ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў МІНУЛЫМ ГОДЗЕ (ВЫПУСК-2): МЫ ЗНОЙДЗЕМ НАШ ГРААЛЬ У БЕЛАРУСІ

Важнай падзеяй у беларускім жыцьці ў Нью-Ёрку сталася прэзэнтацыя кнігі “Парсіваль”, якую выдаў Зянон Пазьняк. Прыемна, і сымвалічна, што гэтая добрая падзея адбылася напярэдадні вялікага сьвята — Божага нараджэньня (20 сьнежня 2009 г.)

За апошнія гады Зянон Пазьняк выдаў 12 кніжак у сваім выдавецтве “Беларускія Ведамасьці” (у тым ліку “Дарогу”, “Вялікае Княства”, “Нацыянальныя каштоўнасьці”, кнігу С. Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня...”, Галіны Пазьняк “Беларусь ў сэрцы”, “Гутаркі з Антонам Шукелойцем” і інш.). І кожную кніжку ён робіць сам: прадумвае яе канцэпцыю, стварае макет і мастацкае афармленьне сваіх выданьняў. “Кніга, — заўсёды падкрэсьлівае Зянон Пазьняк, — гэта ёсьць твор мастацтва, гэтаксама, як скульптура, жывапісная карціна і г. д. Той, хто стварае кнігу, — павінен раскрыць сутнасьць літаратурнага твора і ўзмацніць яго ўспрыняцьце. Твор піша аўтар, а кнігу стварае — мастак. Ствараючы кнігу, мастак выяўляе таксама сябе.”

Зразумела, што пры такім падыходзе да стварэньня кнігі мы заўсёды бачым і узровень культуры выдаўца, і адлюстраваньне яго творчай асобы, свйго творчага “я”.

“Парсіваль” — гэта рыцарская легенда, твор, прасякнуты рэлігійнымі матывамі, і таму за часы бальшавікоў, якія змагаліся з рэлігіяй, ня мог быць перакладзены ў СССР. Між тым гэта вельмі старажытная легенда, якая даўно вядомая ў эўрапейскай і сусьветнай культуры, твор, які быў перакладзены на ўсе эўрапейскія мовы. Гэта легенда пра чалавека, які шукае “сьветлы сэнс жыцьця”, шукае Грааль — сьвятую чашу, сьвятое начыньне, зь якога (па легендзе) піў Хрыстос падчас апошняй вячэры перад укрыжаваньнем і якую цудам захавалі апосталы, што сядзелі з Хрыстом за сталом. Чаша валодае магічнымі ўласьцівасьцямі (дапамагае чалавеку ў жыцьці, дапамагае наблізіцца да духоўнага ідэалу — убачыць Бога). Адначасна Грааль зьяўляецца і нечым няўлоўным, духоўным ідэалам, да якога імкнецца чалавецтва.

Па легендзе, Грааль знаходзіцца ў валоданьні рыцараў Грааля, якія яго берагуць. І чалавек, які дасягае Грааля (калі ён можа быць каля яго, быць уключаным у кола гэтых рыцараў), асягае шчасьце, духоўнае і чалавечае. “Сутнасьць Грааля ў тым, каб чалавек у сваім жыцьці імкнуўся ўдасканаліцца, маючы сьветлую мэту — асягнуць жыцьцё вечнае (сутнасьць духоўнага жыцьця), што вымагае пэўнага шляху, — зазначыў Зянон Пазьняк. — Такі шлях пошуку духоўнага ідэалу нарадзіла Хрысьціянства. Па гэтым шляху разьвівалася эўрапейская культура (адпаведна і беларуская).”

Зянон Пазьняк паведаміў слухачам, якія сабраліся ў грамадзкай залі царквы Кірылы Тураўскага, пра тое, што марыў выдаць “Парсіваля” даўно. Ён распавёў гісторыю выданьня знакамітай легенды: “Калі ў 1944 годзе нашая інтэлігенцыя апынулася на Захадзе, уцякаючы ад бальшавікоў, і жыла ў лягерах для ўцекачоў у розных зонах, то жыць было вельмі цяжка. Тым ня менш, у гэтых лягерах бурліла культурнае жыцьцё. Там дзейнічалі скаўцкія арганізацыі, выдаваліся часопісы, была мастацкая самадзейнасьць, ставіліся спэктаклі і г. д. І вось у лягеры Ватэнштэт у Нямеччыне беларускім дзеячом Леанідам Галяком быў зроблены пераклад “Парсіваля” зь нямецкай мовы і выдадзены маленькім тыражом (на ратапрынце) Янкам Сурвілам.

Гэтую кнігу з пажаўцелымі ад часу старонкамі я знайшоў у 1996 годзе у запыленай шафе ў беларускай царкве ў Нью-Ёрку, зрабіў ксэраксы. Беларусы старэйшага пакаленьня наракалі на тое, што пераклад ня быў належна апрацаваны, адчуваўся падрадкоўнік, неахайнасьць у мове. Таму тэкст быў мною папраўлены адпаведным чынам, але вельмі ашчадна, каб захаваць характэрныя рысы мовы перакладчыка.”

