ЯКІЯ ЭКСПЭРЫМЭНТЫ ПРАВОДЗЯЦЦА НАД МАЛЫМІ БЕЛАРУСАМІ?

У раёнах Беларусі, атручаных Чарнобылем, ужо каторы год рэжым нагружае людзей чужым словам “рэабілітацыя”. Слоўца знаёмае старэйшаму пакаленьню беларусаў з крывадушнай кампаніі “выбачэньня ворагаў народу” часоў хрушчоўскай “адлігі”. Тады крамлёўскія арганізатары масавых забойстваў пэрыяду 1936-1953 гг. аддалі загад акупацыйным маскоўскім структурам на Беларусі (выканаўцам масавых забойстваў) на “рэабілітацыю”. Расстрэльшчыкі-гэбісты “великодушно простили” свае ахвяры. Прычым, нават гэтая цынічная акцыя закранула толькі малую частку зь мільёнаў загубленых і скалечаных жыцьцяў. Ахвяры маскоўскіх акупантаў пэрыяду 1917-1935 гадоў цалкам ня былі ўключаны ў гэбоўскую рэабілітацыю. Пасьлясталінская подласьць зьдзяйсьнялася пад фармулёвачкі тыпу “Время было такое, товарищи... Культ личности”.

Прамінулі дзесяцігоддзі. І новае пакаленьне беларусаў зноў патрапіла пад акупанцкую “рэабілітацыю”. Нармальныя людзі, якія жывуць у цывілізаваных краінах, без тлумачэньняў не разумеюць, пра што йдзецца. Італьянцы, ірляндцы, немцы пытаюцца: “А навошта рэабілітаваць дзяцей? Яны ж ні ў чым не вінаватыя”. Справа ў тым, што штогод на адзін-два месяцы ўсіх дзяцей Гомельшчыны і Магілеўшчыны забіраюць з сем'яў і цэлымі клясамі трымаюць у спэцыяльных цэнтрах “рэабілітацыі”. Паводле афіцыёзу, іх “рэабілітуюць ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы”. Дзяцей абсьледуюць, бяруць аналізы. Культурных праграмаў для іх няма. Фактычна адзін-два месяцы яны сядзяць за плотам, адарваныя ад сваіх бацькоў, роднага асяроддзя. Можа іх кормяць крымскай садавінай, ікрой і г.д.? Не, харчаваньне выключна мясцовае.

Наведвальнікаў, якія трапляюць у гэтыя цэнтры бясконца зьдзіўляе, што дзеці выглядаюць, як агаломшаныя. Яны сонныя, пасіўныя, бязрадасныя. Вось толькі адзін прыклад рэжымнага “гуманізма”. У лютым сёлета (пасярод павальнай эпідэміі грыпа, калі трэба было б абвяшчаць у школах каранцін) дзяцей Нава-Беліцкага раёна г. Гомеля сабралі на месяц у адзін з такіх цэнтраў, што знаходзіцца на вул. Жамчужнай у тым жа Нава-Беліцкім раёне (!?). На бацькоў, якія не хацелі аддаваць сваіх дзяцей, зьдзяйсьняўся моцны ціск з боку адміністрацыі школаў і РАНА. Усё скончылася масавым захворваньнем дзяцей у гэтым “рэабілітацыйным” цэнтры. У дзяцей была тэмпэратура ў 40 градусаў, хвароба працякала вельмі цяжка — такая вось атрымалася “рэабілітацыя”.

Вельмі зьдзіўляе пасіўнасьць дзесяткаў тысячаў бацькоў беларускіх дзяцей. Яны, падобна, не задумваюцца, навошта чужыя людзі забіраюць ад іх малых і трымаюць іх у ізаляцыі на працягу доўгага часу. Самае галоўнае, што пасьля гэтага дзеці вяртаюцца дахаты і не дэманструюць лепшага здароўя. Трэба прызнаць, што рэжым і ня ўжывае слова “аздараўленьне”. Бацькі, на жаль, не задаюцца пытаньнем: “А з чаго гэта такі навязьлівы гуманізм? У Італіі адпачываць дзецям забаранілі, а на “рэабілітацыю” гоняць прымусам?”

Калі абваліцца антынародны рэжым, сьледства і суд будуць высьвятляць, каму спатрэбілася гэтая ізаляцыя нашых дзяцей. Будзе выкрыта, якія экспэрымэнты праводзіліся над малымі беларусамі, куды паступалі дадзеныя па “вялікай папуляцыі чарнобыльскіх раёнаў” (як выказваюцца ў Маскве спэцы ад “мірнага атама”).

Янка Базыль