УСЁ РАСТЛУМАЧЫЛА “ЩЁТКИНА”

Праваслаўная Куцьця па-рэжымнаму. 6 студзеня з экранаў БТ рэжым азваўся з канцэптуальнай трактоўкай фінансавага абвалу апошніх дзён. На экранах зьявіліся не сам Лукашэнка і не прэм'ер Сідорскі (хаця тлумачыцца трэба было б менавіта ім), і зноў жа не галоўны банкір Пракаповіч. Яны выштурхнулі наперад нейкую фізіяномію з Нацбанка РБ і маладога тэлевядучага. Гэтыя два статысты адзінадушна заявілі, што “всё проісходяшчее — это эмоціональная реакція граждан”. Банкір сказаў, што праз два месяцы цэны зноў упадуць. Потым ён заклікаў “весті себя раціонально”, мяняць замежную валюту на рублі РБ і несьці гэтыя грошы ў банкі. Гэта, маўляў, самае выгаднае. Адчувалася, што выступаў загартаваны банкаўскі шулер. Ён трымаўся статычна, глядзеў проста перад сабой, як біяробат. А вось журналіст, паўтараючы пра “эмоціональную реакцію”, нізка апускаў галаву і хаваў твар. У пацьверджаньне сваіх банкаўскіх аргумантаў біяробат накрэсьліў на тэлеэкране некалькі формулаў, паводле якіх той, хто мае грошы ў далярах і эўра, вельмі прайграе. У рублях РБ, маўляў, такое немагчыма.

Зрабіла сваю заяву і міністэрства працы і сацзабесьпячэньня. Зноў жа на экран выпусьцілі не міністра, а яго намесьніцу товаришч Щёткину. Щёткина тлумачыла, як “власть будет заботиться о всех нуждаюшщихся гражданах, но и требовать от них”. Дамачка з камсамольскай выпраўкай, яна выступала ў тэлекамэру з бадзёрасьцю і імпэтам, вельмі чісто по-русскі. Так чыталі свае вершы на публіцы маскоўскія авангардысткі 60-х гадоў Рыма Казакова і Бэла Ахмадуліна. Розьніца толькі ў тым, што ў іх ішлося пра “розовый мотороллер” і “нежные грёзы”, а ў Щёткинай пра мільёны падманутых і абрабаваных беларусаў. Справа ў тым, што па ўсёй краіне ўжо распаўсюдзіліся зьвесткі пра тое, што ў бліжэйшы час рэжым зробіць чарговую “рэформу” адмыслова для пажылых людзей. У пэнсіянэраў, якія працуюць, будуць забіраць 50% пэнсіі. У выніку пажылым людзям зусім ня будзе сэнсу працаваць. Але як тады выжыць на жабрацкія пэнсіі?

Актывізаваўся ня толькі народны “тэлеграф”. Гэбэ мабілізавала і кінула ў народ (на вакзалы, у электрычкі, чэргі, на вуліцы) процьму сваіх стукачоў. Яны ня толькі зьбіраюць інфармацыю пра настроі ў грамадзтве, але і распаўсюджваюць чуткі. Заўважана, як у апошнія дні стукачы загукалі ў грамадзкіх месцах: “Ну, ничего. Не такое ещё переживали. Мы не сдадимся! Надо поддержать власть...” Яны ж падкінулі грамадзтву “сэнсацыю”: “Товарищи, всё уже готово. Под Минском уже стоят эшелоны, полные денег. Это новая валюта союзного государства...” Цікава, што на фоне сюррэалістычных сцэнаў апошніх дзён многія беларусы вераць гэтай лухце пра “союзную валюту”. Усё гэта вельмі падазроная вазьня. Бо выглядае на псіхалагічную падрыхтоўку глебы для ўвядзеньня на Беларусі расейскага рубля. Ворагі Беларусі здольныя на любое злачынства.

Янка Базыль