ПАЛЯВАНЬНЕ ЗА БЕЛАРУСКІМІ ГАЛОВАМІ

У першыя дні сьнежня адбылася прыкметная падзея, якую яшчэ ня ўсе заўважылі, — замежная кампанія зьдзейсьніла захоп беларускага рынку працы.

Як і на любым рынку, на рынку працы існуе тавар – гэта праца работнікаў; існуюць прадаўцы – самы работнікі і, зразумела, пакупнікі – працадаўцы. Любому працадаўцу трэба распаўсюдзіць інфармацыю пра свой тавар, а кожнаму пакупніку трэба мець інфармацыю аб тым, што яму трэба. На працягу апошніх гадоў склалася так, што асноўным месцам абмену інфармацыі (сваеасаблівай “дошкай аб'яваў”) быў беларускі інфармацыйны партал TUT.by. Паводле ацэнак экспэртаў, на гэтым партале зьмяшчалася больш за 90% усіх аб'яваў, якія тычыліся рынку працы ў Беларусі. Рэсурс меў шэраг перавагаў, што былі істотнымі для такога спэцыфічнага рынку, як рынак працы: магчымасьць ананімнага разьмяшчэньня рэклямы, прастата ў пошуку, адвольная (па жаданьню прадаўца ці пакупніка) форма рэклямы і г.д.

І вось са сьнежня сёлета гэты рэсурс партала TUT.by раптам стаў належаць расейскай групе кампаній HeadHunter (у перакладзе з ангельскай – “Паляўнічы за галовамі”). Гэтая кампанія стала асноўным гульцом на беларускім рынку працы, але ня ў ролі дошкі аб'яваў (як рэсурс TUT.by), а ў амплуа агрэсіўнага і нахрапістага ўдзельніка. А адбылося вось што.

Адбылося перакройваньне самой сутнасьці рэсурса: цалкам зьмяніліся ўмовы разьмяшчэньня аб'яваў. Пакупнік (працадаўца) цяпер ня можа непасрэдна кантактаваць з прадаўцом (чалавекам, які шукае працу). Іхная сувязь цяпер адбываецца праз расейскую кампанію. Якім чынам? А вельмі проста: у сваёй аб'яве працадаўца ўжо ня можа падаваць свае кантактныя дадзеныя (як гэта было раней, калі любы чалавек мог непасрэдна зьвярнуцца да працадаўцы). Цяпер патэнцыйны прэтэндэнт мусіць запоўніць анкету, якую падсоўвае яму расейская кампанія HeadHunter. Тым самым расейская фірма зрабіла сябе манапольным зьвязуючым зьвяном і стварае тым самым (для сябе, для расейскай фірмы) самую вялікую базу дадзеных па працоўных рэсурсах у нашай краіне. Адваротнай сувязі паміж прадаўцом і пакупніком ужо зусім няма, а ўдзельнікі рыначных адносінаў ня могуць бачыць сапраўднай і поўнай сытуацыі з прапановай і попытам.

Кажучы простымі словамі: расейская кампанія стварае штучны дэфіцыт працоўнай сілы для беларускіх кампаній і ўтойвае сапраўдную інфармацыю пра вакансіі на нашым рынку працы для беларусаў, якія шукаюць працу. Асноўнымі кліентамі кампаніі HeadHunter зьяўляюцца расейскія фірмы. Як адзначаюць беларускія экспэрты, HeadHunter дзякуючы свайму стутусу манапольнага пасрэдніка можа перахопліваць і ўсмоктваць у чорную дзірку Расеі беларускія працоўныя рэсурсы. Ідэалагічную базу гэтаму бандытызму ў інтэрнэт-прасторы пабудаваў сярод іншых ідэёлаг расейскага імпэрыялізма А. Праханаў: “Само существование Белоруссии со здоровым населением, сохранившимся крестьянством, с чиновничеством, не погрязшим в коррупции, — это резерв, это огромный резерв для России, который в какой-то момент будет черпать оттуда не растленные, не израсходованные ресурсы, просто человеческие, людские, интеллектуальные ресурсы”. (Крыніца: http://echo.msk.ru/programs/personalno/715916-echo).

Усё гэта гучыць у стылі гітлерскага людажэрства, расістоўскай тэорыі і практыкі Розэнбэрга, пакта Молатава-Рыбэнтропа. Адным словам, расейскі фашызм ужо даўно не хавае свайго сапраўднага аблічча.

Трэба аддаць належнае вядучым беларускім кампаніям, якія адразу ж пасьля рэйдэрскага захопу, зьдзейсьненага расейскімі браткамі, адэкватна ацанілі пагрозу для ўсяго беларускага рынка працы. Беларусы ў першыя ж дні сьнежня склікалі вялікую супольную нараду нашых мэнэджэраў па пэрсаналу. На нараду запрасілі і прадстаўнікоў HeadHunter, аднак яны не зьявіліся. Мэтай нарады была выпрацоўка тактыкі і стратэгіі абароны ад расейскай навалы, пляну дзеяньняў, якія б дазволілі мінімізаваць страты, што нясуць беларусы ў выніку дзейнасьці кампаніі-агрэсара (беларусы адзінадушна пачалі менавіта так называць гэты HeadHunter). Быў выпрацаваны сьпіс мэдыйных кампаній, якія мусяць стаць той вялікай дошкай аб'яваў, якой раней быў беларускі рэсурс TUT.by.

Трэба зазначыць, што кіраўніцтва найбуйнейшай беларускай мэдыйнай кампаніі (па этычных меркаваньнях мы не называем яе) на паўдарозе разьвярнула свайго прадстаўніка, які ехаў на нараду. Мяркуем, што ў гэтай кампаніі пачулі грознае гуканьне расейскага агрэсара. Як кажуць у “Коза ностры”, “ім зрабілі прапанову, ад якой яны не маглі адмовіцца”. І гэты факт пацьвердзіў, што беларускі бізнэс і ўвесь наш працоўны народ сутыкнуліся з сур'ёзным выклікам мафіёзнай Расеі.

Усе гэтыя падзеі пацьвярджаюць яшчэ раз: пакуль у Беларусі існуе рэжым унутранай акупацыі, пакуль ва ўладзе знаходзіцца прамаскоўскі рэжым, наша краіна не стане заможнай і стабільнай. Аднак усё больш беларусаў разумеюць, адкуль сыходзіць небясьпека для нашага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця. Беларуская Салідарнасьць павінна быць нашым адказам на выклікі, якія кідаюць нам маскоўскія ворагі.

Вячаслаў Катовіч