СЛОВА ПАШАНЫ І ЛЮБОВІ

Дарагія суайчыньнікі, дарагія беларусы!

Надыходзіць найвялікшае сьвята Хрысьціянства — Вялікдзень, Зьмёртвыхустаньне, Уваскрасеньне Хрыстова, якое сёлета ўсе хрысьціяне сьвяткуюць ў адзін дзень.

Няхай жа гэтае сьветазарнае сьвята, ськіраванае да ўсяго чалавецтва, будзе заўсёды для нас, беларусаў, крыніцай радасьці і аптымізму, усьведамленьнем абавязковай перамогі сьвятла над цемрай, вечнага жыцьця над дачаснасьцю цяжкага існаваньня.

Мы бачым, што наш народ і ўсё чалавецтва перажываюць цяжкі час. Але ёсьць сьветлы шлях, ступіўшы на які, мы ацалім і палепшым нашыя душы, уратуем і ўздымем нашу культуру, умацуем і ўславім нашу Бацькаўшчыну Беларусь, усё добрае, сьветлае, чыстае, вечнае. Гэты шлях ёсьць шлях Хрыста, які чырвонай дарогай веры, духа і любові пазначаны на нашым сьвятым Беларускім Сьцягу. Вось дзе наша Дарога і сымвал паводзінаў, які ворагі чалавецтва ўвесь час імкнуліся зьнішчыць. Але шлях не зьнішчальны. І чым больш людзей будзе йсьці гэтым шляхам, тым мацней усталюецца наша вера, наша беларуская воля і наша рацыя.

Віншую ўсіх зь Вялікаднем і хай Дух Божы паселіцца ў нашых сэрцах.

3 красавіка 2010 г. Зянон Пазьняк