Упершыню З. Пазьняк выдаў пераклад Парсіваля (паўторна) у “Беларускіх Ведамасьцях” у 2001 г. “Але, — як паведаміў выдавец, — мне вельмі хацелася выдаць “Парсіваля” асобным выданьнем, бо гэта гонар любой літаратуры — мець такі твор, які паўплываў на ўсю Эўропу і стаў зьявай эўрапейскай культуры. Інтэлектуальная Эўропа разьвівалася на гэтых ідэях. І сам гэты твор, калі ён быў створаны, таксама паказваў узровень ідэй тагачаснай Эўропы.

На мой погляд, ён павінен быў быць абавязкова перакладзены ў нашай літаратуры і выдадзены кніжачкай. Я вельмі ўсьцешаны, што ўдалося гэтую кніжачку выдаць. Яна зроблена спэцыяльна маленькім фарматам, разьлічана больш на моладзь, каб можна было кніжку пакласьці ў кішэнь і чытаць у любым месцы. Увогуле, я схіляюся да перакананьня, — зазначыў З. Пазьняк, — што ў нашых умовах такі фармат вельмі патрэбны.”

У гэтым творы Зянон Пазьняк выкарыстаў падборку ілюстрацыйнага матэрыяла (гістарычнага і свае ўласныя здымкі). Выданьне зроблена канцэптуальна. На ілюстрацыях-габеленах мы бачым караля Артура (13-14 стагоддзе) і яго войска. Далей (перад 2-м тытулам) фатаграфія — ўваход у браму (раманскі стыль) як бы адпавядае нашаму “уваходу” у гэтую кнігу. З. Пазьняк тлумачыць, як кніга разьвіваецца пазнаваўча і тэматычна. “Уваходзячы” ў кнігу, мы бачым Парсіваля, які наглядае Грааль (тут выкарыстоўваецца рамантычны жывапіс). І далей ідзе разьвіцьцё ідэі праз ілюстрацыі, кожная зь іх — невыпадковая, яе памеры, і нават шрыфты. Усё гэта падбіраецца, каб яно адпавядала твору, каб ўплывала падсьведама на ўспрыняцьце сюжэту.”

На гэтай прэзэнтацыі шмат гаварылася таксама аб творы, аб яго зьмесьце, аб Парсівалі — маладым юнаку, які мае жыцьцёвае пакліканьне. Па легендзе ён вырас у такіх умовах, дзе ня меў ніякага сацыяльнага жыцьця. Яго маці, каралева Герцаляіда, вырашыла выхаваць сына так, каб ён нічога ня ведаў пра рыцарскае існаваньне, каб ён ня стаў рыцарам. Але Парсіваль даведваецца пра рыцараў, пытае ў маці, што такое Бог. Ён хоча служыць Богу і ня ведае, як гэта зрабіць (але юнак ужо разумее, што жыцьцё трэба пасьвяціць гэтаму вышэйшаму ідэалу, які яго кліча).

“Адно з сьведчаньняў гэтага твора, — зазначыў у сваім слове З. Пазьняк, — героі легенды не ілгуць адзін аднаму. І як бы ні хацела схаваць праўду Герцаляіда ад сына, яна ня можа сказаць сыну няпраўду, калі сын наўпрост пытаецца ў яе, ці гэта дрэнна быць рыцарам. Бо сын яе павінен вырасьці чалавекам маральным. І яна адказвае сумленна, нягледзячы на тое, што яе адказ руйнуе ўсю яе “канцэпцыю” выхаваньня сына (прывязаньня яго да сябе). Яна ня можа супроцьстаяць лёсу сына, калі яго кліча Бог (ён павінен адкрыць Грааль, і гэта ёсьць тое пакліканьне, якое наканавана Парсівалю). І Парсіваль едзе ў сьвет шукаць Бога, каб стаць рыцарам.”

У працэсе гаворкі Зянон Пазьняк прыводзіў некаторыя цытаты, у якіх канцэнтравана выяўленыя філясофскія думкі-погляды на асаблівасьць мацярынскай любові, рабіліся праекцыі ў філясофскія канцэпцыі Эрыха Фрома, Фрoйда, крыніцай высноваў якіх былі старажытныя ідэі (фізіялягічныя асновы мацярынскай любові і сацыяльныя асновы бацькоўскага выхаваньня; які вынік дае аднабокае — мацярынскае ці бацькоўскае — выхаваньне). Цытаваліся філясофскія разважаньні, напісаныя каля 800 гадоў таму, якія пацьвярджаюць думку, што прырода чалавека і чалавечых адносінаў не зьмяніліся. Іх сутнасьць засталася тая ж, што і сотні гадаў таму.

