АБ ФІНАНСАВА-ЭКАНАМІЧНЫМ КРЫЗІСЕ Ў БЕЛАРУСІ

(Паведамленьне)

На Беларусі працягваецца фінансава-эканамічны крызіс, які дзень у дзень пагаршае становішча краіны і людзей. Крызіс пачаўся на Захадзе, але непасрэдна прыйшоў да нас з Расеі і зьявіўся вынікам антынацыянальнай і эканамічна неадэкватнай палітыкі кіруючага рэжыму ў Беларусі.

Чыньнікі, якія найперш паспрыялі крызісу, — гэта штучная (насуперак нацыянальным інтарэсам) прывязка беларускага гандлю і эканомікі да непаўнавартаснай і збочанай палітыка-эканамічнай сістэмы Расеі; гэта штучна створаная неразьвітасьць унутранага рынку краіны, адсутнасьць нармальных дачыненьняў уласнасьці і цалкавіты разбуральны кантроль вузкай групы ўлады над усімі фінансава-эканамічнымі дачыненьнямі ў Беларусі.

Рэжым улады на працягу 4-х месяцаў крызісу штучна трымаў заніжаны абменны курс даляра на беларускія рублі, рыхтуючы дэвальвацыю. У выніку дэвальвацыя была зроблена са спазьненьнем, што стала прычынай страты амаль паловы золата-валютных рэзэрваў Нацыянальнага банку краіны і выклікала падазрэньні людзей у нечыстаплотнасьці ўсёй апэрацыі.

У краіне спыняюцца прадпрыемствы, людзі трацяць працу, абнізіўся ўзровень жыцьця і павысіліся расходы насельніцтва на неабходныя тавары і паслугі.

Кіроўная група ўлады цалкам нясе адказнасьць за цяжкія праявы крызісу ў краіне і ў значнай ступені вінаватая за яго ўзьнікненьне і за разбуральны працяг, бо праводзіла згубную і неадпаведную эканамічную палітыку.

Ёсьць вялікія сумненьні, што гэтая палітыка будзе зьменена і што існуючае кіраўніцтва краіны здольнае вывесьці Беларусь з крызісу з найменшымі стратамі. На парадку дня паўстае пытаньне аб пакіданьні пасады А. Лукашэнкам. Сытуацыя патрабуе зьмены ўсёй эканамічнай палітыкі на карысьць нацыянальных інтарэсаў, ставіць задачу кардынальных пераменаў у сістэме ўлады.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 студзеня 2009 г., г. Менск