“ХІТРАНЬКАЯ, ПРАВІНЦЫЙНАЯ ПАЛІТЫЧКА СКОНЧЫЛАСЯ...”

28 сьнежня 2008 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведамляе з віленска-беларускага памежжа. Жыхары Віленскага краю даведаліся пра пабудову атамнай электрастанцыі ўладамі РБ вельмі блізка ад тэрыторыі Летувы. Людзі сумняваюцца ў яе надзейнасьці, баяцца за сваё здароўе, за дзяцей.

Наш камэнтар: Вельмі здаровая рэакцыя жыхароў памежжа. Цяперака яны павінны былі б зрабіць масавы і настойлівы запыт віленскаму палітычнаму эстэблішмэнту: з кім з палітычных сілаў Беларусі вы шчыльна супрацоўнічалі на працягу апошніх гадоў? Хто арганізоўваў зьнешне эфэктныя канфэрэнцыі пра “правы чалавека” ў Вільні? З кім віленскія лідэры “наладжвалі дыялёг дзеля эўрапеізацыі” апошнім часам? Эстэблішмэнту давялося б адказаць, што яны вадзілі карагоды з Мілінкявічусам, Калякінасам, Вячоркасам, Казулінасам, Лябедзькусам і іншымі з падстаўной прамаскоўскай “апазыцыі” РБ, якія цяпер адкрыта прапануюць свае паслугі рэжыму. Што апошнім часам у Вільні шмат дудзелі ў фанфары пра “дыялёг з кіраўніцтвам Беларусі”, якое быццам бы “павярнулася да Эўропы”. Віленскі эстэблішмэнт павінен распавесьці свайму грамадзтву, што на працягу гадоў рабіў выгляд, што “не заўважае” змаганьня беларускіх патрыётаў за вызваленьне Бацькаўшчыны (тых самых патрыётаў, якія ў 1989-91 гг. салідарна падтрымалі змаганьне летувісаў).

Хітранькая, правінцыйная па сутнасьці палітычка згаданага эстэблішмэнту скончылася правалам. Расейскія акупанты ўсталёўваюць каля летувіскай мяжы на тэрыторыі рэжымнай Беларусі свае зьнішчальныя ракеты, накіраваныя на ўсхваляваны народ Летувы. Расейская акупацыйная “навука” разбудоўвае каля мяжы чарговы зьнішчальны Чарнобыль. Мілінкявічусы-вячоркасы-хадыкасы карцінна тэарэтызуюць пра тое, што “АЭС у прынцыпе патрэбная...” Сумны канец шматгадовага віленскага фарсу.

Юрка Марозаў