“З аднаго боку “Парсіваль” — гэта легенда, — працягваў гаворку З. Пазьняк, — з другога боку, твор мае рысы сучаснай літаратуры, дзе паказана разьвіцьцё вобраза. Парсіваль пачынаў шлях да Грааля з таго, што ня ведаў акаляючага сьвету, не арыентаваўся ў ім і зь яго ўсе сьмяяліся. Ён быў, як блазен, але ў яго была сьветлая чыстая душа, у яго былі закладзены ўяўленьні аб гонары, аб справядлівасьці. І гэта дало яму магчымасьць разьвіцца. Ён стаў справядлівым чалавекам, перамог свой эгаізм, сваю маладую дурноту, здолеў вучыцца на сваіх памылках і на сваім вопыце. Усё гэта паказана ў творы. І мы гэта ўспрымаем прыхільна, бо ў кожным з нас ёсьць частка Парсіваля. Кожны з нас сустракаецца з сытуацыямі, якія мы вырашаем у падсьведамасьці, і толькі потым асэнсоўваем, што мы зрабілі. І ў гэтай легендзе мы бачым ня толькі разьвіцьцё сюжэта, але разьвіцьцё душы чалавека па шляху да ідэала, да Бога.

У творы ёсьць два пачаткі. Адзін — гэта Парсіваль, які жыцьцё прысьвяціў пошуку ідэала, удасканаленьню самога сябе ў дасягненьні Бога. І ў гэтым ёсьць яго сутнасьць. Гэтым ён жыве.

Другі пачатак зьвязаны з іншым тыпам людзей, прыстойных ва ўсіх адносінах, сумленных, працавітых, якія карыстаюцца павагай, але іхны жыцьцёвы ідэал іншы. Яны дасягаюць багацьця, становішча ў грамадзтве, карыстаюцца павагай, бо жывуць і дзейнічаюць па справядлівасьці. І ў гэтым ёсьць сутнасьць іхнага існаваньня. Такі ёсьць рыцар Гаван. Гэта сьмелы рыцар, ён хацеў дапамагчы Парсівалю знайсьці Грааль. Яго не асуджае легенда (як было ў савецкай літаратуры, дзе існавалі фальшывыя ідэалы: маўляў, чалавек, які цікавіцца матэрыяльным, гэта ўжо чалавек абавязкова дробязны і г. д., а ў той жа час уся канцэпцыя камунізму і ягоныя “ідэалы” будавалася на матэрыялізме). Рыцар Гаван змагаўся за дабро і справядлівасьць, ставіў іншыя мэты і, будучы сьмелым і высакародным, дасягаў іх. Ён змагаўся з духамі, якія былі ў зачараваным замку, і перамог іх, ахвяруючыся дзеля людзей.

І калі Гаван перамог злых духаў, вызваліў жанчын, якія былі там нявольніцамі, ён дасягнуў свайго каханьня і шчасьця як ўзнагароду за подзьвігі. Гаван жыў у гэтым замку, надзвычай прыгожым і багатым. І жонка ў яго прыгожая, і багацьця поўна. Ён прапануе Парсівалю жыць тут разам, у замку (бо ўсё ж ёсьць).

Але Парсіваль шукае іншых рэчаў, ён не знаходзіць у матэрыяльнай велічы і багацьці дастатковага задавальненьня... Яму гэта не прыносіць радасьці. (І такіх людзей мы ведаем усьцяж, якія жывуць дзеля ідэі, дзеля Беларусі, дзеля справы, і якім гэтае багацьце (якому радуецца іншы) — ня ёсьць каштоўнасьць. Тут адлюстраваны падзел ў прыродзе чалавека. Тут вечны канфлікт — якая ідэалёгія, якая сацыяльная група бярэ верх. Яна тады свае ідэі скіроўвае на ўсіх астатніх.

Мы маем цяпер цёмнага ўзурпатара ўлады ў нашай краіне і разумеем, якія антыкаштоўнасьці ідуць адтуль, бачым, што вырастае шмат людзей, галоўная мэта якіх — як уладкавацца ў жыцьці, мець паболей грошай. Яны нават ня чулі пра тое, што ёсьць рэчы, перад якімі ўсе гэтыя каштоўнасьці — проста попел. “Я не знаходжу ў іх дастатковага задавальненьня”, — як кажа Парсіваль.

Гэты твор паказвае, што ідэал вось тут, побач, і да яго трэба імкнуцца. Такія людзі і такія вобразы павінны быць “настаўнікамі жыцьця”, на іх трэба кіравацца. Гэта ёсьць вышэйшае: чалавек, які імкнецца да вечнага, да ідэальнага, да Бога.

Вось такія сэнсавыя дыялогі, карціны, моманты ёсьць па ўсім творы. Цікавыя разважаньні пра сутнасьць каханьня да жанчыны, пра прызначэньне жанчыны, пра адносіны да грамадзкай справы. І гэта ўсё — у кароткіх дыялёгах, якія ўспрымаюцца натуральна, але па сутнасьці яны зьмястоўна (па-філясофску) распрацаваныя.

