КАМЭДЫЯ Ў СТЫЛІ КАНКІСТАДОРАЎ

У 16-м стагоддзі Стары Сьвет актыўна адкрываў Сьвет Новы. У Амэрыцы высаджваліся першаадкрывальнікі-канкістадоры. Мясцоваму люду яны абяцалі “царствіе небесное”, а народам сваіх краінаў горы золата і пашырэньне жыцьцёвай прасторы. На шляху гэтага “культуртрэгерства” было шмат злачынстваў, крыві і фальшу. Але час ад часу аўтахтоннае насельніцтва мела дывэртысмэнт пасярод лютай чужынскай навалы. За першай камандай незапрошаных “цывілізатараў” на бераг высаджвалася другая каманда. Яна прыбывала на большай каравэле, якая мела большую колькасьць гармат, і не зьбіралася талераваць жвавых папярэднікаў. Дзьве каманды сыходзіліся ў пампасах, фэхтавалі на шпагах, і адны флібусьцьеры гналі ў карак другіх. На навакольных пагорках сядзелі індзейскія аўтахтоны і з імпэтам заўзятараў назіралі за эўрапейскім гладыятарствам.

З тае пары шмат што зьмянілася. Прамінула пара бронзавых гармат і ветразьнікаў. Канкістадоры больш ня ходзяць са шпагамі, яны шмат усьміхаюцца і трымаюць дулю ў кішэні. Але час ад часу лацінаамэрыканскія аўтахтоны сядаюць ямчэй на навакольных пагорках і аддаюцца дзядоўскай забаве...

Зусім нядаўна Лукашэнка “адкрыў для беларусаў Амэрыку”. Не, ня тую, у Штаты яго больш ня пускаюць. А тую, што пад пальмамі, з ламамі і левымі “народнымі лідэрамі”. Яго там прымалі з помпай, давалі ордэны і сустракалі апладысмэнтамі. Зьвінелі гітары, білі барабаны. На Беларусь прыходзілі зьвесткі адна манумэнтальнейшая за другую. Цяпер легіёны беспрацоўных беларускіх будаўнікоў, маўляў, будуць будаваць вэнэсуэльскія гарады і хмарачосы, наша прамысловасьць сядзе на падпітку з вэнэсуэльскай нафты, зазьяе над РБ нязгаснае сонца эканамічнай і фінансавай незалежнасьці. Аднак, адукаваныя людзі адразу лагічна запярэчылі гэтай вясёлкавай пэрпэктыве. Маўляў, надта далёка, надта рызыкоўна, надта нестабільна, экзатычна. Прагучалі халодныя словы “міраж”, “ілюзія”, “самападман” і нават “авантура”.

Але не прамінула і дэкады, як на вэнэсуэльскі бераг высадзілася канкурэнтная каманда маскоўскіх флібусьцьераў начале з рыцарам Ордэна плашча і кінжала Пуціным. Зноў зайгралі аркестры, запляскаў у ладкі мясцовы парлямант, пачаліся размовы пра нафту і зброю. Людзі з большай каравэлы робяць выгляд, што колькі дзён таму ў Каракасе не было ніякай драбязы з Менску. Яны гнуць сваю лінію і ламаюць ілюзорную канструкцыю, якую так велічна пабудаваў быў менскі начальнік. Яны ўсё падмінаюць пад сябе. Іхныя прэс-сакратары ўжо заявілі, што “для Расеі Вэнэсуэла — гэта як раней Куба” і што з гэтага плацдарма “Расея ўпэўнена вяртае свае пазыцыі ў Лацінскай Амэрыцы”. Усё неяк становіцца на свае месцы. На вачах у аўтахтонаў бяз лішняга шуму і пылу маскоўскія канкістадоры гоняць перад сабой правінцыйных васалаў, якія на імгненьне забыліся пра фэадальную герархію. Народ рагоча, эліта ледзь стрымлівае сьмех...

Добра што маскоўскія журналісты раскрытыкавалі лубочную карцінку, намаляваную на БТ. Па правілах крытычнага рэалізма яны разгортваюць перад намі на расейскіх тэлеканалах краявіды і стафажы Вэнэсуэлы, дэманструюць дэталі, якіх спэцы ад “первого національного” чамусьці “не заўважылі”. Аказваецца, што паводле афіцыйнай статыстыкі Каракас зьяўляецца самым крымінальным горадам Лацінскай Амэрыкі. Штогод у Вэнэсуэле забіваюць 15 тысячаў чалавек. Замежнікам, якія прыязджаюць па справах у гэтую краіну і гэты горад, мясцовыя раюць не выходзіць з гатэляў, якія ахоўваюць аўтаматчыкі. Калі выйдзеш, то забьюць. Большасьць насельніцтва гэтай патэнцыйна багатай краіны жыве ў трушчобах (гэта ёсьць адна з прычын крымінала). Грамадзтва падзелена. Сталічнае студэнцтва і адукаваныя людзі ненавідзяць дэмагога Чавэса і рэгулярна выступаюць на вуліцах супраць ягонай дыктатуры, якая загнала краіну ў шэраг краін-ізгояў.

І ў гэтае “эльдарада” менскі рэжым зьбіраўся заперці беларусаў? На гэтым расхістаным апірышчы пабудаваць сваю “стабільнасьць” і “незалежнасьць”? Дзякуй Богу, правальваецца чарговы тупік, у які дыктатура зьбіралася завесьці наш народ. Няхай там корпаюцца маскоўцы. Яны любяць прыгоды, ім няма куды дзяваць свае шалёныя капіталы, іх распірае ад жаданьня захапіць Басфор і Дарданэлы.

А беларусы няхай лепш глядзяць на іхную заакеанскую мітусьню ды кажуць: “Наварылі кашы, ды невядома, ці паядуць”.

Валеры Буйвал