РЭЖЫМ БАІЦЦА КНІГ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА

Мы ўжо паведамлялі, што 17 лістапада сёлета на беларуска-летувіскай мяжы “ворганамі” РБ былі канфіскаваны некалькі асобнікаў кніг аўтарства Зянона Пазьняка, прысьвечаныя сучасным падзеям беларускай гісторыі: “Цяжкі час” і “Дэпутаты незалежнасьці” (суаўтарства з С. Навумчыкам). Зянон Пазьняк пракамэнтаваў канфіскацыю ў СМІ: “Гэбісты будуць першымі чытачамі”. Як заўсёды, сказаў дакладна. Так яно і сталася.

25 лістапада выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Юры Беленькі патэлефанаваў на Смаргонскую мытню, дзе адбылася канфіскацыя. Справа ў тым, што ён і намесьнік старшыні Фронту і Партыі Сяргей Папкоў везьлі з Вільні гэтыя кнігі, падпісаныя аўтарам у падарунак. Сп. Беленькі пацікавіўся, чаму ім не вяртаюць падпісаныя для іх кнігі. Праз некалькі хвілінаў слухаўку ўзяў малады супрацоўнік і паведаміў, што па рашэньні начальства аддзела па барацьбе з кантрабандай кнігі былі перададзены ў КГБ на экспэртызу. “Што за экспэртыза?” — спытаў сп. Беленькі. “На прадмет наяўнасьці ў кнігах экстрэмісцкіх заклікаў. Экспэртыза працягнецца 20 дзён”. — адказаў службовец. Сп. Беленькі папрасіў прадставіцца яго і даведаўся, што размаўляў з інспэктарам аддзела па барацьбе з кантрабандай Дашчынскім Дзімітрыем Тадэвушавічам.

Такім чынам, экспэртызы, праведзенай інспэктарам Дашчынскім Д.Т. і ягоным смаргонскім начальствам аказалася недастаткова. Кнігі паслалі ў КГБ, будуць чытаць іх там на працягу трох тыдняў. Мяркуем, што паведамленьне пра “сэнсацыйнае затрыманьне” на мяжы і “вешчдокі” КГБ РБ паслаў у Маскву, да свайго сапраўднага вышэйшага кіраўніцтва. Там таксама будуць “чытаць” (пры дапамозе “экспэртаў-перакладчыкаў”). Кантора працуе, усе пры справе.

Беларусы, даведаўшыся пра арышт кніг Зянона Пазьняка 17 лістапада, павінны б былі зрабіць адну істотную выснову ў сьвятле цяперашніх падзеяў у краіне. Антыбеларускі рэжым не баіцца сваіх “спарынг-кандыдатаў”, якія заклікаюць насельніцтва ісьці на фальшывыя выбары і нават прызнаюцца, што на іх “пераможа” Лукашэнка. Рэжым і Масква (якая як кіравала так і кіруе гэтым рэжымам), баяцца асобы Зянона Пазьняка. Баяцца Народнага Байкоту, да якога заклікае Зянон Пазьняк і ягоныя аднадумцы. Рэжым баіцца творчасьці і кніг гэтага чалавека, бо ён кажа і піша праўду. Далейшы лёс кніг яшчэ раз пацьвярджае слушнасьць гэтай высновы.

Валеры Буйвал