Здавалася б (на першы погляд), такая тыповая сярэднявечная легенда, а чаму яна зрабіла такі ўплыў на эўрапейскую культуру? 800 гадоў таму — а да гэтага вобраза (Парсіваля) пастаянна зьвяртаюцца мастакі, музыканты, іншыя творцы. Бо ў ім закладзена чалавечая мудрасьць, прытым — у простых рэчах, зь якімі пастаянна спатыкаюцца людзі ў сваім жыцьці. І чалавек, нават калі не здае сабе справы, ён гэтыя пытаньні пастаянна вырашае ў сутыкненьні з рэчаіснасьцю. Тут, у гэтым творы, паказана як бы пуцяводная зорка, дадзены крытэрыі дабра, падказаны накірунак — што ёсьць ідэалам.

Парсіваль знайшоў замак Мантсальвач, ён прышоў туды. Вынесьлі Грааль — ён трошачкі сьвяціўся. Парсіваль бачыць дзіўныя рэчы: усе сумныя, маўчаць. І ён не задаў ні аднаго пытаньня, не пацікавіўся, што за бяда ў гэтых людзей, каб дапамагчы. Пераначаваў у тым замку і паехаў. І тады яму сказалі: “Будзь ты пракляты, ты ніколі ня знойдзеш супакою, у цябе ачарсьцьвела сэрца.” Ён павінен быў выратаваць іх, адрадзіць Грааль — а ён не задаў пытаньняў.

Каб вярнуць сілу Грааля, павінен зьявіцца чалавек, які раскрые сваё сэрца, каб дапамагчы, які прыдзе ў гэты замак, знойдзе сам дарогу і які сам спытае: “Што з вамі здарылася, чаму вы такія сумныя?” Заўважце — які тут маральны аспэкт: павінен прысьці чалавек з балючым сэрцам. Убачыўшы гора, ён павінен спытаць і прапанаваць сваю дапамогу.

Чаму гэтакія творы чытаюцца з такой прыемнасьцю? Бо ўсё, што тут адбываецца, усе дыялёгі, усе дачыненьні — сьветлыя. Гэта сфэра як бы ўсёпаглынаючага дабра. Адначасна вельмі канкрэтнае жыцьцё, сярэднявечнае, вельмі жорсткае, з рыцарскай разьнёй, з страшнымі забойчымі сцэнамі. І тым ня менш — гэта твор сьветлага духа. Вось у чым галоўная прычына ўплыву легендарнага вобразу Парсіваля і ўсяго твора на эўрапейскую культуру.

З пункту гледжаньня літаратуры, з гледзішча ідэй і ўплыву на сьведамасьць людзей, я лічу, што гэты харошы твор актуальны. Ён шмат дае ўважліваму чытачу, ня кажучы пра тое, што мае займальны сюжэт, дзеяньне энэргічна разьвіваецца, добра пабудаваныя дыялёгі. Па ім трэба здымаць фільмы (і фільмы робяцца на Захадзе). Думаю, што з цягам часу і на Беларусі зробіцца фільм пра беларускага Парсіваля”, — падсумаваў Зянон Пазьняк.

З вялікім зацікаўленьнем ішло абмеркаваньне новага выданьня. Паважаны ў беларускай дыяспары спадар Антон Шукелойць падкрэсьліў актуальнасьць гэтага твора для выхаваньня рыцарскага духу ў сучаснай беларускай моладзі. Ён адзначыў: “Выданьне “Парсіваля” зробленае Зянонам Пазьняком своечасова, калі гэтакая кніжка для нас, беларусаў, асабліва патрэбная. Нягледзячы на 800-гадовы “ўзрост”, актуальнасьць твора ня страцілася.”

У пацьвярджэньня сваёй думкі сп. Шукелойць прывёў прыклад з сучаснага жыцьця:

“Прэзыдэнт Лукашэнка нядаўна езьдзіў на аудыенцыю да Папы Рымскага. Лукашэнка мае жонку, 2-х сыноў, і да Папы ён мусіў бы паехаць са сваёй жонкай, як гэта робяць кіраўнікі ўсіх дзяржаваў Эўропы. Тым часам ён едзе да Папы — з байстручком, якога ён змайстраваў зь ягонай лекаркай. І вязе ў падарунак Папу лемантар расейскай мовы. Гэта абраза для беларусаў, якая пераходзіць усе межы. Ня можна прыдумаць нічога маральна ніжэйшага. Гэта ніжэй травы (!), — усклікнуў спадар Шукелойць. — Гэтакі вось стан цяперашняга дзяржаўнага павадыра, начальніка нашай дзяржавы ў гэтым часе. І таму, на тле такога нізкага падзеньня, гэтая кніга, што мае 800 гадоў, для нас сягоньня (у час духовага ўпадку) асабліва жывая.

