ІГУМЕНСКІ ШЛЯХ. 2010
У гэтай вязьніцы каты НКВД трымалі вязьняў апошнюю ноч перад расстрэлам 26 чэрвеня 1941 г., пасьля таго, як прыгналі іх з менскай турмы. На наступны дзень расеййы пагналі калёну вязьняў па шашы ў бок Расеі і непадалёк ад Чэрвеня адкрылі агонь па людзях. Было забіта больш за паўтары тысячы людзей, толькі нямногія здолелі ўцячы і выратавацца. Злачынства маскоўскага захопніка наклалася на злачынства нямецкага захопніка нашай зямлі.
Фронтаўцы прайшлі шляхам беларускіх пакутнікаў пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, транспарантам “Ігумен. 26 чэрвеня 1941 года. Вечная памяць ахвярам расейскай акупацыі”. На магілах ахвяраў былі ўскладзены вянкі і кветкі, запалены сьвечкі. Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”. Перад грамадой выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП-БНФ, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі. Яны казалі пра палітыку генацыду, якую праводзілі маскоўскія акупанты на беларускай зямлі.
Наш народ ніколі ня выбачыць маскоўскім катам іхныя злачынствы. Масква і яе марыянэткавы рэжым у Беларусі ведаюць гэта і таму імкнуцца ўсімі фальшывымі сродкамі дэзарыентаваць людзей, прымусіць іх забыцца аб трагічнай мінуўшчыне і захапляцца новай сталіншчынай, якая ўздымаецца ў поўны рост у імпэрскай Расеі.
Акупанты вязьнілі, катавалі і забівалі нашых людзей за тое, што яны былі беларусамі. Вядома, што калі напярэдадні расстрэла ў двары Ігуменскай турмы зьвяругі НКВД праводзілі “сэлекцыю” тысячаў вязьняў на “палітычных” і “крымінальных”, то ў “палітычныя” (на расстрэл) адбіралі перш за ўсё тых, хто ўмеў размаўляць толькі па-беларуску. Сёньняшні прамаскоўскі рэжым у Беларусі ўслаўляе Сталіна і сталіншчыну, будуе ўсю сваю хлусьлівую прапаганду і палітыку на ўхваленьні савецкага ладу і бальшавіцкай ідэалогіі. Рэжым цягне нас у дзікую чалавеканенавісьніцкую саўдэпію.
Антыбеларускі рэжым хацеў бы растаптаць магілы нашых пакутнікаў і прымусіць нас забыцца пра іх. Але ня ўдасца! Беларусы будуць ушаноўваць памяць пра расстраляных. Мы будзем рабіць усё, каб жахі расейскай акупацыі не вярнуліся на нашую зямлю. Што ж трэба рабіць дзеля таго, каб гэта не паўтарылася? Трэба адвярнуцца ад рэжыму, ад ягоных маскоўскіх прыслужнікаў і халуёў: не абслугоўваць іх, не хадзіць на іхныя пампезныя парады, не хадзіць на іхныя фальшывыя “выбары”. Трэба зрабіць так, каб рэжым і прышпіленая да яго псэўдаапазыцыя самы гуляліся з сваім Сталіным, сваім КГБ і сваімі выбарчымі фарсамі. Зрабіць так, каб яны ўжо не маглі прыкрыць свае крымінальныя справы мільёнамі простых людзей — грамадзянаў Беларусі. Байкот рэжыму і ягоным фальшывым “выбарам”!
У грамадзе былі маладыя людзі (і нават падлеткі), якія ўпершыню пабылі на месцы Ігуменскай трагедыі. Моладзь разам з старэйшымі сьпявала патрыятычныя песьні і ваярскія гімны.
На прыканцы мерапрыемства грамада засьпявала духоўны гімн “Магутны Божа”.



Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 27 чэрвеня 2010 г.