МАРАЗМ У ШТУЧНАЙ ПСЭЎДАСТРУКТУРЫ

На пачатку гэта нагадвала нейкую навіну. Але, калі людзі ўважліва прыгледзеліся да падзеяў і ўдумаліся ў паведамленьні пра іх, то ўсе зразумелі — у наяўнасьці банальны факт банальнай зьявы. Усё, што было створана штучна, зьлеплена чужымі рукамі, усё гэта праз пэўны час даходзіць да маразму і ўступае ў фазу поўнага распаду.

23 чэрвеня Радыё Свабода паведаміла пра чарговы акт перадвыбарчых гульняў псэўдаапазыцыі. Шэраг “аўтарытэтаў” псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам чалавека ў галіфэ Янукевіча (Хадыка, Івашкевіч, Марачкін, Голубеў і многія рэгіянальныя прадстаўнікі іхнай структуры) заявілі, што ідуць у выбарчы штаб і каманду “кандыдата ў прэзыдэнты” Саннікава. У “кандыдата”, як вядома, няма сваёй партыі. Ён на працягу апошніх гадоў прэзэнтуецца ад сумна вядомай Хартыі-97, якая не зьяўляецца партыяй і ня мае сяброў, акрамя некалькіх штабнікоў, кшталту Бандарэнкі. Вось цяпер “аўтарытэты” з псэўда-БНФ і складуць неабходную масу для беспартыйнага Саннікава.

У прынцыпе, як быццам, так не бывае, такога ня можа быць у палітыцы. Псэўда-БНФ ня так даўно выставіў быў свайго ўласнага “кандыдата ў прэзыдэнты” — нікому не вядомага шклоўскага жыхара па прозьвішчу Кастусёў. І вось група сталічных і правінцыйных “аўтарытэтаў” гэтай структуры адкрыта пераходзіць у штаб іншага “кандыдата” і зьбіраецца працаваць на яго. Такое магчыма толькі пасьля выйсьця з партыі і здачы партыйных квіткоў.

Але падобна, што перабежчыкі і не зьбіраюцца выходзіць з псэўда-БНФ. А навошта? Хаос, фальш, круцельства з самага пачатку зьяўляюцца прыкметай існаваньня гэтай структуры пасьля яе адколу ад Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ў 1999 годзе. За гэтыя гады дзеячы псэўда-БНФ давялі сваю арганізацыю да ўпадку, людзі ад іх даўно разьбегліся. Але яны даволі пасьлядоўна выконвалі ролю фальсіфікатараў і выстаўлялі імя “Народнага Фронту” на публічнае пасьмешышча пад кіраўніцтвам тых, што стаялі і стаяць за іхнымі плячыма і сапраўды кіруюць гэтай арганізацыяй.

Многія людзі заблыталіся і прышлі да высновы, што Фронт, які прывёў Беларусь да незалежнасьці, канчаткова загінуў. Летась славные органы рэжыму і Масква прышлі да той жа высновы, вырашылі скінуць маскі і ў адкрытую паставіць на чале псэўда-БНФ сваіх маладых і бадзёрых, правераных кадраў. Вячорка і Баршчэўскі заявілі пра “рэйдэрскі захоп Фронту”, але з іхнага “Сойму” не сышлі, прызнаўшы тым самым легальнасьць гэтага “захопу”.

Што ж здарылася, чаму дзеячы пабеглі ад свайго “партыйнага кандыдата”? Інфармацыя і аналіз паказваюць, што А. Саннікаў зьяўляецца адзіным сур'ёзным “кандыдатам” ад Масквы (ён гэтага і не хавае). У многіх людзей складваецца ўражаньне, што і русіфікатарская кампанія “Говорі правду” таксама разгортваецца пад Саннікава і гэта раскрыецца крыху пазьней. У паветры запахла вялікімі грашыма, грашыма Масквы. Крэмль мяркуе пакарыстацца чарговай падстаўной фігуркай, якая будзе забясьпечваць “элегантную перамогу” Лукашэнку на будучым выбарчым фарсе. Аднак, абставіны зьмяніліся ў параўнаньні з папярэднімі электаральнымі шоў. Калі крызіс і правал рэжыму выклікае магутны народны пратэст і абсалютнае непрыняцьце Лукашэнкі, Масква гатовая падсунуць беларусам новую постаць, якая паабяцае вывесьці краіну з крызісу. Масква разьлічвае, што за “дэмакрата Саннікава” (калі трэба) людзі будуць галасаваць паводле формулы “Абы не Лукашэнка!”

Ведаючы гэта, фігуры з псэўда-БНФ і далучыліся да Саннікава. Далей мы будзем назіраць актывізацыю гэтага працэсу. Ня выключана, што і сам Янукевіч (кіраўнік) раптам заявіць, што “БНФ за Саннікава”. Чаму б і не? Мы за гады столькі неверагоднага наглядзеліся з гэтай публікай. Так бывае з палітычнай арганізацыяй, якая ня мае ідэалу, і з людзьмі, якіх не аб'ядноўвае ідэя. Хаця “ідэя” у іх была і ёсьць, яны самы пра гэта сказалі ў 1999 годзе. Іхная “ідэя” называецца “прагматызм у палітыцы” (прагучала нават словазлучэньне “палітычны бізнэс”). Вось цяпер інтарэсы прагматыкаў-бізнэсоўцаў дыктуюць ім неабходнасьць падтрымаць прамаскоўскага Саннікава. Яны гэта і робяць. Ім не адмовіш у пасьлядоўнасьці.

Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і ягоная народная партыя — КХП-БНФ — ня маюць ніякага дачыненьня да палітыканскіх манеўраў згаданых асобаў. Патрыёты пад кіраўніцтвам лідэра беларускага народу Зянона Пазьняка заклікаюць грамадзтва да байкоту выбарчага фарсу, які наладжвае антыбеларускі рэжым разам з прышпіленай да яго фальшывай “апазыцыяй”. Байкот Лукашэнку і ягоным псэўдаапазыцыйным марыянэткам!

Янка Базыль