АПЭРАЦЫЯ “ОВЭРЛОРД”

7 чэрвеня 2009 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” напісала пра ўрачыстасьці з нагоды 65-х угодкаў высадкі дэсанта войскаў антыгітлераўскай кааліцыі ў Нармандыі (6 чэрвеня 1944 г.). У Францыю прыехалі прынц Чарльз з Брытаніі і прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Разам з прэзыдэнтам Францыі Сарказі, вэтэранамі вайны і тысячамі грамадзянаў яны ўшанавалі памяць змагароў супраць фашызма. Прэзыдэнт Абама выступіў на могілках у мястэчку Кольвіль, дзе пахаваны тысячы амэрыканскіх жаўнераў. Ён гаварыў пра неабходнасьць памятаць пра сумеснае змаганьне супраць фашызма, а таксама пра сёньняшнюю небясьпеку для міру. Абама згадаў пра свайго дзеда. Шэраговец Стэнлі Данхэм прыбыў у Нармандыю праз шэсьць тыдняў пасьля дэсанта і прыняў удзел у баях за вызваленьне Францыі. Побач з прэзыдэнтам на цырымоніі стаялі стваральнікі знакамітага фільма “Жаўнер Джэймс Раен”, прысьвечанага тым падзеям: рэжысёр Сцівэн Спілбэрг і выканаўца галоўнай ролі Том Хэнкс.

Наш камэнтар: Трэба адзначыць, што ў цывілізаваных краінах мэмарыяльныя мерапрыемствы заўсёды маюць перш за ўсё чалавечае вымярэньне. Там ніколі не было пустой траскатні пра “нікто не забыт, нічто не забыто”, “ушлі в бессмертіе” і іншай дурасьці. Падчас ваенных дзеяньняў і на працягу дзесяцігоддзяў пасьля вайны грамадзтвы і ўрады прадпрымаюць усе намаганьні для таго, каб быў высьветлены кожны лёс, кожнае імя ахвяраў вайны, каб быў пахаваны кожны палеглы. Сярод іншых гэтым займаюцца адмысловыя службы ў міністэрствах абароны заходніх дзяржаваў. З другога боку, вядома, што на прасторах Расеі дагэтуль ляжаць косьці мільёнаў непахаваных ахвяраў войнаў. Гэта нікога там не хвалюе, гэта ёсьць спрадвечная мангольска-маскоўская традыцыя (“святая Русь”).

Апэрацыя 6 чэрвеня 1944 г. пад крыптонімам “Овэрлорд” была найвялікшым у ваеннай гісторыі дэсантам з мора на бераг. Яе правядзеньне старанна рыхтавалася на працягу доўгага часу. Мэтай падрыхтоўкі было ня толькі імкненьне да ваеннага посьпеху, але таксама дасягненьне гэтага посьпеху зь як мага меншымі стратамі. Амэрыканскія генэралы казалі жаўнерам напярэдадні дэсанту: “Хлопцы, калі вы ўбачыце ў небе нейкі самалёт, не хвалюйцеся — гэта будзе наш самалёт”. Яны не падманулі байцоў, было забясьпечана абсалютнае панаваньне саюзьнікаў у паветры. Авіяцыя актыўна бамбавала нямецкія пазыцыі, тылы, дарогі і чыгуначныя вузлы. Тысячы парашутыстаў былі скінуты ў нямецкі тыл ўноч на 6 чэрвеня і такім чынам немцы апынуліся паміж двума агнямі. Дарэчы, галоўнакамандуючы саюзных войскаў Эйзэнхаўэр наведаў перад атакай менавіта парашутныя часткі, размаўляў з жаўнерамі, імкнуўся падбадзёрыць іх. Ён ведаў, што перад парашутыстамі стаяла найбольш складаная задача і яны падвяргаліся найбольшай рызыцы. У хвалях паветранага дэсанта былі й сотні беларускіх афіцэраў і жаўнераў, што служылі ў Войску Польскім пад камандваньнем генэрала-дэсантніка Сасабоўскага. Выдатная арганізацыя апэрацыі, посьпех падманных манэўраў і дэзынфармацыі забясьпечылі станоўчае разьвіцьцё падзеяў з першага дня інвазіі. І таксама абмежаваныя страты. Эйзэнхаўэр і ягоны штаб меркавалі, што ў першы дзень загіне да 20 тысячаў жаўнераў. Страты забітымі 6 чэрвеня склалі 10 тысячаў.