Нягледзячы на тое, што гэта ёсьць пераклад другога выдатнага беларуса Л. Галяка (які перакладаў ня проста, што папала пад руку, а думаючы пра духоўны стан нашага народа), доктар Пазьняк падхапіў гэтую думку, гэты падручнік духовай велічы чалавека, які для нас сягоньня асабліва патрэбны на тое, каб выхаваць духова моцных людзей, якія б маглі проціставіцца таму ўпадніцкаму стану, які сягоньня існуе ў нас.”

У сваім кароткім слове Валянціна Якімовіч адзначыла, што першы раз прачытала гэты твор у 2002 г. у часопісе “Беларускія Ведамасьці”. “Тое, што зьявілася асобная кніжачка — сказала В. Якімовіч, — вельмі станоўчая зьява ў беларускай культуры. І тое, што яна маленькага фармату, вельмі зручна: ёй лёгка карыстацца ў дарозе. Кніга чытаецца на адным дыханьні, гэта крыніца, зь якой можна чэрпаць “веды”, як выхоўваць дзяцей і самога сябе як асобу, яна вартая для чытаньня не адзін раз. Гэта вельмі важная праца Зянона Пазьняка для беларускай культуры, і вельмі крыўдна, што (прайшло восем гадоў!) ніхто пра гэта не напісаў, не адзначыў гэтае ўзбагачэньне нашай белаускай культуры.” В. Якімовіч падзяквала З. Пазьняку за выданьне кнігі.

Уладзімер Цяліца прызнаўся, што калі чытаў “Парсіваля”, знаходзіўся ў прыўзьнятым аптымістычным настроі. “І ў мяне ўзьнікла асацыяцыя-параўнаньне, што ў нас, беларусаў, ёсьць і свой Парсіваль, і свой Грааль. Калі паглядзець на нашую Пагоню, мы ўбачым на ёй і рыцара Парсіваля, і наш сьвяты шасьціканцовы Крыж — наш Грааль. І колеры: белы — колер чысьціні, і чырвоны — колер высакародзтва, велічы, крыві і пакутаў.” Гэтыя словы ў аўдыторыі выклікалі радасныя апладысмэнты.

“Так, — пагадзіліся слухачы. — Легенда Крыжа Эўфрасіньні Полацкай гаворыць нам: той, хто яго забярэ ад нас, — шчасьця мець ня будзе. А калі ён вернецца назад у Беларусь — ён прынясе шчасьце нашаму народу. Таму беларусам вельмі патрэбна знайсьці гэты наш Грааль, каб стаць шчасьлівым народам.”

З. Пазьняк пагадзіўся з думкай, што ў нас, беларусаў, сапраўды ёсьць пэўная канкрэтыка адносна духоўнага ідэала — Крыж Эўфрасіньні. Гэта наш Грааль. Трэба шукаць яго — духоўны наш Грааль, духоўны сэнс Крыжа Эўфрасіньні. “Пры гэтым мы павінны захаваць у душы Грааль і як ідэал Хрысьціянства, і як нацыянальны Грааль, — дадаў З. Пазьняк. — Сістэма нашай адукацыі павінна настраіваць на тое, каб моладзь мела гэты ідэал у сваёй сьведамасьці.”

Ларыса Пузач выказала вялікую падзяку Зянону Пазьняку, “што сваімі кнігамі падымае нас духоўна. Я лічу, — сказала спадарыня Ларыса, — што гэтая кніга павінна чытацца беларусамі, яна спажытак для розуму і для душы”.

Тыя, хто чытаў “Парсіваля” у “Беларускіх Ведамасьцях” без ілюстрацыяў і другі раз у асобным выданьні, казалі пра 2 узроўні ўспрыняцьця гэтага твора. Першае чытаньне выклікала ўяўленьні і цудоўных замкаў, і гушчароў, дзе праязджаў Парсіваль, і лугоў, дзе адбываліся рыцарскія спаборніцтвы. Калі ж чытачу “адкрыліся” гэтыя рыцары, замкі, гушчары на ілюстрацыях, аказалася — тое, што было ва ўяўленьні (у душы) супала з тымі краявідамі, гушчарамі, замкамі, якія зьявіліся ў кніжцы. “Я ўбачыла, — казала адна з беларусак, — што сьветлы замак і возера, у якім кароль Анфортас лавіў рыбу, чакаючы Парсіваля, ці мясьціна, праз якую праязджаў Парсіваль, ці лужок перад замкам — гэта нашыя беларускія мясьціны. А сьветлы замак Мантсальвач, аказваецца, — таксама ў нас, на Беларусі. Дзякуючы ўдалым ілюстрацыям, наша Беларусь апынулася ў кантэксьце гэтай харошай агульнаэўрапейскай легенды, у кантэксьце нашай беларускай Эўропы і нашых эўрапейскіх каштоўнасьцяў. У душы застаецца ўражаньне радасьці. Гэтая кніга дае накірунак, дзеля чаго трэба жыць чалавеку, што трэба шукаць ў жыцьці сьветлае, высокае, духоўнае, тое, што шукаў Парсіваль, бо сёньня мы ўжо не сумняваемся, што ён, наш Грааль, — у нас, на Беларусі, і мы яго знойдзем.

