ДОБРЫЯ ПРЫКЛАДЫ

20 красавіка 2009 г. Славацкая газэта “Novy Cas” апублікавала анонс чэшскага фільма “Табрук”, прысьвечанага бітве за крэпасьць у Лівіі. У абароне Табрука прымалі ўдзел батальёны чэхаславацкай арміі, створаныя з чэшскіх і славацкіх дабраахвотнікаў на тэрыторыі Францыі ў 1940 г.

Наш камэнтар: Змаганьне за Табрук супраць нямецкіх і італьянскіх войскаў лічыцца славутай старонкай гісторыі Чэхіі і Славакіі. На гэтую тэму там даўно напісаны навуковыя і мастацкія кнігі, выдадзены мэмуары. Існуюць вэтэранскія клюбы, у храмах у гонар жаўнераў Табрука ёсьць памятныя шыльды. Цяпер вось чэшскія кінематаграфісты стварылі мастацкі фільм.

Спытайце у беларускіх школьнікаў, што ім распавядаюць на ўроках гісторыі ў цяперашняй школе. Яны адкажуць: “Про СССР і Велікую Отечественную войну...” Ужо каторы год галовы беларускай моладзі тлумяць гістарычнымі фальшыўкамі. Апошнім часам школьная расейская гэбельсаўшчына стала яшчэ агрэсіўней нават у параўнаньні з савецкім часам. “Сталін — геніяльны палкаводзец”, “под мудрым руководством КПСС”... і г.д. Пра Табрук беларускім дзецям не раскажуць. А ў 1941-42 гг. на розных этапах бітвы за Табрук удзельнічалі сотні беларускіх жаўнераў і афіцэраў, якія служылі ў Войску Польскім. Я размаўляў з беларускім вэтэранам вайны ў Паўночнай Афрыцы, зь якім сустрэўся ў Маладэчне ў 1994 г. Стары скардзіўся, што ягоны рукапіс мэмуараў ня хочуць прымаць у выдавецтвах. Што такое выдавецтвы РБ, мы ўсе ведаем добра. Ня трэба мець ілюзій. Пры антыбеларускім рэжыме нацыянальная памяць толькі зьнішчаецца. Аднаўленьне справядлівасьці і праўды магчымае толькі ў цывілізаванай эўрапейскай Беларусі.

Валеры Буйвал