ДЗЯДЫ Ў ЛОШЫЦЫ

Працягваюцца нашы Дзяды. Сёньня мы ў Лошыцы на месцы былога яру, дзе некалі, у 1937 годзе, расейскія энкавэдзісты расстрэльвалі людзей.

Так склалася наша цяжкая гісторыя, што мы першым чынам мусім захаваць памяць пра генацыд. Гэта вельмі важна для разьвіцьця і нацыянальнага адраджэньня народу, бо ўзбуджае пачуцьцё неспатолі духа — неажыцьцёўленай справядлівасьці, да якой імкнецца кожны чалавек. Памяць пра генацыд гуртуе тых, што засталіся жыць, вядзе да супольных разваг і дзеяньняў на лепшую прашласьць. Гэта натуральная духоўная рэакцыя людзей на небясьпеку. Курапаты якраз добра засьведчылі гэты працэс.

Мы бачым, што дзіўным і заканамерным чынам Дзяды ператвараюцца ў галоўнае духоўнае сьвята беларускага народа і нацыянальнага адраджэньня. Гэта вельмі станоўчая зьява. Падтрымлівайма яе. Адзначайма ў скрусе, моцнасьці духа і ў пашане, ведаючы, што кожны з нас, фронтаўцаў, аддаў гэтай справе часьцінку сваёй душы, працы і добрых разваг. Байкот рэжымных выбараў нашым насельніцтвам паказаў, што час мяняецца. Наперадзе лепшыя дні. Набліжайма іх зь вераю і спакоем, з моцаю і надзеяй.

Хвала, слава і шанаваньне Дзядам!

9 лістапада 2008 г.

Зянон Пазьняк