З прыўзьнятым настроем, з добрымі думкамі яшчэ доўга беларусы не разыходзіліся — размаўлялі, усьміхаліся, выказвалі меркаваньні. Добрае думаньне і размова аб сьветлым адчыняе лепшае ў душы чалавека. Харошая літаратура у беларускай мове і беларускай форме — найлепшае таму спрыяньне.

Сьнежань 2009 г. Марыля Якушэвіч

91-я ўгодкі сканчэньня І-й Сусьветнай вайны

13 лістапада 2009 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” пісала пра сьвяткаваньне ў Парыжы 91-х угодкаў сканчэньня І Сусьветнай вайны. Адбыліся вайсковыя і рэлігійныя цырымоніі, у якіх упершыню ў гісторыі ўзаемных дачыненьняў узяла ўдзел вышэйшая прадстаўніца Нямеччыны канцлер Мэркель. У Францыі Дзень Перамір'я 11 лістапада маштабна адзначаецца з 1922 г. У той год было прынята рашэньне усталяваць па ўсёй краіне і на месцах баёў за мяжой 35 тысячаў помнікаў і памятных знакаў у гонар герояў вайны і палеглых жаўнераў. Традыцыя адзначэньня гэтага дня не замірала ў Францыі. У першы год нямецкай акупацыі 11 лістапада 1940 г. парыжскія школьнікі і студэнты сабраліся каля Трыюмфальнай аркі і Магілы невядомага жаўнера з нацыянальнымі сьцягамі і кветкамі нягледзячы на забарону акупантаў. Іх жорстка зьбілі і разагналі. У першы пасьляваенны год 11 лістапада 1945 г. сотні тысячаў людзей начале з генэралам Дэголем прайшлі ад Трыюмфальнай аркі праз увесь горад да могілак. Людзі несьлі 15 трунаў з целамі французкіх патрыётаў, якіх забілі немцы. Дзень 11 лістапада даўно стаў днём памяці пра народную барацьбу за волю і незалежнасьць, адным з сымваляў змагарнай Францыі.

Наш камэнтар: У Беларусі няма аніводнага помніка нашым дзядам, што ваявалі і загінулі ў Вялікую вайну 1914-18 гадоў (у тым ліку і ў Францыі). Бальшавіцкія акупанты абвясьцілі яе “імпэрыялістычнай” і наплявалі на жаўнерскія магілы. У вольнай Беларусі гістарычная справядлівасьць будзе адноўлена.

У гэтай тэме прасочваецца яшчэ адна аналогія. Толькі акупанцкі рэжым можа забараняць нацыянальныя сьвяты, жорстка перасьледваць іх удзельнікаў. Асабліва тыя сьвяты, дзе дэкляруюцца Воля і Незалежнасьць дзяржавы і народа. Ня трэба зьдзіўляцца, што рэжым РБ ненавідзіць Дзень Волі 25 Сакавіка, што хунту калоціць ад мэмарыяльных мерапрыемстваў на Дзяды, на ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Усё лагічна.

Юрка Марозаў

Галадамор і філісьцерская Эўропа

13 лістапада 2009 г. Ангельская газэта “Guardian” пісала пра новыя публікацыі даўніх журналісцкіх матар'ялаў, прысьвечаных Галадамору ва Украіне. Брытанскі журналіст Гэрэт Джонс у 1932-33 гг. быў ва Украіне, бачыў жахі арганізаванага бальшавіцкім рэжымам голаду. Ён дасылаў у нямецкія і брытанскія газэты свае рэпартажы. Немцы іх адмовіліся друкаваць. У Брытаніі яны выйшлі ў скарочаным варыянце, дзе рэдактары “зьмякчылі” жудасны вобраз чалавечай катастрофы. У 1935 г. Джонс паехаў у Кітай, адкуль паведамляў пра грамадзянскую вайну. Яго захапілі кітайскія агенты Масквы і забілі. Брытанскія калегі і сям'я Джонса ўпэўнены, што гэта была помста Масквы за праўду пра ўкраінскую трагедыю. У Эўропе быў яшчэ адзін журналіст, які пісаў праўду пра Галадамор у тыя часы: Мальколм Мачэрыдж, таксама брытанец. Затое было шмат журналістаў, што пісалі непраўдзівыя артыкулы на гэтую тэму. Супраць Мачэрыджа накіроўваў свае артыкулы Волтэр Дзюранці. Ён пісаў, што “ва Украіне голаду няма”, што “Мачэрыдж паклёпнічае”. Цяперашняя Украіна не забыла пра гераічных людзей, якіх не хацелі слухаць сучасьнікі. Сёлета Джонса і Макэрыджа ўзнагародзілі ўкраінскім Ордэнам Свабоды.