Крамлёўскія геніі ніколі не праймаліся такімі “драбніцамі” як колькасьць стратаў. Масквой быў выдадзены нават адмысловы сакрэтны загад для генэралаў з фармулёўкай “людей не жалеть”. Рознае здаралася падчас вайны на вышэйшых камандных пастарунках у войсках заходніх дзяржаваў, і там былі генэралы-правальшчыкі. Але там іх за гэта адсоўвалі ад камандваньня і нават судзілі. Аднак, помнікі, фальшывыя легенды і ўсхваленьне геніяльнасьці такога бяздарнага крывавага монстра як Жукаў на Захадзе немагчымыя. Ніводзін з заходніх камандуючых за ўсю вайну не зьнішчыў столькі сваіх жа людзей, як безьліч расейскіх генэралаў і маршалаў.

Саветы ня вызначыліся падчас вайны вялікімі дэсантамі з мора, якія б маглі па маштабах параўноўвацца з апэрацыяй “Овэрлорд” або з высадкай заходніх войскаў на Сіцылію ў ліпені 1943 г. Там, дзе саветы правялі такія апэрацыі (высадкі ў Крыме, пад Ленінградам, на Мурманскім беразе, у Нарвэгіі), усё было завалена горамі жаўнерскага трупа, бо ўсё праводзілася паводле тыповай маскоўскай тактыкі лабавых атакаў у стылі “грудью, товарішчі!” і “мы за ценой не постоім”. Фарсіраваньне рэкаў суправаджалася заўсёды дзікай гэкатомбай. Самая жудасная з такіх апэрацыяў — фарсіраваньне Дняпра ў 1943 г., дзе загінулі сотні тысячаў жаўнераў.

Старэйшыя гамельчукі ўспамінаюць пра кашмарныя спосабы ваяваньня маскоўскіх геніяў. Каб выбіць немцаў з Гомеля, генэрал Гарбатаў задумаў бакавы ўдар у напрамку Доўска. А каб заблытаць немцаў, пад пасёлкам Чонкі было арганізавана фарсіраваньне Сожа слабымі сіламі. На бераг ракі саветы сагналі тысячы беларускіх мужчын, толькі што “вызваленых ад фашызма”. Ім патлумачылі, што яны павінны “змыць сваю віну крывёй” (???). Гэтых неабучаных людзей нават не апранулі ва ўніформу, раздалі ім вінтоўкі, але далёка ня ўсім. Ім паказалі заградатарад НКВД за плячыма і папярэдзілі, каб не адступалі. А потым кінулі гэтую людзкую масу на чаўнах пад нямецкія кулямёты. У дадатак у батарэі “кацюшаў” здарыўся недалёт і беларусаў накрылі залпам. Пра ўсё гэта не прачытаеш у маскоўскіх падручніках і мэмуарах.

На працягу дзесяцігоддзяў савецкая прапаганда кпіла з апэрацыі “Овэрлорд” і ў цэлым з заходніх саюзьнікаў часоў вайны. Маўляў, “настояшчіх боёв на западе не было, союзнічкі прошлісь парадом...” Памятаю, як у 1984 г. перад 40-мі ўгодкамі Дня-Д (Desant-Day) па ўсяму Менску віселі аб'явы-запрашэньні на выступы прапагандыстаў пад дэвізам “Правда о втором фронте”. І тады і цяпер акупанцкая прапаганда не сказала і ня кажа праўды пра гэтую драму. Сёлета быў адзін рэпартажык па БТ з Парыжа на тэму ўгодкаў высадкі ў Нармандыі. Малады русскоязычный журналісьцік адмалаціў нейкія штампы, ён нават не згадаў пра беларусаў, што ваявалі ў Францыі. Ня трэба чакаць праўды ад акупанцкага рэжыму і ягонай гэбельсаўшчыны. Ня трэба цешыцца ілюзіямі. Гістарычную праўду мае толькі той народ, які вызваляецца ад прыгнёту і акупацыі.

Валеры Буйвал