ГЭБІСТЫ ЗАБЛЫТАЛІСЯ

19 лістапада 2008 г. Славацкая газэта “SME” публікуе артыкул пад тытулам “Расейцы байкатуюць угодкі Галадамору”. У Кіеў прыедуць 40 замежных дэлегацыяў, каб прыняць удзел у мэмарыяльных мерапрыемствах. Акрамя адной — з Масквы. Газэта піша: “Паводле некаторых гісторыкаў, галадамор быў наладжаны расейскімі бальшавікамі 75 гадоў таму намерана, каб зьнізіць колькасьць украінцаў, а на іхнае месца маглі засяліцца расейцы”. Прэзыдэнт Юшчанка патрабуе, каб Расея прызнала факт генацыду і гаворыць нават пра магчымасьць патрабаваньня выплаты кампэнсацыі.

Наш камэнтар: У сувязі з гэтымі ўгодкамі расейская прапаганда разгарнула буйнамаштабную антыўкраінскую кампанію. Настолькі маштабную, што тэлевізійная гэбельсаўшчына прагаварылася пра тое, пра што ім лепш было б змаўчаць. Крамлёўцы ў якасьці антыўкраінскага аргуманту сьцьвярджаюць, што “голад тады быў на Паўночным Каўказе, на Кубані, адзін мільён чалавек памерлі ў Казахстане”. Такое здараецца ў крыміналістычнай практыцы, але вельмі рэдка. Злоўлены на ўчынку сэрыйны забойца раптам сам пачынае паказваць месцы, дзе ён зьдзейсьніў іншыя злачынствы. Маскоўскі сэрыйны забойца, захліпаючыся сьлінай, выхваляецца сабой...

Расейскія тэлеканалы паказалі сяло на Кубані ў якасьці пацьвярджэньня, што і расейцы паміралі ад голаду. Старэнькі дзядок, які перажыў Галадамор, распавядаў у камэру, як НКВД канфіскаваў усё збожжа і вывез яго на чыгуначную станцыю. Расейцы ня мелі дастатковай колькасьці эшэлонаў, і збожжа гніла каля чыгункі. Галодныя людзі спрабавалі наблізіцца да гэтага месца, а НКВД страляў па іх. Прозьвішча дзядка Бандарэнка, і размаўляў ён на мове, дзе амаль нічога рускага не было. Пасьля Галадамору пачалося масавае засяленьне ўкраінскай Кубані маскоўскімі прыхаднямі.

Цынічныя і хамскія паводзіны Масквы выразна сьведчаць аб тым, што злачынная антычалавечая прырода Імпэрыі засталася той жа, якой была ў час Галадамору.

Юрка Марозаў