Наш камэнтар: Усё — як сёньня. Зноў на юдавы грошы Масквы цэлая хеўра журналістаў і іншых спэцоў падманвае заходняе грамадзтва вобразамі “гуманнай і дэмакратычнай Расеі”, “Лукашэнкі, які пайшоў па сьцяжыне дэмакратызацыі”, “гераічных апазыцыянэраў” кшталту Лебедько & компані і г.д. Але знаходзяцца мужныя людзі, якія паведамляюць на ўвесь сьвет праўду пра народную драму, сапраўдных змагароў і лютых ворагаў чалавецтва. Як і ў даўнейшыя часы, такіх людзей менш, але яны робяць сваю справу, не баючыся шыпеньня гадзюк. Вызваленая Беларусь не забудзе пра сваіх сапраўдных сяброў.

Алесь Хадасевіч

“Лібэр-маразм”

12 лістапада 2009 г. Французкая газэта “Liberation” пісала пра нядаўні крывавы інцыдэнт на амэрыканскай вайсковай базе ў Тэхасе, дзе маёр псіхіятрычнай службы адкрыў агонь па жаўнерах (13 забітых, дзесяткі параненых). Высьветлілася, што маёр амэрыканскай арміі Нідал Малік Хасан — палестынец першага амэрыканскага пакаленьня. Яго зьбіраліся паслаць ваяваць у Ірак. ЦРУ два гады назірала за ім, чытала э-мэйлы, якімі ён перапісваўся з імамам Анварам Аль-Алакі (якога спэцслужбы і дзяржадміністрацыя ЗША ідэнтыфікуюць як галоўнага агента Аль-Каіды, што дзейнічаў у ЗША). Сачэньне за маёрам Хасанам, аднак, спынілі, “бо ў э-мэйлах не было згадак пра джыхад”. Вайсковаму камандваньню пра вынікі назіраньня не паведамілі, “бо гэта парушыла б правы асобы”.

Наш камэнтар: Чытаеш усё гэта, як жанрава няякасны дэтэктыў. Але маразм! І амэрыканцам таксама бокам выходзіць лібэральнае “шматрасавае грамадзтва”.

Юрка Марозаў

Кітайскія турмы

12 лістапада 2009 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” цытавала заяву Сафі Рычардсан, загадчыка азіяцкага аддзелу вядомай праваабарончай міжнароднай арганізацыі “Human Rights Watch”. Яна сказала, што “Чорныя турмы для палітычных зьняволеных існуюць нават у сэрцы Пэкіну. Так што ўсе заявы кітайскага кіраўніцтва пра паляпшэньне стаўленьня да правоў чалавека зьяўляюцца фарсам”. У Кітае існуе цэлая сетка сакрэтных турмаў для палітычных зьняволеных. На правінцыі туды кідаюць удзельнікаў сялянскіх пратэстаў.

Наш камэнтар: Каласальны камуністычны монстр душыць і зьнішчае ня толькі тыбэтцаў і уйгураў, але і ўласна кітайцаў-ханьцаў. Яшчэ адна імпэрыя Зла, ад якой павінна выратавацца чалавецтва.

Алесь Хадасевіч

Сола для тэлевізара

12 лістапада 2009 г. Французкая газэта “Le Figaro” камэнтавала зварот Медведева да расейскага народу. Ёсьць цытаты: “Трэба мадэрнізаваць Расею. Замест эканомікі, заснаванай на сыравіне, мы павінны стварыць эканоміку, якая будзе выдаваць новыя тэхналогіі”. Медведев сказаў таксама, што будаваць Расею яны будуць “на дэмакратычнай аснове, каб усё вырашаў народ, а не вярхі”. Заходнія СМІ ўбачылі ў гэтым прыхаваную крытыку Пуціна. Яшчэ Медведев казаў, што расейскае грамадзтва павінна быць “інтэлігентным і адказным”.

Наш камэнтар: Надта позна, товарішчі, гэты канцэрт. Нішто ўжо ня выратуе ваш гнілы кашмар...

Юрка Марозаў

“Могілкі мафіі”

14 лістапада 2009 г. Італьянская газэта “La Repubblica” апублікавала рэпартаж з расейскіх могілак у Екацерынбурзе. “Могілкі мафіі” уразілі італьянскіх репэарцёраў. У 1990-я гады там хавалі забітых у міжусобных войнах мясцовых паханоў мафіі. Ёсьць надмагільлі, кошт якіх складае 250 тысячаў даляраў. На шэрагу фотаздымкаў — тыповыя надмагільлі з выявамі мафіёзаў. Большасьць зь іх на сваіх партрэтах паляць цыгарэты, адзін нават сядзіць за багатым сталом, застаўленым пляшкамі з гарэлкай і шампанскім. Некаторыя паказаны на фоне будынкаў РПЦ з залатымі купаламі. Выразы твараў неідэалізваныя, можна сказаць, у рэчышчы “капіталістычнага рэалізму”.

