ПЯТЫ ЭТАП АНТЫЧАЛАВЕЧАГА ЭКСПЭРЫМЕНТУ НАД НАШЫМ НАРОДАМ

(Уся Беларусь робіцца закладніцай злачынцаў, якія ўзурпавалі дзяржаўную ўладу)

6 сакавіка антыбеларускі рэжым вуснамі сваіх прадстаўнікоў агучыў накірункі і парамэтры чарговага этапу — так званай “новай дзяржаўнай праграмы па пераадольваньню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-15 гады”, якую яны цяпер распрацоўваюць. Што ж падрыхтаваў рэжым беларускаму народу (і навакольнаму сьвету, навакольны сьвет гэтым разам не адкруціцца)? А падрыхтавана вось што (фармулёўкі рэжыма адназначныя і зразумелыя)...

У Менску выступаў на тэму генэрал Энвэр Барыеў, міністар па надзвычайных сітуацыях РБ. БТ (язык не паварочваецца назваць гэты фэномэн “беларускім тэлебачаньнем”) транслявала ягоныя словы. Ён сказаў: “Асноўнай задачай будзе аднаўленьне і далейшае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё пацярпелых раёнаў, з захаваньнем неабходнай абароны пацярпелых грамадзянаў і радыяцыйнай бясьпекі” Далей цытуем пераказ БТ: “Э. Барыеў нагадаў, што ў 2010 годзе завяршаецца рэалізацыя чацьвертай дзяржпраграмы па пераадольваньню наступстваў аварыі на ЧАЭС, распачатай у 2006 годзе. Галоўная задача бягучай праграмы заключаецца ў тым, каб забясьпечыць пераход ад рэабілітацыйных мерапрыемстваў па найбольш праблемных накірунках пераадольваньня наступстваў аварыі да сацыяльна-эканамічнага адраджэньня і ўстойлівага разьвіцьця пацярпелых рэгіёнаў”.

Далей называліся шалёныя сумы з дзяржаўнага бюджэта, якія будуць кінуты на гэтае “адраджэньне”.

Цытуем БТ далей: “Праблемным Э. Барыеў назваў пытаньне забесьпячэньня ўстановаў аховы здароўя кваліфікаванымі кадрамі. “У Магілеўскай вобласьці на забруджаных тэрыторыях забясьпечанасьць (мэдпэрсаналам) складае 67,4%. У Брагінскім, Кармянскім, Чачэрскім, — найбольш забруджаных раёнах Гомельскай вобласьці, — да 54%, — праінфармаваў міністар. Ён таксама зазначыў, што ва ўсіх раёнах, разьмешчаных на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях, адчуваецца дэфіцыт кваліфікаваных спэцыялістаў у сельскай гаспадарцы... Як праблему Э. Барыеў таксама назваў “працяг наяўнасьці фактаў незаконнага выкарыстаньня гаспадаркамі земляў, выведзеных з сельскагаспадарчага выкарыстаньня”.

6 красавіка па БТ перадавалі і прэм'ера РБ С. Сідорскага: “С. Сідорскі сказаў, што некаторыя задачы ў 2009 годзе засталіся нявырашынымі. “Маюцца пытаньні па эканоміцы працы паасобных аблвыканкамаў, па прыбылі і ўзроўню рэнтабельнасьці рэалізаванай прадукцыі на забруджаных тэрыторыях, завышэньню аб'ёмаў выкананых работ”.

Беларусы на сябе адчулі хаду і вынікі чацьвертай і ўсіх папярэдніх праграмаў рэжыма “па ліквідацыі наступстваў”. Можа рэжым ліквідаваў усе наступствы? Не, не ліквідаваў. Як сьведчыць сусьветная навука, такое з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы немагчыма. Статыстыка сьмяротнасьці ў Гомельскай і Магілеўскай вобласьці (самай высокай па ўсёй Эўропе) пацьвярджае гэта. Таксама як і статыстыка захворваньняў людзей. Гэтая статыстыка расьце з кожным годам. Атрымліваецца, што наступствы становяцца ўсё больш цяжкімі. Выходзіць, што рэжым ужо выдаткаваў каласальныя сумы з дзяржбюджэта і заплянаваў выдаць яшчэ большыя сумы на тое, што не паддаецца ліквідацыі.

Не ліквідаваўшы радыяцыйнае забруджваньне (а гэта немагчыма) у чарнобыльскіх раёнах, дзяржначальства на поўным сур'ёзе пераходзіць да “адраджэньня” гэтых раёнаў. Туды будуць засяляцца людзьмі, прадпрыемствы будуць будаваць нават на тэрыторыях, якія дагэтуль знаходзіліся за калючым дротам і куды не пускалі людзей. На атручаных радыяцыяй землях заяўлены праграмы разгортваньня сельскагаспадарчых работ і рэалізацыя атрыманай там прадукцыі. Калі казаць проста, на атручаных землях будуць вырошчваць прадукцыю харчаваньня, а потым “скармліваць” яе беларусам па ўсёй краіне. Вядома, што гэтая навіна глыбака ўразіла нават насельніцтва Гомельшчыны, якое шмат да якіх цынічных заяваў і дзікіх дзеяньняў рэжыму ўжо прызвычаялася.

