ПОДЗЬВІГ СЯРГЕЯ КАВАЛЕНКІ

У іх (як яны ўпэўненыя) атрымліваецца рэалізацыя іхнага зьнішчальнага праекта: разгром беларускай школы, выцясьненьне беларускай мовы з грамадзкага і дзяржаўнага жыцьця, ліквідацыя беларускага бізнэсу, падпарадкаваньне ўсіх інстытуцыяў нашай Дзяржавы чужынскай Імпэрыі. Але пасярод фальшу, злачынстваў і цынізма, на фоне, здавалася б, назаўсёды змоўклага грамадзтва над нашай краінай уздымаецца наш Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. І адкрываецца ўсім марната сатанінскага трыюмфу, людзі атрымліваюць надзею, упэўненасьць у перамозе нашага народу над акупантамі.

Беларускі Сьцяг над беларускім Віцебскам узьняў Сяргей Каваленка, сябра Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Акупацыйная паліцэйшчына накінулася на патрыёта і зьбівала яго, калябаранцкая “фэміда” арганізавала фарсавы судовы працэс над ім, рэжымныя СМІ спрабавалі абылгаць яго і ягоны ўчынак. Усе намаганьні рэжымных структур былі накіраваныя на тое, каб застрашыць Сяргея Каваленку, паказаць на ягоным прыкладзе, “што будзе з тымі, хто не падпарадкоўваецца”. Але патрыёт-фронтавец не напалохаўся, не схіліў галаву перад ворагамі. Пры кожнай сустрэчы зь імі ён зноў і зноў уздымаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Нават падстаўны рэжымны суддзя, убачыўшы беларускі Сьцяг, схаваўся ў кулуарах антыбеларускага суда і яго не змаглі знайсьці. З усяе краіны пачуліся галасы маладых і старэйшых людзей, якія выказвалі сваю падтрымку Сяргею Каваленку і свой праклён памагатым антыбеларускага рэжыму. Паўсюль патрыёты вывешвалі беларускія Сьцягі.

Абвалілася злачынная спроба рэжыма расправіцца над нашым героем. Усе ўбачылі страх, які апаноўвае прадажнікаў і акупантаў ад акупацыйнай палітыкі, калі яны бачаць перад сабой наш сьвяты Сьцяг і нязломных, моцных духам беларусаў. Гэта ёсьць знак для ўсіх нас — не скарацца Злу, не баяцца яго, ісьці за такімі людзьмі, як Сяргей Каваленка. Гэта наша краіна, наша дарагая Беларусь, і мы абавязкава вызвалім яе ад акупанцкай навалачы.

У недалёкай будучыні адбудзецца сапраўдны працэс над тымі, хто перасьледуе беларускіх патрыётаў і зьнішчае нашы сьвятыні. Будуць адменены несправядлівыя прысуды і адноўлена справядлівасьць. Але гэтага немагчыма дасягнуць жывучы ў стане пасіўнага чаканьня. Гуртуймася пад нашым Сьцягам, мацуйма Беларускую Салідарнасьць!

Валеры Буйвал