АДГАЛОСКІ МІНУЛАЙ ВАЙНЫ

5 сакавіка 2009 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведаміла пра выйсьце з рады Музэя нямецкіх выгнанцаў старшыні асацыяцыі гэтых выгнанцаў Эрыкі Штайнбах. Польская дзяржава і грамадзтва запатрабавала гэтай адстаўкі ў сувязі з адпаведнай рэпутацыяй фраў Штайнбах у Польшчы. Нямецкая газэта называе выкананьне польскіх патрабаваньняў “Піравай перамогай”, “істэрыкай” і г.д.

Наш камэнтар: А па сутнасьці істэрычнай зьяўляецца менавіта рэакцыя нямецкай газэты і многіх іншых колаў ФРГ. Фраў Штайнбах публічна заяўляла, што пакуты польскага народу падчас Другой сусьветнай вайны “не былі такімі ўжо вялікімі”. Яна ўзначальвае асацыяцыю немцаў, прымусова выселеных з Усходняй Прусіі і Заходняй часткі цяперашняй Польшчы у 1945 годзе (іх налічваюць да 12 мільёнаў). Безумоўна, гэта была вялікая чалавечая трагедыя. Толькі й немцам ня трэба забывацца, як яны шматтысячнымі натоўпамі крычалі “Хайль Гітлер!” і лезьлі да монстра, каб пацалаваць ягоныя рукі. Як яны бамбавалі і захоплівалі цэлыя краіны, зьнішчалі мільёны людзей, рабавалі культурныя каштоўнасьці. Праз дзесяцігоддзі адбываецца няўклюдная нямецкая спроба выставіць сябе ў якасьці галоўнай ахвяры Другой сусьветнай вайны. Калі палякі і іншыя народы даюць ім па руках, пачынаецца вэрхал на высокіх трыбунах і ў СМІ. Але нельга даваць спуску рэваншыстам ні на Захадзе, ні на Усходзе.

Валеры Буйвал