ВЯРНУЛІ ІДАЛА

Уноч на 15 красавіка ў цэнтры Санкт-Пецярбурга разгарнулася апэрацыя “Ы”. Чаму “Ы”? Вядома чаму — каб ніхто не здагадаўся. Роўна апоўначы, калі, паводле народнай традыцыі, нячыстая сіла ўбіраецца ў сілу, гіганцкага чорнага чалавека прывезьлі на плошчу перад Фінляндскім вакзалам. Яго паклалі пад пастамэнтам, і мясцовая партыйная арганізацыя КПРФ зрабіла агляд “налічності”. Справа ў тым, што год таму ўноч на 1 красавіка невядомыя заклалі ў Леніна дынаміт і моцна пашкодзілі яго выбухам. Камуністаў агляд не задаволіў і яны заявілі, што прыдуць да канчатковай высновы аб аўтэнтычнасьці свайго ідала толькі пры дзённым сьвятле. Вось жа цікавая завядзёнка ў нячысьцікаў. Яны і сталінскія ідалы валілі па начах (1961 год) і леніных аднаўляюць пад покрывам цемры. Канчатковае завяршэньне рэстаўрацыі помніка на пастамэнце плянуецца гарадзкімі ўладамі на 20 красавіка (22-га — дзень народзінаў Ульянава-Леніна). Можна ўявіць сябе, якія шаманскія скокі наладзяць вакол свайго Баала мясцовыя леніністы.

Але ці толькі яны? Расейскія тэлеканалы раніцай распавялі пра начную сэнсацыю з аптымістычнымі ўсьмешачкамі на тварах тэлевядучых. Адна нават сказала: “Восстановлен облик и дух памятника...” Іх радуе рэстаўрацыя духа сатанізма ў вялікім горадзе на Няве, які ў 1917 г. быў арэнай крывавага шабасу “важдзя” і ягонай банды. На ўрачыстасьці, безумоўна, зьявіцца і стане ў першы шераг усё гарадзкое начальства (лідэры “новай рускай дэмакратыі”). Яны скажуць нешта пафаснае пра “наше наследіе”, “велічіе нашей історіі”, пра “преемственность” і г.д. Аркестры будуць наярваць фашыстоўска-бальшавіцкія маршы (гэта сумесныя мэлёдыі). На плошчы будуць лунаць фашыстоўскія чырвоныя сьцягі. Адным словам, чысьціня стылю прынамсі на дзень заменіць сабой збачэнскую эклектыку, якой жыве цяпер уся Расея.

На прасторах імпэрыі стаяць разгромленыя леніністамі храмы, палацы і крэпасьці, у жудасных умовах існуюць сотні правінцыйных музэяў і экспазіцый. Мізэрны грош атрымліваюць работнікі культуры і адукацыі. А “начальства-дэмакраты” аднаўляюць ленінаў.

Вядома, што з малпачай хваткасьцю ўвесь гэты маразм паўтараюць дзеячы антынароднага рэжыму РБ. Людзі, якія прыязджаюць з цывілізаваных краінаў, ня могуць паверыць, што такое можа быць. Побач існуюць вуліцы, названыя імёнамі расстраляных і тых, хто іх расстрэльваў. Леніны цягнуць бронзавыя рукі насупраць будынкаў РПЦ. Помнікі “выдатным чэкістам” тырчаць з зямлі побач з безыменнымі магіламі іхных ахвяр. Узьнікае пытаньне, чаму імпэрцы-“дэмакраты” усё ніяк ня могуць вызваліцца і вызваліць падуладных ім людзей ад навязьлівай эклектыкі? Ужо даўно б вызначыліся: з гэтага моманту будзем хадзіць у РПЦ, пакланяцца цару Міколку ІІ сьвятому-крываваму, прытрымлівацца паста і г.д. А сатану, якому пакланяліся столькі дзесяцігоддзяў, выкінем на сьметнік, з душы прэч. Але ж не, імпэрыя ня можа жыць без свайго сатаны. На Міколку сьвятым-крывавым далёка не заедзеш. Ды й клопатна, гэта ж колькі яшчэ ягоны вобраз раскручваць трэба. Ільіч раскручаны даўно. Нездарма савецкія мастакі чула называлі яго “кармільцам”. Намалюеш карцінку “Ленін в октябре” і пражыць на ганарар можна было з сям'ёй ня месяц, а значна больш. Лепш за ўсё было скульптарам. Ім належаў ганарар паводле танажу выкарыстанага матэр'ялу. І яны не эканомілі бронзу. Так яно было і з пашкоджаным Леніным з піцерскага вакзалу. На залапліваньне вялікай дзіркі ў ягонай філейнай частцы ўлады доўга не маглі знайсьці неабходнай колькасьці бронзы. Аж покуль не раскапалі недзе старыя гільзы ад артылерыйскіх снарадаў (пра гэта расказала тэлебачаньне). Мэтал з вялікай прымесьсю латуні арганічна ўліўся ў ленінскі зад і будзе зьзяць, як трэба.

Нагадаем, што помнік бальшавіцкаму ідалу насупраць Фінляндскага вакзалу стаіць на месцы, дзе пры Пятры І Шалёным (яшчэ адзін сьвяты “новай рускай дэмакратыі”) стаяла шыбеніца і забівалі людзей. Пастамэнт помніка выкананы ў форме стылізаванай вежы бранемашыны. У красавіку 1917 года менавіта на гэты вакзал прыбыў пламбаваны вагон са Швэцыі з групай бальшавіцкіх эмігрантаў начале з Леніным. Яны з дазволу Нямеччыны (якая тады знаходзілася ў стане вайны з Расеяй) праехалі з Швайцарыі праз Нямеччыну і далей праз Скандынавію ў Піцер. У мэмуарах удзельнікаў транзітнага пераезду ёсьць згадка пра тое, як Ільіч і іншыя трэсьліся перад выгрузкай у Піцеры. Яны былі амаль упэўненыя, што іх чакае канвой, які арыштуе іх як дзяржаўных злачынцаў, якія пайшлі на змову з ворагам. Але гэтым разам “пронесло”. Ім падкацілі бранявік, Ленін не разгубіўся, залез на яго і пачаў гукаць свае “красавіцкія тэзісы”.

Менскія камуністы таксама маглі б захацець помнік ідала каля Менскага вакзала. Ленін сапраўды аднойчы быў у Менску. Калі ён ехаў у швайцарскую эміграцыю ў 1905 годзе, то выйшаў на платформу на нашым вакзале, каб купіць піражкоў. Дык мог бы і “застыць” на сваім пастамэнце з кульком менскіх піражкоў каля вакзала. Толькі нашта камуністы тут не дадумаліся. Мо ўсё ж разумнейшыя за піцерскіх?

Валеры Буйвал