Наш камэнтар: Італьянскія рэпарцёры ўдакладнілі для сваіх чытачоў, што Екацерынбург (былы Свярдлоўск) — сталіца “Уралмаша”. Маўляў, вакол постсавецкіх аўтабагацьцяў і круціўся крывавы вір заўральскай мафіі. Гэта ім так патлумачылі прыстаўленыя да іх перакладчыкі. А вось беларусы, якія пражылі ў саўдэпіі не адно дзесяцігоддзе, ведаюць, што поле для мафійнай гульні ў Расеі значна больш шырокае, можна сказаць — неабдымнае. Менавіта ў сьвярдлоўскім рэгіёне знаходізіліся і знаходзяцца дагэтуль каласальныя прадпрыемствы і склады маскоўскага ваенна-прамысловага комплексу і арміі. У мутныя 90-я гады генэралітэт і постпартыйная мафія актыўна раскрадалі (“бралі”) гэтыя матэрыяльныя багацьці і прадавалі іх у розныя краіны і гарачыя кропкі. Зброя гуляла па ўсёй Расеі, будучы даволі банальным таварам. Грамадзяне ўспамінаюць, як па вагонах цягніка “Ленінград-Варкута” хадзілі “купцы”, стукаліся ў дзьверы купэ і ўголас рэклямавалі свой тавар, які даставалі з мяхоў: “Ребята, классный гранатомёт и недорого... А ещё гранаты есть и калашники...” Зразумела, што ў такіх умовах сутыкнуліся інтарэсы розных бандыцкіх груповак (большасьць зь якіх дзейнічалі пад эгідай дзяржулады, міліцыі і гэбэ). Ва ўсіх рэгіёнах Расеі паўсталі надмагільныя помнікі братве рознага ўзроўню. Часам бомбы выбухалі падчас пахаваньня чарговага братка і ўдзельнікаў цырымоніі даводзілася хаваць гуртом. Гісторыя сіцылійскай мафіі побач з расейскім кашмарам выглядае, як лёгкая чытанка для падлеткаў.

Юрка Марозаў

Форумас, лідэрас энд вадэвілюс

14 лістапада 2009 г. Летувіская газэта “Kauno Diena” пісала пра “несяброўскі жэст беларускай улады”. Так назвалі ў Сеймасе Летувы адмову МЗС РБ даць візу ў Беларусь дэпутату Сеймаса сп. Эмануэлісу Зінгэрысу. Сп. Зінгэрыс меў намер зачытаць віншавальны зварот ад Сеймаса да “Эўрапейскага форума”. Ковенская газэта нагадвае, што “форум скліканы лідэрасам беларускай апазыцыі Мілінкявічусам”.

Наш камэнтар: Зусім нядаўна, у верасьні сёлета расейская ваеншчына правяла каля межаў невялікай краіны Летувы (у асноўным на тэрыторыі Беларусі) буйнамаштабныя вайсковыя манеўры “Захад-2009”. Польскія вайсковыя назіральнікі зрабілі афіцыйнае спавешчаньне ў Варшаве аб тым, што манеўры мелі адназначна не абарончы, а наступальны характар. Што адпрацоўваліся агрэсіўныя дзеяньні, у тым ліку па здушэньню народнага паўстаньня на захадзе Беларусі, дзе жыве польская меншасьць. Зь Вільні мы такіх камэнтароў ня чулі. Хаця вядома, што расейская армія правяла вялікую вучэбную высадку марскога дэсанту на Куршскай касе, зусім побач з прыморскай дзяржавай Летувой. Вядома, што марскія дэсанты не бываюць абарончымі. Але падобна, што Летува не напалохалася. У сёньняшняй Вільні ёсьць танкі (каля 30 штук, калі не памыляемся) і самалёты (ажно дзьве эскадрыльлі). Афіцыйная Вільня пасылае ў Беларусь свайго прадстаўніка на форумнае шоў, наладжанае на маскоўскія грошы, і вітае “лідэраса” Мілінкявічуса. І ўсё на поўным сур'ёзе.

Мяркуем, што калі ваенная пагроза з боку Расеі зробіцца невучэбнай, афіцыйная Вільня спадзяецца атрымаць падтрымку ў Беларусі ад сваіх лепшых сяброў. На чале дапаможнай калоны будуць ісьці генэралас Фраловас, лейтэнантас Янукевічус, згаданы Мілінкявічус і іншыя лебедзькасы і вячоркасы. Аднак, мы памятаем, як дэкаратыўны “лідэрас” падчас народных выступаў супраць дыктатуры ў Менску ў сакавіку 2006 г. адводзіў шматтысячныя калоны ад дыктатарскага палаца ўбок і ў тупік, а потым распавядаў на замежных тэлеканалах, што “трэба было спыніць стыхійны пратэст”...

Вадэвіль працягваецца. Яго не спынілі нават расейскія гульні пад выразным назовам “Захад-2009”. Толькі вадэвільныя формы і эфэкты ўжо даўно зрабіліся нясьмешнымі. Многія бачаць гэта, але падобна, што афіцыйная Вільня гэтага ня хоча бачыць.

Алесь Хадасевіч