінаваціла Тбілісі ў тэрарызме. Але грузінскія прадстаўнікі лагічна спыталіся: “А навошта гэта нам?” Сапраўды, навошта? Можа для таго, каб “міротворцы” ніколі не сыходзілі з Грузіі? Уражвае сам сюжэт з выбухам (як у жанры іранічнага дэтэктыва, папулярнага апошнім часам). “Міротворцы” знайшлі на цхінвальскай вуліцы пакінуты аўтамабіль. Каб праверыць яго, яны прывалаклі аўтамабіль да свайго штаба і пачалі раскручваць на часткі. Прычым, рабілі гэта непасрэдна пад вокнамі свайго вышэйшага начальніка Петрыка. Машына выбухнула. Расейскае камандваньне так і не паведаміла, хто аддаў такі дзіўны загад. Хаця нічога дзіўнага. У той жа дзень у Крамлі адбывалася чарговая раздача крыжыкаў і ордэнаў. Некаторыя зь іх уручаліся пасьмяротна. Напрыклад, прызначаныя некалькім афіцэрам спэцчастак ФСБ, якія “отлічілісь в Беслане”. Тэлевядучы не забыўся сказаць, што дзесяткі “отлічівшіхся” загінулі праз некалькі дзён пасьля трагедыі ў Беслане. Яны адляталі з Каўказа на двух верталётах, якія ўпалі і разьбіліся ў гарах. Расейскім генэралам і афіцэрам трэба было б даўно здагадацца, што самых “отлічівшіхся” зь іх абавязкава ліквідуюць.

Янка Базыль