БЕЗ АГЛЯДКІ НА БРУСЭЛЬСКІХ БАЛБАТУНОЎ.

24 ліпеня заходне-эўрапейскі тэлеканал “Эўраньюс” цэлы дзень круціў даволі доўгі сюжэт з Менска. Прысьвечаны ён быў “памкненьню Беларусі ў Эўропу”. Выказвалася (“ад апазыцыі”) вядомая публіка: А. Марачкін у сваёй майстэрні каля чарговай сваёй карціны, А. Лебедько ў сваёй штаб-кватэры і Ж. Літвіна ў сваім БАЖы. Яны казалі пра “пэрспэктывы” і “неабходнасьць зьменаў ў выбарчым заканадаўстве”. Мелася на ўвазе, зразумела, рашучае жаданьне “апазыцыянэраў” ісьці на наступныя выбары пад музыку дыктатуры і весьці на гэтае пустое шоў беларускі народ. Ніхто з гэтых запісных “дысідэнтаў” ані словам не згадаў пра зьнішчэньне прамаскоўскім рэжымам беларускай мовы і культуры, пра шалёную палітыку русіфікацыі і асіміляцыі. Потым паказалі чыноўніка сярэдняй рукі з атачэньня Лукашэнкі. Той з усьмешачкай і сарказмам нагадаў эўрагледачам:

“Ну, не проголосовал за этіх оппозіціонеров народ. Народ ведь так решіл...” (Вось ён — галоўны вынік удзелу падстаўной псэўдаапазыцыі ў псэўдавыбарчым шоў). Дарэчы “Эўраньюс” не згадаў, што ў верасьні 2008 г. беларускі народ масава не пайшоў на выбарчае шоў рэжыму на заклік Беларускага Народнага Фронту і фактычна адвярнуўся ад акупантаў Беларусі. (Зразумела чаму яны пра гэта маўчаць. Таму што нагадваць пра гэта непажадана — Захад зноў будзе штурхаць беларусаў на “легальны шлях выбараў”, не заўважаючы увесь рэжымны маразм і зьдзек з дэмакратыі). Адзін польскі эўрадэпутат (адказны за сувязі з Беларусьсю) нават у адкрытую заявіў з Брусэля: “Мы працягваем уладам Беларусі руку...”

Праграма “Эўрапейскага партнёрства” яшчэ не набыла канкрэтнага ўвасабленьня. Ніхто яшчэ ня можа дакладна сказаць, што гэта такое будзе. А брусэльская бюракратыя ўжо трубіць пра ручканьне з рэжымам і тое, што “цяпер беларускія чыноўнікі зноў змогуць езьдзіць на Захад”. (Зноў жа з Брусэля забыліся нагадаць, што бальшыня беларускіх грамадзянаў так і ня будзе дапушчана на Захад, што памежныя пункты так і будуць пуставаць, грамадзяне так і будуць плаціць за візы шалёныя грошы і прадастаўляць ідыёцкія даведкі). Затое яны адзначылі “пэўны прагрэс у справе дэмакратыі”. Напрыклад, наступны факт: “Лідэру апазыцыі Мілінкевічу дазволена стварыць сваю партыю...” Ім нават ня дзіўна: а што ж гэта за “лідэр” такі, у якога дагэтуль нават не было сваёй партыі? Адным словам, беларусы паглядзелі і паслухалі чарговы, знаёмы бессаромнай фальшывасьцю заходні тэлеролік пра “дружбу-фройндшафт”. Гэта яшчэ раз пацьвердзіла думку аб неабходнасьці вырашаць праблему з ліквідацыяй дыктатуры і нармалізацыяй нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця сіламі беларускага народу, без аглядкі на брусэльскіх балбатуноў.

Янка Базыль