КРАМЛЁЎСКІЯ “ВАЕННЫЯ РЭФОРМЫ”

Стала вядома, што яшчэ 11 лістапада сёлета нач. генштаба ўзброеных сілаў РФ Н. Макаров падпісаў стратэгічны загад пад выразным назовам “О недопущении разглашения сведений о реформировании вооружённых сил РФ”. Загад прадугледжвае суровыя пакараньні за любыя кантакты расейскіх вайскоўцаў з грамадзтвам і СМІ ў прыватнасьці. Усё дзеля таго, каб яны не распавялі пра “рэформу” узброеных сілаў імпэрыі. Усяго мы ня ведаем, але генштабнікі агучылі пляны скарачэньня генэральскага і палкоўніцкага корпусу і нават у цэлым узброеных сілаў. Паабяцалі павялічыць колькасьць лейтэнантаў. Журналісты паведамляюць пра генэральскае груканьне кулакамі аб штабныя сталы і шэраг рапартаў ад службістаў зь вялікімі залатымі зоркамі на звальненьне з арміі. Пакуль рана яшчэ казаць канкрэтна, што задумалі Крэмль-Лубянка. У хуткім часе яно высветліцца.

Але яшчэ з даўніх часоў вядомыя гэтыя ўсе крамлёўскія “ваенныя рэформы”. Напрыклад, пры тав. Брэжняве заявілі былі, што выводзяць з ГДР дваццаць тысячаў савецкіх вайскоўцаў і тысячу танкаў. Вывелі... А крыху пазьней стала вядома, што праз іншы калідор Масква завяла ў ГДР яшчэ трыццаць тысячаў пяхоты і дзьве тысячы танкаў. З Аўганістана “скарачалі” і “выводзілі” свае войскі разоў 15-20, да самага правалу авантуры ў 1989 годзе. Не выключана, што Лубянка паспрабуе пасьля татальнага апанаваньня ўсіх цывільных камандных структураў паставіць паўсюль сваіх “ребят” і на вайсковыя структуры. Наколькі гэта ўдасца гэбоўскім рэфарматарам, пакажа час. Толькі вядома, што афіцэрскі корпус ужо даўно рэзка незадаволены разьмеркаваньнем маёмасьці і багацьцяў у цяперашняй імпэрыі. Чуюцца галасы пра тое, што Лубянка падмяла ўсё пад сабе і ня хоча дзяліцца (“мы на кавказскіх дорогах головы подставляем, а гебісты жіруют!”). Апошнім разам такі жанравы канфлікт прывёў да лабавога сутыкненьня НКВД і арміі ў 1953 годзе (так званая “ліквідацыя групы Берыя”). Тады армейцы даволі грунтоўна “разабраліся” з ненавіснай канторай, якая да вайны, падчас і пасьля вайны катавала іх і страляла ім у патыліцу. Але КПСС спыніў тады гэтую справу і паступова ўсё вярнулася на старыя месцы.

Янка Базыль