На працягу “чацьвертага этапу дзяржпраграмы” з крамаў па ўсёй Беларусі зьніклі прадукты харчаваньня, вырабленыя ў экалагічна чыстых рэгіёнах нашай краіны. У многіх крамах яны зьніклі зусім, у Менску і абласных цэнтрах іх засталося 10-15 адсоткаў ад асартымэнту. Вядома, што чыстую, якасную беларускую прадукцыю рэжым пасылае эшалёнамі ў Маскву (там “не дурныя”, і атручаныя харчы спажываць ня хочуць). “Пяты этап праграмы” прадугледжвае татальнае запаўненьне нашай краіны прадуктамі, зробленымі на атручаных тэрыторыях людзьмі, якіх паселяць там зь іхнымі сем'ямі. Сідорскі “пожуріл” паасобныя аблвыканкамы за недастатковую рэнтабельнасьць рэалізаванай прадукцыі на забруджаных тэрыторыях. Міністар Барыеў крытычна згадаў пра “незаконнае выкарыстаньне гаспадаркамі земляў, выведзеных з сельскагаспадарчага выкарыстаньня”. Значыцца, цяпер такое выкарыстаньне будзе цалкам “законным”. У нармальнай дзяржаве за такое словазлучэньне любога дзяржаўнага чыноўніка арыштавалі б проста ў тэлестудыі і прад'явілі б яму абвінавачваньні ў крымінальнай дзейнасьці (нагадаем, што карміць людзей прадукцыяй, вырабленай на атручаных тэрыторыях, гэта ёсьць крымінальная дзейнасьць). У антынароднай дыктатуры гэта называецца інакш — “рэабілітацыя і адраджэньне”.

Яны, гэтая маральная цемра, сапраўды лічаць нашых людзей зусім за цёмных і безгалосых, яны ня крыюцца са сваім цынізмам. Але многія людзі не пагаджаюцца на атруту і чарнобыльскую сьмерць. Не выпадкова генэрал і прэм'ер нагадалі аб тым, што з чарнобыльскіх раёнаў уцякаюць мэдыкі і спэцыялісты па сельскай гаспадарцы. Людзі добра разумеюць, што адбываецца, яны ратуюць сябе і свае сем'і. Зразумела, што на “пятым этапе” рэжым прымусова пагоніць у чарнобыльскія раёны маладых выпускнікоў навучальных установаў (зразумела, што не генэральскіх і міністэрскіх дзетак).

6 сакавіка БТ распавяла таксама, як на Гомельшчыне працуюць японскія спэцыялісты і японская мэдычная тэхніка па абследваньню людзей. Японцы ўкладываюць у гэтыя праграмы вялікія грошы. Цікава, а чаму б японцам не праводзіць назіраньні над сваімі японскімі людзьмі? Чаму яны даюць вялікія грошы на назіраньні над беларусамі?

Лагічная выснова можа быць толькі адна. Антыбеларускі рэжым зьдзяйсьняе антычалавечы экспэрымэнт над нашым народам. З кожным этапам рэжым ахоплівае гэтым экспэрымэнтам усё большую колькасьць людзей. На пятым этапе заплянавана татальная чарнобылізацыя ўсёй Беларусі і ўсіх людзей, якія пражываюць на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. У гэтай злачыннай дзейнасьці удзельнічаюць замежныя спэцыялісты і замежныя распрацоўкі, якія плацяць за атрыманую “навуковую” інфармацыю вялікія грошы антыбеларускаму рэжыму. Нашы дзеці і ўнукі, усе дарослыя людзі ў адкрытую заяўлены як падвопытны матэр'ял для псэўданавуковых, злачынных экспэрымэнтаў. Прычым аплочваць гэты экспэрымэнт заплянавана з народнага бюджэта (з кішэняў падвопытных людзей). Гэтым разам нікому ня ўдасца схавацца або ўцячы ад антычалавечага экспэрымэнта. Уся Беларусь робіцца закладніцай злачынцаў, якія ўзурпавалі дзяржаўную ўладу.

Усьведаміўшы ўсё гэта, беларусы не павінны паддавацца паніцы або адчаю, не павінны дранцьвець ад страху. Людзі павінны зразумець, што нармальнае жыцьцё ў сваёй краіне магчыма толькі бяз гэтага антычалавечагна рэжыму, толькі ў дэмакратычнай Беларусі, пазбаўленай ад чужынскай, маскоўскай па сутнасьці, мафіі. Народ павінен ратаваць сябе і здаровую будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Беларуская Салідарнасьць ёсьць шляхам выйсьця з цяжкога становішча, якое склалася ў нашым нацыянальным доме.

Янка Базыль