“ХЛОПЦЫ, БІЙЦЕ ГЭТЫХ СУКІНЫХ СЫНОЎ!”

Ужо напярэдадні 22 чэрвеня ў СМІ застракацела ад штогадовай тэмы: “начало Велікой отечественной войны... советскій народ под руководством Сталіна...” і г.д. Адпрацаванае шоў штогод мае нейкія новыя нюансы. Напрыклад, маскоўская і прамаскоўская гэбельсаўшчына ўжо даўно не заікаецца пра “вероломное нападеніе Германіі на СССР”. У сьвятле апублікаваных за апошнія 20 гадоў дакумэнтаў, успамінаў і фактаў такая казачка выклікала б агульны сьмех. Ну, няхай расейцы сьвяткуюць па-свойму ўгодкі пачатку сваёй “отечественной войны”. Беларускі народ тут ні пры чым. Для беларусаў Масковія — не “айчына”. І ў вайну (Другую сусьветную) наш народ уступіў не ў 1941-м, а 1 верасьня 1939 года, калі пасьля падпісаньня злачыннага Пакту Сталіна-Гітлера пра дружбу і падзел Эўропы Нямеччына напала на Польшчу. У шэрагах Войска Польскага з першых імгненьняў абарончай вайны і ва ўсіх яе бітвах змагалася да 100 тысячаў беларускіх афіцэраў і жаўнераў з Заходняй Беларусі (былі й генэралы-беларусы). Польскія вэтэраны ўспамінаюць, як падчас нямецкіх атакаў над полем боя гучала беларускае “Хлопцы, бійце гэтых сукіных сыноў!” Больш за восем тысяч беларускіх вайскоўцаў загінулі ў верасьні-кастрычніку 1939 г., абараняючы Польшчу. 17 верасьня па дамоўленасьці з Гітлерам савецкая армія і НКВД арганізавалі вызваленчы паход на Заходнія Беларусь і Украіну. “Вызваліцелі” разгарнулі дзікія рэпрэсіі супраць беларускіх польскіх і ўкраінскіх элітаў. Дзесяткі тысячаў чалавек былі арыштаваны, высланы ў ГУЛАГ, забітыя. Сярод расстраляных праз НКВД афіцэраў Войска Польскага ў Катыні і іншых месцах былі сотні беларусаў. Можа гэта не былі ахвяры ІІ Сусьветнай вайны?

Праўды пра чэрвень 1941 г. і пра ўсю вайну мы не дачакаемся да часу поўнага краху чырвонай маскоўскай імпэрыі, якая апошнім часам нэрвова і істэрычна бароніць сваю “победу над врагамі” і “гуманітарную ролю” па вызваленьню чалавецтва. Аднак, прафэсійныя і сумленныя гісторыкі (у тым ліку і некаторыя расейскія) ужо разьвянчалі міф пра “непобедімую і легендарную”. Пасьля дамовы двух драпежнікаў, дружба чырвонага фашыста Сталіна і карычнявага фашыста Гітлера разьвівалася на працягу амаль двух гадоў. Крэмль накіраваў немцаў на заходнюю цывілізацыю, а сам пачаў захопліваць Фінляндыю, прыбалтыйскія краіны і “освобождать” Беларусь, Украіну і Малдову ды рыхтавацца да “освобожденія” Эўропы да самага Ла-Маншу. На працягу траўня-чэрвеня 1941 г. да заходняй мяжы СССР няспыннай плыньню рухаліся савецкія войскі і тэхніка. Літаральна ў некалькіх сотнях мэтраў ад занятай немцамі тэрыторыі ў полі стаялі сотні тысячаў чырвонаармейцаў. Саветы рыхтавалі атаку на сваіх хаўрусьнікаў. Але 22 чэрвеня Гітлер апярэдзіў Маскву на некалькі дзён (некаторыя гісторыкі лічаць, што на 3-6 і нават на адзін дзень) і нанёс магутны ўдар па масах войска, што рыхтаваліся не да абароны, а да атакі. На працягу першых трох месяцаў інвазіі саветы практычна згубілі ўсе войскі і ўсю тэхніку, якія знаходзіліся на захад ад Смаленска. У першыя дні былі разгромлены цэлыя дывізіі, карпусы і арміі. У Крамлі нават ня ведалі, што адбываецца на фронце (фронта практычна не было) і дзе знаходзіцца вораг. У першыя гадзіны вайны ваенны злачынца Жукаў аддаў знакаміты загад № 1 — “Не поддаваться на провокаціі”. Праз некалькі гадзін раніцай 22 чэрвеня ён адаў загад № 2 — “Перейті в наступленіе і отбросіть врага с советской землі”. Гэта толькі паглыбіла хаос і бязладдзе. Да двух мільёнаў савецкіх вайскоўцаў патрапілі ў нямецкі палон у першыя тыдні вайны.

