ЧАРГОВЫ ВЫБАРЧЫ ФАРС РЭЖЫМУ ПРАВАЛІЎСЯ. 75 АДСОТКАЎ ВЫБАРШЧЫКАЎ НЕ ПАЙШЛІ ГАЛАСАВАЦЬ

З усяе краіны ў Менск паступаюць зьвесткі пра вынікі рэжымнай кампаніі пад назовам “мясцовыя выбары”. Рэжым, як заўсёды, абвясьціў аптымістычную для сябе статыстыку па колькасьці выбарцаў, якія зарэгістраваліся і прынялі ўдзел у галасаваньні. Зарэгістраваныя назіральнікі, актывісты Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і многія тысячы грамадзянаў, аднак, сьведчаць, што статыстыка рэжыма фальшывая. Няма ніякіх 70% выбарцаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Не было такой вялікай колькасьці тых, хто прагаласаваў датэрмінова (паводле рэжыму, да 30-33%). Рэжым у чарговы раз зьдзейсьніў крымінальнае злачынства, сфальшаваўшы вынікі свайго электаральнага шоў.

Па ўсёй краіне прагаласавала ня больш за 25% выбарцаў. У Менску і шэрагу іншых гарадоў гэтыя адсоткі яшчэ меншыя. Што тычыцца папярэдняга галасаваньня, то выбарцы практычна не пайшлі на выбарчыя ўчасткі ў папярэднія дні. Традыцыйны адміністрацыйны загон залежных катэгорыяў насельніцтва (напрыклад, студэнтаў, што жывуць у інтэрнатах) практычна не паўплываў на вынікі мерапрыемства. У дзень галасаваньня 25 красавіка прыходзілі на выбарчыя ўчасткі ў асноўным пажылыя грамадзяне.

Адбыўся фактычны народны байкот. Мільёны беларусаў адвярнуліся ад рэжыма, які паспрабаваў яшчэ раз пакарыстацца народным даверам у сваёй крымінальнай справе — справе фальшаваньня выбарчага працэсу і ўзурпацыі дзяржаўнай улады ў краіне гэтым шляхам. Людзі даўно зразумелі, што няварта дапамагаць рэжыму ў ягонай фальшывай гульні “у дэмакратыю”. Людзі не пайшлі на “выбары”, дзе ўсё ўжо вырашана заранёў бонзамі рэжыму. Гэта вельмі важна, што выбаршчыкі ўжо ня йдуць галасаваць — робіцца першы крок да ізаляцыі антыбеларускага рэжыму.

У чарговы раз заўважана актыўнасьць псэўдаапазыцыі, якая заваблівала людзей на выбарчыя ўчасткі, кандыдавала і разьвешвала свае партрэты на рэжымных дошках. Нікога ўжо не зьдзіўляе фальшывая палітыка гэтай публікі. Дарэчы ніхто зь іх у сваіх камэнтарах “працэсу галасаваньня” ані словам не згадаў пра пустыя выбарчыя ўчасткі і фактычны байкот “выбараў”. Не згадалі пра гэта і так званыя “незалежныя” СМІ начале з Радыё Свабода. Людзі яшчэ раз убачылі гэтых асобаў і гэтыя структуры ў дзеяньні.

Цяпер будзе зьдзяйсьняцца працэс зьбіраньня, сістэматызацыі і аналізу інфармацыі пра крымінальную арганізацыю “выбараў” і крымінальную арганізацыю іх фальшывых вынікаў. Але ўжо ў гэты момант адназначна бачная карціна маштабнага падману і маніпуляцыі, у чарговы раз створаная антыбеларускім рэжымам.

Бальшыня беларусаў зрабіла свой маральны выбар — нельга ўдзельнічаць у электаральных фарсах рэжыму. Народны байкот дзейнічае як эфэктыўная зброя абароны супраць антынародных праектаў дыктатуры. Дэмакратычныя выбары адбудуцца ў нашай краіне толькі пасьля ліквідацыі гэтай дыктатуры і яе машыны фальсіфікацыі.

Байкот дыктатуры і яе фальшывым шоў! Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту

“Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

26 красавіка 2010 г.