ВАЛТУЗЬНЯ НА ВЕРШАЛІНЕ РЭЖЫМА — НУЛЬ ДЛЯ НАРОДА

4 сакавіка 2009 г. Румынская газэта “Adevarul” пісала пра апошнюю акцыю новага лідэра Кубы Рауля Кастра. Рауль паслаў на пэнсію вялікую групу вышэйшых начальнікаў, даўніх стаўленікаў Фідэля Кастра. Рауль патлумачыўся, што на ўсё даў дабро сам Фідэль.

Наш камэнтар: Некаторыя газэты паведамляюць, што Рауль тлумачыць кампанію “санацыі” паводзінамі кастраўскага начальства, якое “зафанабэрылася ад улады”. Кубінская дэмакратычная апазыцыя заявіла, што зьмена асобаў у кіраўніцтве не абяцае нічога добрага для кубінскага грамадзтва.

Думку антыкастрыстаў цалкам падзяляюць беларускія патрыёты. За амаль 15 гадоў лукашызма дыктатура не адзін і ня два разы займалася дэкаратыўнымі “санацыямі”. Пад першую хвалю патрапілі гэтак званыя “маладыя ваўкі”, якія пад дудку Масквы прывялі Лукашэнку да ўлады ў 1994 г. (Лебедько, Ганчар, Булахаў і г. д.). Яны шумна скаціліся з палітычнага алімпа, дзе меркавалі атабарыцца разам з дыктатарам. Потым былі хвалі, што накрывалі чарговых прыслужнікаў антыбеларускага рэжыму: Захаранку, Краўчанку... Многія зь іх каціліся з гары непасрэдна ў абдымкі падстаўной прамаскоўскай “демоппозіціі”. Краўчанка пасьпеў нават некалькі разоў вярнуцца на лукашысцкі алімп і скаціцца зь яго зноў. А на прыканцы мінулага года беларускія патрыёты даведаліся пра арышты некаторых з рэжымных начальнікаў і пазналі сярод арыштаваных фізіяноміі пракурораў і суддзяў, якія вялі фальшывыя працэсы супраць абаронцаў Беларусі. Але гэта нікога не абрадвала: валтузьня на вершаліне рэжыма ніколі не прывядзе да аблягчэньня жыцьця народа.

Юрка Марозаў