РАНА РАДАВАЛІСЯ Ў ІМПЭРЫІ ЗЛА

Месяц травень распачаўся і працягнуў сваю хаду стракатымі дэманстрацыямі ў буйных гарадах імпэрыі і ў самой Маскве. Было, што праўда, параўнальна няшмат удзельнікаў гэтых шоў, затое вельмі шмат патрэтаў Сталіна, савецкай чырвані і імпэрскай настальгіі па былой магутнасьці. На 9 траўня імпэрыя выставіла свае галоўныя аргуманты — цемру танкаў, самалётаў, ракет. Імпэрскія аргуманты каталіся па Чырвонай плошчы і плошчах буйных гарадоў, наводзячы страх на нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цывілізаваны сьвет са зьдзіўленьнем глядзеў на гэты шабас. Расейскія “эліты” і расейскі охлас былі задаволеныя сабой.

Але як казаў Шцірліц, “что-то у ніх там не получілось...” Трыюмфальная мітусьня не засьціла сабой сапраўдныя падзеі ў імпэрыі і вакол яе. Крызіс сістэмы даў новыя шчыліны на фальшыва расфарбаваным імпэрскім фасадзе. 8-9 траўня ў самай вялікай (і як кажуць, самай сучаснай па тэхнічных парамэтрах) шахце Расеі “Распадская” прагрымелі выбухі і загінулі дзесяткі шахцераў і выратавальнікаў. Крэмль паспрабаваў не заўважыць чалавечую трагедыю і працягнуў свой фальшыва-пампезны “день победы”. Але сьвет заўважыў гэты “дзень маральнай паразы” лубянскага рэжыму. Заўважылі і зразумелі ўсё таксама сем'і і калегі ахвяраў катастрофы.

У шахцёрскім пасёлку “Распадскай” 14 траўня ўспыхнулі пратэстныя выступы. Народ перакрыў чыгунку Новакузнецк-Абакан і запатрабаваў ад ураду вырашэньня тэхнічных і сацыяльных праблемаў шахцёрскага рэгіёна. Людзей атакаваў ОМОН, мужчын, жанчын і дзяцей зьбівалі і гналі ад чыгункі. Зразумела, што людзі ўжо ня вераць салодкім абяцанкам нядаўняга візыцёра Пуціна ў свой шахцёрскі раён. Касталомам з ОМОНу лёгка ваяваць супраць мірных людзей. У той жа дзень 9 траўня каўказкія партызаны зьдзейсьнілі дзёрзкую атаку на аўтакалёну ОМОНа ў Дагестане. Трапнымі стрэламі яны падбілі галаўную і хваставую машыны і расстралялі калёну з кулямётаў і гранатамётаў. Расейская ваеншына-паліцэйшчына прызналася ў сямі сваіх забітых. А расейскае тэлебачаньне гэтым разам вымушана было паказаць кадры з разьбітай і спаленай тэхнікай.

Цяжкасьці (ды яшчэ якія!) пачаліся і ў Кыргызстане. Новы прамаскоўскі (бессаромна прамаскоўскі) “часовы ўрад” ня ведае што рабіць пасярод хвалі народнага гневу. Нібыта лёгкая перамога арганізаванага Масквой красавіцкага путча становіцца глыбокай ямай, куды Расея вымушана кідаць усё новыя сілы і сродкі.

Нахабныя і сутаргава пасьпешлівыя дзеяньні януковіцкай групоўкі па здачы сувэрэнітэту Украіны далі моцны штуршок украінскаму грамадзтву, якое пачало выходзіць з стану пасьлявыбарчай летаргіі. Ужо з канца красавіка ў шэрагу гарадоў Украіны адбыліся сходы грамадзкасьці, на якіх былі ўтвораны мясцовыя Камітэты паратунку Украіны. Ініцыятарамі народнага рушаньня сталі прадстаўнікі патрыятычнай інтэлігенцыі: пісьменьнікі, мастакі, гісторыкі, былыя вязьні савецкіх канцлягяроў. У пэўным сэнсе паўтараецца сытуацыя канца 1980-х гадоў, калі ў падсавецкіх рэспубліках менавіта інтэлігенцыя ўтварала народныя франты, а ва Украіне быў заснаваны Народны Рух. 10 траўня ў Кіеве прайшоў зьезд прадстаўнікоў Камітэтаў, якія заснавалі агульнанацыянальны Камітэт паратунку Украіны. Ідзе кансалідацыя нацыянальных сілаў грамадзтва, распачынаецца новы этап барацьбы за радзіму, супраць Імпэрыі і яе януковіцкай агентуры.

Рана радваліся сваім красавіцкім “посьпехам” крамлёўска-лубянскія імпэрыялісты. Народы ўжо не дазволяць ім беспакарана тварыць зло. Цёмнае шэсьце Крамля заходзіць у тупік.

Янка Базыль