ПАГРОЗА: НЕЗАКОННЫЯ ЗЬДЗЕЛКІ ПАМІЖ РЭЖЫМНАЙ АДМІНІСТРАЦЫЯЙ І РАСЕЙСКАЙ ДЗЯРЖМАФІЯЙ

(Верасьнёўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КансэрватыўнаХрысьціянскай Партыі — БНФ)

13 верасьня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Яшчэ раз аб выбарах і нашай пазыцыі” (публікуецца).

З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

З усяе краіны паступаюць зьвесткі пра рэзкае падзеньне вытворчасьці, зьніжэньне заработнай платы і звальненьні работнікаў. Напрыклад, на шкоднай вытворчасьці у гальванічных цэхах жанчыны-работніцы атрымліваюць мізэрны заробак у 200 тыс. рублёў. З шэрагу прадпрыемстваў людзі звальняюцца самы, бо немагчыма забясьпечваць сем’і на такі нізкі заробак.

Актывізавалася мафійная дзейнасьць расейскага капіталу на нашай тэрыторыі. У выніку патаемных трансакцыяў з прадстаўнікамі кіруючых колаў РБ расейскія капіталісты зьдзейсьнілі некалькі так званых “белых рэйдэрскіх захопаў” беларускіх прадпрыемстваў. У адрозьненьні ад “чорных захопаў” (сіламі бандыцкіх груповак, якія захопліваюць прадпрыемствы) “белы захоп” зьдзяйсьняецца праз карупцыйную дамову з мясцовымі кіраўнікамі. Такім чынам, напрыклад, быў захоплены расейцамі буйны хімічны камбінат “Азот” у Горадні. Цяпер камбінатам валодаюць чужынцы. Яны прывезьлі з Масквы некалькі дзесяткаў спэцыялістаў, якіх пасялілі ў Горадні. У выніку беларускія работнікі былі выкінуты на вуліцу і засталіся без працы.

На жаль, беларускае грамадзтва ня ведае аб маштабах расейскага захопу ключавых пазыцыяў у нашай эканоміцы і фінансах. Напрыклад, аб тым, што беларускі “Зьнешэканомбанк” (адзін з сымвалаў сувэрэнітэту дзяржавы) знаходзіцца пад кантролем Расеі. У сувязі з гэтым рэжымная прапаганда разгарнула хлусьлівую кампанію, тлумачачы беларусам, што “Лукашэнка мацуе сувэрэнітэт Беларусі”. Да кампаніі, нажаль, актыўна падключыліся “агітатары” з шэрагаў псэўдаапазыцыі (А. Трусаў, С. Дубавец і інш.), якія даказваюць, што “рэжым Лукашэнкі не акупацыйны, а самастойны, свой, беларускі”. Гэтую відавочную хлусьню абвяргаюць факты расперазаных дзеяньняў расейскай імпэрыі на нашай зямлі ў хаўрусе з акупацыйным рэжымам. Рэжым працягвае таксама сваю маштабную антызаконную паліцэйскую акцыю. Пасьля таго, як незаконна былі ўзяты адбіткі пальцаў у мільёнаў мужчын, паліцэйшчына ўзялася за беларускіх жанчын. Нават пажылыя грамадзянкі атрымліваюць позвы на дактыласкапію. Хаця дагэтуль спэцслужбы рэжыма не знайшлі нават сьлядоў тэрарыстаў, што зьдзейсьнілі выбух у Менску ўноч на 4 ліпеня 2008 г. (Выбух у Менску рэжым ўжо другі год выкарыстоўвае для застрашваньня насельніцтва. Адсюль і позвы ўсім на адбіткі пальцаў.) У той жа час на Захадзе апошнім часам быў апублікаваны шэраг артыкулаў, у якіх даказваецца, што выбухі з сотнямі ахвяраў у Маскве, Валгадонску і на Каўказе ў 1999 і наступныя гады былі арганізаваны ФСБ паводле загаду Пуціна.

Імпэрыя нядаўна прадэманстравала свой катастрафічны стан. Катастрофа на буйнейшай Саяна-Шушанскай ГЭС магла прывесьці да мільёнаў ахвяраў і зьнішчэньня шэрагу гарадоў. Пагроза канчатковага разбурэньня плаціны застаецца, зьнішчэньне можа адбыцца ў любы момант. І вось гэтая дзяржава з хворай мафійнай эканомікай і інжынэрнымі аб’ектамі ў катастрафічным стане зьбіраецца будаваць у Беларусі атамную станцыю і свае хімічныя камбінаты. Замест рамонту аб’ектаў і рэструктурызацыі эканомікі Масква кідае сродкі на ваенную агрэсію супраць сувэрэнных краінаў і ўзмацняе гэбоўскія структуры па ўсёй імпэрыі. Беларускае грамадзтва павінна асэнсаваць сьмяротную небясьпеку расейскай акупацыі і ўстаць на абарону сваёй нацыянальнай Дзяржавы.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра мафійныя зьдзелкі рэжымнай адміністрацыі і расейскай дзяржмафіі. Нават беларускае чынавенства (якое было ўпэўнена, што яго не закрануць антыбеларускія працэсы) уражана гэтымі зьявамі. Беларусы таксама назіраюць з трывогай за падзеямі ў Расеі. Вядома, што ў сувязі з саяна-шушанскай катастрофай тысячы расейцаў уцякаюць з Сібіры. Але ратуюцца яны не ў Разані або Волагдзе (дзе свае сацыяльна-эканамічныя катастрофы), а атабарваюцца ў Беларусі. Іх ахвотна легалізуюць структуры антыбеларускага рэжыму, зацікаўленыя ў павелічэньні долі расейцаў у насельніцтве Беларусі. Нямецка-расейскія планы па вяртаньні Нямеччыне Усходняй Прусіі (цяпер Калінінградская вобласьць РФ) таксама ствараюць пагрозу высяленьня сотняў тысячаў расейцаў на тэрыторыю Беларусі. Супрацьпаставіцца гэтай злачыннай практыцы можа толькі нацыянальны дэмакратычны ўрад Беларусі.

Сойм разглядзеў планы па арганізацыі актыўнага байкоту ў выпадку правядзеньня рэжымам чарговых антызаконных “выбараў” з удзелам узурпатара прэзыдэнцкай улады.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

13 верасьня 2009 г.