КНІГІ ПРА БЕЛАРУСКАЕ АДРАДЖЭНЬНЕ

Навале маскоўскай макулатуры, татальнай русіфікацыі кнігадруку ў нашай краіне супрацьстаяць беларускія аўтары, якія ствараюць беларускія кнігі ў замежжы. У 2007 годзе вышлі ў свет дзьве чарговыя кнігі Зянона Пазьняка, а таксама кніга Галіны Пазьняк.

“Дарога” — новая кніга паэта і фотамастака Зянона. Нізка фотаздымкаў адлюстроўвае краявіды беларускай зямлі, помнікі архітэктуры Вільні. Яны часам камэрныя, часам дыхаюць прасторай і веліччу. Глыбокая філасофія вершаў і фотакарцін Зянона даступная кожнаму чалавеку, у якога жывая душа і шчырае сэрца. Тонкай лірыкай прасякнуты вершы пра каханьне, родны край, чалавечы лёс (”Наша зямля”, “Настальгія”, цыкл “От добра”). Пафас барацьбы за Айчыну, нацыянальнай гісторыі гучыць у вершах “Белы рыцар”, “Прадвызначэньне”, “Вечны вобраз”. Асобная глава выданьня — гэта вершы і фота, прысьвечаныя Амэрыцы. Аўтар глядзіць на чужыну праз прызму беларускай душы. Кур'ёзныя ўражанбні і яркія перажываньні пераплятаюцца ў радках і фотавобразах небеларускага жыцця. Беларусь для Зянона — “У сьвеце чужым / Толькі адна апора, крыніца цяпла...”

Кніга “Развагі” Зянона Пазьняка мае падтытул “Канцэпцыя новага Беларускага Адраджэньня. Кн. 1, артыкулы і матэр'ялы (1990 — ІІІ. 1996)”. Сам аўтар вызначае ў прадмове галоўную задачу выданьня: “Адлюстраваць сутнасьць палітычнага становішча і канцэпцыю дзеяньняў Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, канцэпцыю, якая прывяла да перамогі — здабыцця незалежнасьці Беларусі”. Кніга прадстаўляе артыкулы Зянона Пазьняка і інтэрвію зь ім, надрукаваныя ў беларускім друку на працягу змагарных шасьці гадоў. У гэтых тэкстах адчуваецца жывы пульс падзеяў, сфармуляваны адэкватныя высновы і прагнозы, якія зьдзейсьніліся праз пэўны час. Сабранае разам, гэта больш чым публіцыстыка ў звычайным сэнсе слова. Гэта хутчэй энцыклапэдыя Беларускага Адраджэньня, на старонках якой разгарнуліся драматычныя падзеі нашай эпохі. Удзельнікі тых падзеяў многае ўспомняць, знойдуць сваё месца ў плыні адлюстраваных фактаў. Для маладых гэтая кніга ёсьць сапраўды непаўторны гістарычны матэр'ял дзеля асэнсаваньня часу, у якім яны не жылі. Аўтар зрабіў вялікую працу па збору і сістэматызацыі матэр'ялу. Кніга мае высокае навуковае значэньне.

Выданне ілюстравана выдатным дакумэнтальным і мастацкім фотаматэр'ялам. Некаторыя з фотаздымкаў публікаваліся ў тыя часы. Але многія апублікаваны ўпершыню. Шматтысячныя дэманстрацыі і мужны супраціў самотнага беларуса, партрэты паплечнікаў, плякаты з вельмі вострымі тэкстоўкамі ў руках дэманстрантаў, і самае галоўнае — яркі кантраст паміж светлымі тварамі змагароў-адраджэнцаў і дзікімі партрэтамі ненавісьнікаў Беларусі. Гэтае супрацьстаяньне і дагэтуль вызначае сэнс сучаснае беларускае гісторыі.

“Беларусь у сэрцы” — аўтабіяграфічная кніга Галіны Пазьняк. Але па волі лёсу біяграфія аўтаркі сталася часткай біяграфіі нашай краіны. Знаходзячыся ў цэнтры барацьбы за незалежнасць Беларусі, Галіна Пазьняк занатавала і апублікавала цяпер шэраг фактаў і падзеяў, якія без яе памяці і яе пяра забыліся б і яшчэ горш, сталіся б аб'ектам для фальсіфікацыяў і прыдумак (што мы, на жаль, назіраем цяпер у “мемуарах” некаторых дзеячаў, роля якіх у нацыянальным Адраджэньні была мягка кажучы сумніўнай). Мова кнігі жывая і сакавітая, чытаецца на адным дыханні. Аўтарка перадае настрой, фарбы падзеяў, прадстаўляе чытачу праўдзівыя карціны часу. Вось, напрыклад, старонка, прысвечаная 100-тысячнаму мітынгу 26 лютага 1990 г. у Менску, калі фронтаўка прымусіла генсека КПБ здаць ахвяраваньне на БНФ: “Я з сябрамі зьбірала на мітынгу ахвяраваньні. Я нечакана разварочваюся да Я. Сакалова і са сьмехам прапаную: ахвяруйце на Народны Фронт! Сакалоў бездапаможна і разгублена адступіў на крок-другі. Каб адчапіцца, ён кінуў у скрыню пяць рублёў. Сьмяялася ўся плошча...” Главы, прысьвечаныя змагарнай працы ў Менскім гарсавеце, у структурах Народнага Фронту, за межамі радзімы, узбагачаны фотаздымкамі.

Тры кнігі пра нацыянальнае Адраджэньне — надзвычай важны ўнёсак у беларускі кнігадрук на працягу ўсяго аднаго года. Цяпер і праз дзесяцігоддзі яны абавязкава знойдуць свайго чытача.

Валеры Буйвал

Зянон. Дарога. (Вершы і фатаграфіі). Варшава-Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2007 — 430 ст., іл.

Зянон Пазьняк. Развагі. Канцэпцыя новага Беларускага Адраджэньня. Кн. 1, артыкулы і матэр'ялы (1990 — ІІІ. 1996). Варшава-Нью Ёрк-Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2007 — 312 ст., іл.

Галіна Пазьняк. Беларусь у сэрцы. Варшава-Нью Ёрк-Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2007 — 240 ст, іл