ПАДАРУНАК ЛЮДЗЯМ, ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ “АБЫ ВАЙНЫ НЯ БЫЛО”

3-га лютага антыбеларускі рэжым падпісаў з Масквой чарговую злачынную дамову, накіраваную на разбурэньне Беларускай дзяржавы расейскім ворагам. Паводле дамовы ўтвараецца “сумесная сыстэма супрацьпаветранай абароны саюзнай дзяржавы” і “сумеснае камандваньне войскамі супрацьпаветранай абароны”. Нам растлумачылі таксама, што цяпер беларускія войскі СПА зьяўляюцца першым (з пяці) эшалёнаў супрацьпаветранай абароны Расеі. Такім чынам, цяпер абсалютна “легальна” беларускія вайскоўцы зьяўляюцца жывым шчытом для Масквы, сталіцы чужой дзяржавы. Вядома, што ў выпадку любога ваеннага канфлікта менавіта па першаму эшалёну наносіцца найбольш магутны першы ўдар (што й адбывалася з “беларускім эшалёнам” у 1812, 1914, 1941 гадах). Беларусы зноў становяцца закладнікамі антычалавечай агрэсіўнай палітыкі маскоўскай імпэрыі. У гестапа быў адзін звычай. Пасьля расстрэлу чалавека ягоная сям'я павінна была аплаціць катам выдаткі ў тым ліку і на кулю, якой быў забіты гэты чалавек. Масква выхваляецца, што ў бліжэйшы час Беларусь закупіць у яе сучасьнейшыя сістэмы супрацьпаветранай абароны. Беларусы павінны ня проста абараняць Маскву і паміраць за яе, але яшчэ й аплаціць выдаткі на ўсё гэта.

Калі ў 1992 г. беларусы пыталіся ў С. Шукевіча, навошта ён падпісаўся ў Маскве пад уступленьнем Беларусі ў гэтак званую Арганізацыю дамовы пра калектыўную бясьпеку, ён казаў тады: “Гэта пустая паперка. Яна нічога ня значыць...” Палітычная безадказнасьць несамастойнага, кіруемага палітыка дорага каштавала нашай краіне. Апошнім часам у гэтую падмаскоўскую арганізацыю ўваходзяць Расея, Казахстан, Беларусь, Кыргызтан, Таджыкістан, Арменія.

4 лютага кіраўнікі гэтых краінаў падпісалі ў Маскве ў рамках згаданай арганізацыі дамову “Аб калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня”. У якасьці гэтых “калектыўных сілаў” названы расейскія 98-я паветрана-дэсантная дывізія і 31-я паветрана-дэсантная брыгада. Астатнія краіны даюць у “сілы” па адному батальёну. Мэты дамовы — “самыя благародныя”: абарона ад зьнешняй агрэсіі і моднага цяпер міжнароднага тэрарызму. У некаторых камэнтарах згадваецца таксама “супрацьдзеяньне экстрэмізму”. Вядома, што пад экстрэмізм можна падвесьці любы мірны народны выступ, напрыклад, у абарону школаў на нацыянальнай мове. Тым больш выступ супраць карупцыі існуючага рэжыму. Калі падчас зьбіцьця дэпутатаў-фронтаўцаў у будынку Вярхоўнага Савету Беларусі 12 красавіка 1995 г. некаторыя зь іх зрывалі маскі з спэцназаўцаў і ідэнтыфікавалі дзяржымордаў як расейцаў, то цяпер маскоўскія галаварэзы маюць права з любой нагоды ўрывацца на нашу тэрыторыю без масак. Так бы мовіць, “абсалютна законна”.

Чаму так сьпяшаюцца з гэтымі “сіламі” у Маскве? Таму што ў Крамлі-Лубянцы ведаюць інфармацыю пра катастрафічнае становішча на падмаскоўскай прасторы і спрабуюць выратаваць сваю ўладу і сваю скуру. Нешта падобнае назіралася ў 1987 годзе, калі пад “гарбачоўскую дэмакратызацыю” Масква пачала імпэтна ствараць спэцчасткі, амоны, “альфы”, “вымпелы” і іншыя апрычніцкія дывізіі ды батальёны. Што яны тварылі потым у Вільнi, Рызе, на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі, добра вядома. Вядома таксама, што саўдэпія ня выратавалася гэтымі “альфамі” і ўжо ў 1991 г. адбыўся першы этап развалу імпэрыі. Гісторыя паўтараецца на новым вітку. Масква зноў шыхтуе сваіх галаварэзаў, каб душыць народы. Але гэта значыць толькі адно — настае апошні этап канчатковага развалу імпэрыі.

У сувязі з падпісанымі злачыннымі антыдзяржаўнымі дамовамі з Расеяй менскі афіцыёз пачаў трубіць пра тое, што “беларусы будуць служыць толькі дома, не паедуць нікуды ваяваць за мяжу” і г.д. Але ўжо 6 лютага даў прэс-канфэрэнцыю пасол РФ у Менску тав. Сурыкаў. Ён сярод іншага вельмі празрыста выказаўся наконт таго, што пара б беларусам узяць на сабе інтарнацыянальныя абавязкі. Інфармацыйная бомба грукнула настолькі аглушальна, што гэбельсаўшчына прамаскоўскага рэжыму вымушана была з 7 лютага пачаць спэцапэрацыю па прыкрыцьцю інфармацыі, якую выдаў самаўпэўнены (гэтым разам шчыры) Сурыкаў. Ягоныя выказваньні “с чувством свяшченного гнева” дэзавуіруюць на ўсіх інфармацыйных хвалях. Дзякуй тав. Сурыкаву “за прямоту і прінціпіальность”. Злачынны характар маскоўскіх дамоваў становіцца яшчэ больш зразумелым. Масква штурхае беларускіх мужчынаў у крывавы вір войнаў.

Янка Базыль