“УСЕ МАЎЧАЦЬ — БУДЗЕМ ДУШЫЦЬ.”

На працягу красавіка — пачатку траўня па ўсёй Беларусі праводзіцца рэжымная кампанія па прамыўцы мазгоў. Людзей зьбіраюць цэлымі працоўнымі калектывамі і выпускаюць перад імі лукашыстоўскіх агітатараў з рэзкімі жэстамі і халоднымі вачыма прафэсійных хлусаў. Сэнс маналёгаў гэтай публікі наступны: “Товарішчі, крізіс в Амеріке і на Западе. У нас, товарішчі, всё под контролем презідента. Мы не допустім, мы ім покажем... Товарішчі, не верьте слухам, верьте только нам. У нас стабільность і процветаніе. А делать нужно вот что. Нужно не держать прі себе деньгі і валюту. Нужно, товарішчі, менять всё на белорусскіе рублі і несті эті рублі в наші банкі. Сдавайте рублі в банкі — это залог стабільності і процветанія. Это самое надёжное...” Або як гукаў з трыбуны горада Удоева Астап Бэндэр: “Ударим автопробегом по бездорожью. Все — в “Автодор”, товарищи!”

Трэба канстатаваць, што пасьля буйнамаштабнага падману мільёнаў людзей 2 студзеня сёлета, ахвотных верыць рэжымным балбатунам на фінансава-банкаўскую тэму значна паменела. Але ёсьць зьвесткі, што такія ўсё ж знаходзяцца. І сапраўды нясуць свае грошы на рахункі банкаў, якія знаходзяцца на мяжы калапсу. Яны мабыць вераць у вечна аптымістычную ўсьмешку банкіра Пракаповіча. Яны вераць у малюнкі і нарысаваныя лічбы на паперы. Як яшчэ павінен антынародны рэжым абрабаваць і падмануць гэтых людзей, каб яны ўрэшце перасталі верыць яму і адвярнуліся ад яго? Складваецца ўражаньне, што паводле нейкай сатанінскай задумкі над нашым народам праводзіцца злачынны экспэрымэнт. Злачынцы ставяць рэкорд за рэкордам у справе зьдзеку з народа і цынічна назіраюць за рэакцыяй грамадзтва: “Усе маўчаць, многія вераць — будзем душыць яшчэ мацней”.

Янка Базыль