На працягу дзесяцігоддзяў савецкая гісторыяграфія і прапаганда ляпілі для нас сваю ідэалагічную “лінію Сталіна”, хаваючы сапраўдныя маштабы трагедыі лета-восені 1941 г. Дабрахаліся да таго, што пад Менскам пабудавалі сапраўдны аб'ект пад такой назвай і возяць туды экскурсіі вучыць “савецкаму патрыятызму”. Важным элемэнтам прапагандысцкай хлусьні быў зьдзек з заходніх народаў і арміяў, якія з верасьня 1939 г. па чэрвень 1940 г. змагаліся супраць немцаў (калі Гітлер быў “вялікім сябрам СССР”). Маўляў, немцы прайшліся па Заходняй Эўропе парадам, усе заходнікі паслухмяна ўздымалі рукі ўгару і здаваліся. Тактыка маланкавых танкавых прарываў і зьнішчальных бамбардовак, ужытая нямецкімі генэраламі ў красавіку-чэрвені 1940 г. на Захадзе, сапраўды прывяла да разгрому заходніх арміяў і акупацыі дзяржаваў. Сапраўды палітычнае кіраўніцтва і вайсковае камандваньне прадэманстравалі няздольнасьць дзейнічаць супраць энэргічнага ворага. Але трэба адзначыць, што такога кашмару бязладдзя і дураты, як у саветаў 22 чэрвеня, не было нідзе. Паўсюль войскі рыхтаваліся менавіта да абароны сваіх пазыцыяў і таму немцы сустрэлі шмат у якіх месцах моцны супраціў і панесьлі цяжкія страты.

Ёсьць шэраг прыкладаў удалых дзеяньняў заходніх войскаў. Так, 10 траўня 1940 г. (першы дзень атакі на Захадзе) немцы высадзілі парашутныя дэсантныя групы на асноўныя аэрадромы Нідэрляндаў. Нідэрляндскія войскі дзейнічалі арганізавана і рашуча. У мэмуарах аднаго нямецкага антыфашыста, сьведкі тых падзеяў, напісана:” Нідэрляндцы змагаліся без мітусьні, са сьціснутымі зубамі...” Ужо ўвечар перашага дня нашэсьця большасьць захопленых немцамі аб'ектаў былі вызвалены, а захопнікі забіты або ўзяты ў палон. Тады Гітлер загадаў авіяцыі разбамбіць ушчент нідэрляндзкі горад Ратэрдам. Пасьля пагрозы разбамбіць іншыя вялікія гарады краіны нідэрляндцы спынілі супраціў. Пасьля адступленьня ад нямецка-бельгійскай мяжы невялікая бэльгійская армія трымала абарону на рацэ Ляе, што дазволіла выйсьці з-пад удару і сканцэнтравацца французкім і брытанскім войскам. Пад няспыннамі налётамі нямецкай авіяцыі бэльгійцы адбівалі атакі і палілі нямецкія танкі.

Увесь сьвет быў уражаны фактам, што Францыя зь яе вялікай сучаснай арміяй капітуліравала праз шэсьць тыдняў хаатычных баёў. Шэраг дывізій і палкоў распаліся і ўцякалі, не зрабіўшы аніводнага стрэлу. Лёндан паслаў у Францыю свайго інспэктара генэрала Айрансайда, каб разабрацца ў прычынах гэтых няшчасьцяў. Наведваючы штабы, брытанскі інспэктар сустрэў шэраг французкіх генэралаў, якія плакалі ад адчаю і разгубленасьці. Але былі камандзёры, якія не разгубіліся і дзейнічалі рашуча. На самым пачатку інвазіі французы зьдзейсьнілі ўдалы танкавы контрудар каля мястэчка Ану і разграмілі нямецкія танкавыя калёны. На працягу некалькіх тыдняў абарончай вайны найбольш вызначыўся са сваёй танкавай дывізіяй палкоўнік (праз некалькі дзён павышаны на генэрала) Шарль Дэ Голь. Ягоныя войскі нанесьлі шэраг зьнішчальных удараў, прарываючы нямецкія баявыя парадкі.

Трэба задацца пытаньнямі: а колькі Бэльгіяў і Францыяў захапілі немцы за два летнія месяцы 41-га на савецкіх прасторах? Ці ацалелі б крамлёўскія правальшчыкі, калі б іхная імпэрыя ня мела такіх тэрытарыяльных і чалавечых рэсурсаў?

Досыць нам слухаць маскоўскія фальсіфікатарскія байкі пра трагедыю вайны. Трэба таксама ведаць праўду пра эўрапейскую трагедыю 1939-41 гадоў.

Янка Базыль