ВАЖНА НЯ БЫЦЬ УЦЯГНУТЫМІ Ў РАСЕЙСКІ КРАХ

21 жніўня 2009 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” пісала, што Пуцін загадаў праверыць усе стратэгічныя аб'екты Расеі, асабліва гідраэлектрастанцыі. Загад аддадзены ў сувязі з катастрофай на Саяна-Шушанскай ГЭС. Праверылі і змоўклі.

Наш камэнтар: Не выпадкова з экранаў тэлевізараў міністар па надзвычайных сітуацыях РФ Шайгу крычаў тады на прэс-канфэрэнцыі пра тое, як за некалькі дзён да катастрофы ў Саяна-Шушанскім рэгіёне пачалася паніка. Тысячы людзей забіралі сваіх дзяцей з садкоў і піянэрскіх лягяроў, закуплялі паліва і ўцякалі на аўтамабілях за сотні кілёмэтраў ад ГЭС. Людзі штурмавалі крамы і закуплялі соль і прадукты харчаваньня. У выніку цэны падскочылі ў 2-3 разы.

Усё гэта значыць, што работнікі ГЭС ужо паведамлялі пра пагрозу катастрофы на станцыі, гэта стала набыткам грамадзкай думкі. А потым магутная плынь вады сарвала адну з вялізных турбінаў, якая пачала круціцца і ламаць усё вакол сябе. Мільярды тонаў вады маглі абрынуцца праз руіну і пакаціцца далей — уніз, дзе ў расейцаў з савецкага часу стаяць такія ж аварыйныя ГЭС і вялікія гарады. Дарэчы, гэта можа здарыцца ў любое імгненьне. На такі выпадак каля ГЭС у цывілізаваных краінах будуецца абвадны канал, куды можна было б пусьціць плынь вады. У расейцаў каналу няма. Яшчэ ў канцы 1970-х, калі пад чарговую бальшавіцкую дату была пабудавана Саяна-Шушанская ГЭС, праз неякасны бэтон прасочвалася вада. І вось адбылася катастрофа.

Састарэлая імпэрыя існуе ва ўмовах абсалютнай зношанасьці ўсіх тэхналагічных сістэмаў — пра гэта паведамляе шэраг сумленных расейскіх спэцыялістаў. І гэтая дзяржава зьбіраецца будаваць атамную станцыю ў нас у Беларусі!

Расейцы павінны былі б успрыняць апошнюю катастрофу як знак Божы і пачаць пазбаўляцца ад сатанінскай лубянскай хунты. Але для такога патрэбныя сапраўдная, а не падстаўная Царква, адухоўленыя эліты без імпэрскіх комплексаў, нясьпіты народ. У Расеі разгортваецца катастрофа. Беларусам вельмі важна ня быць уцягнутымі ў яе жудасны вір.

Юрка Марозаў