КРАІНА, ДЗЕ НІКОМУ НІЧОГА НЕ БАЛІЦЬ.

25 студзеня 2009 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” паведамляла з Масквы. 300 асобаў разьвіталіся на могілках з адвакатам С. Маркелавым, якога забілі днямі непадалёк ад Крамля ў Маскве. Ва ўкраінскім Севастопалі пахавалі таксама маладую журналістку А. Бабураву, што загінула разам зь ім. Прэзыдэнт Украіны Юшчанка прыслаў бацькам дзяўчыны тэлеграму, у якой выказаў свае спачуваньні і заявіў пра неабходнасьць знайсьці і пакараць забойцаў журналісткі, якая загінула пры выкананьні свайго прафэсійнага абавязку. Ані Медведев, ані Пуцін нікому спачуваньняў ня выказалі.

Наш камэнтар: У 1991-95 гадах палітычныя забойствы выклікалі ў расейскім грамадзтве вялікі зрух. З ахвярамі разьвітваліся і пратэставалі супраць тэрору сотні тысячаў людзей. Але з часам у лубянскай імпэрыі кілерства зрабілася настолькі банальным фактам, што расейскае грамадзтва перастала асабліва на гэта зьвяртаць увагу. У псіхіятрыі такое называецца “парогам болю”. Як бачым, расейцам у асноўным ужо нічога не баліць. А гэта ёсьць адна з прыкметаў сацыяльнай сьмерці грамадзтва.

Юрка Марозаў