ДА ПАДЗЕЯЎ У МАСКВЕ

30 сакавіка 2010 г. Чэшская газэта “Pravo” пісала пра выбухі ў Маскве. Журналіст спасылаецца на расповед масквічкі Аляксандры Антонавай. Яна патрапіла на выбух на ст. мэтро “Лубянка”, ацалела. Ніякай каманды на эвакуацыю з мэтро ўлады не давалі. Жанчына і многія іншыя ўскочылі ў цягнік, што стаяў на адваротным баку і паехалі. Яны даехалі да ст. мэтро “Парк культуры” і літаральна на адну хвіліну спазьніліся на другі выбух, які прагрымеў там. Студэнт Інстытута міжнародных адносінаў Дзьмітры расказаў, што прабыў некаторы час на ст. “Парк культуры”, а потым там прагрымеў выбух. Студэнт успомніў, што перад выбухам ён ня бачыў на станцыі аніводнага міліцыянта. Газэта параўнала рэакцыю расейскіх уладаў з рэакцыяй уладаў у Лёндане падчас сэрыі выбухаў у мэтро пяць гадоў таму. У Лёндане людзей адразу ж пасьля першага выбуха эвакуіравалі з усіх станцый і ліній мэтро. Крытыкаваў паводзіны ўладаў, якія не эвакуіравалі людзей і былы міністар унутраных справаў РФ Сцяпашын.

Наш камэнтар: Новы дзень прынёс дадатковую інфармацыю пра злачынства ў Маскве. Складваецца ўражаньне, што ўладам патрэбна было мець як мага больш ахвяраў і мець сэрыю выбухаў. Жудасны горад, няшчасная краіна.

Пасьля такога набывае яшчэ большае значэньне кароткая прамова начальніка менскай міліцыі Леаніда Фармагея, зробленая ім 25 сакавіка сёлета на мітынгу каля Акадэміі навук Беларусі. Мы паведамлялі, што сп. Фармагей сказаў пра “групу расейскіх грамадзян, якія хочуць зрабіць у нас тое ж, што адбылося 3 ліпеня 2008 года”. Выходзіць, у беларускай міліцыі была інфармацыя аб тым, што ФСБ рыхтуе выбухі ў Менску?

***

30 сакавіка 2010 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала: “Дык сапраўды трэба ўскладаць віну на тэрарыстаў з Каўказа?” Журналіст газэты бачыў, як з разбомбленай станцыі “Парк культуры” выйшаў мужчына, узьняў рукі да неба і гукнуў: “Вось як мы жывем!” Паказаў сябе і маскоўскі характар. Тысячы людзей не паехалі ў мэтро, баючыся новых выбухаў. Дык маскоўскія таксісты адразу шалёна ўзьвінцілі цэны. Газэта параўнала іх з амэрыканскімі таксістамі, якія пасьля тэракта 11 верасьня 2001 года цэлы дзень вазілі людзей бясплатна.

Наш камэнтар: Што да рытарычнага пытаньня, пастаўленага летувіскай газэтай, то ўсім трэба пачытаць камэнтары на Радыё Свабода і на многіх форумах расейскага (і беларускага) інтэрнэту. Абсалютная бальшыня ўдзельнікаў праклінае ФСБ і называе яго забойцам людзей. Вось толькі ніхто не наважыцца сказаць гэта ў Маскве публічна.

Юрка Марозаў